
Беларусы стварылі анлайн-сэрвіс Plexiqa для вывучэння польскай мовы. Пакуль усе функцыі платформы бясплатныя, і там можна вучыць і паўтараць словы, граматыку і рыхтавацца да іспыту B1, піша CityDog.
«Зрабілі для сябе, дзелімся з вамі: трэніроўкі граматыкі і гатовых сэтаў слоў, адпрацоўка пробнага іспыту B1. Усё на адным сайце», — так аўтары праекта апісваюць свой сэрвіс.
Каб пачаць навучанне, карыстальніку трэба выбраць свой узровень мовы і тэмы, якія яму цікавыя. Пасля гэтага сэрвіс прапануе словы для перакладу і дапамагае праверыць веды.
Пасля рэгістрацыі ў карыстальніка з’яўляецца асабісты кабінет з планам на дзень. Там паказваюць, колькі слоў у чарзе на паўтарэнне, якія тэмы даступныя і які прагрэс ужо ёсць. Таксама даступныя розныя фарматы трэніровак: карткі, увод перакладу і хуткія заданні на час.
Асобны раздзел прысвечаны граматыцы: можна адпрацоўваць тэмы пра склоны і дзеясловы, адсочваючы свой прагрэс.
