Стартавалі продажы падручніка па беларускай мове ў бізнесе, які напісалі студэнты Варшаўскага ўніверсітэта

На кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта выйшаў новы падручнік «Беларуская мова ў бізнесе», разлічаны на ўзровень валодання мовай B2–C2.

Выданне з’явілася ў год 70-годдзя кафедры і адрасавана тым, хто мае намер весці справы, камунікаваць у дзелавым асяроддзі і ўпэўнена карыстацца эканамічнай тэрміналогіяй.

Дапаможнік ахоплівае дзесяць практычных тэм, сярод якіх: афіцыйна-справавы стыль, грошы, падаткі, заробак, банк, крэдыт, рэклама, бізнес-этыкет, дзелавая перапіска і віды дакументаў. Акрамя тэарэтычных моўных правіл і разбору складаных выпадкаў, кніга змяшчае практыкаванні для рэальных бізнес-сітуацый.

Ідэя праекта ўзнікла ў кастрычніку 2024 года як дыдактычны эксперымент выкладчыцы кафедры Вольгі Трацяк. На курс «Беларуская мова ў бізнесе» прыйшлі дарослыя студэнты з вышэйшай адукацыяй і прафесійным досведам, у тым ліку філолагі і журналісты. Таму звыклы фармат заняткаў выкладчыца вырашыла пераасэнсаваць.

— Беларуская мова ў гэтых людзей была на вельмі высокім узроўні. Я падумала, што такая група збіраецца нячаста, і прапанавала дыдактычны эксперымент: будзем не проста вывучаць беларускую мову ў бізнесе традыцыйным метадам, а створым падручнік. На той час мы яшчэ думалі пра дапаможнік. Прапанова была прынятая з вялікім энтузіязмам.

Студэнты магістратуры працавалі над кнігай па методыцы «перакуленага класа», выступаючы аўтарамі, рэдактарамі і рэцэнзентамі матэрыялаў. Аўтарамі падручніка выступілі Генрык Душыньскі-Карабаш, Станіслаў Раманчук, Вольга Хвоін, Дзяніс Шлыкаў, Вікторыя Яфімава. Выданне выпушчана пад рэдакцыяй Вольгі Трацяк.

 — Мы спадзяёмся, што гэта толькі пачатак: ёсць ідэі і для наступных тэм. Мы сабралі найбольш універсальныя тэмы эканамічнай лексікі, патрэбнай у бізнесе. Магчыма, пазней падручнік давядзецца пашырыць. Лічу, што ён можа быць запатрабаваны і ў Беларусі, і ў іншых краінах свету, дзе вывучаюць беларускую мову, — кажа Вольга Трацяк. 

Падручнік выпусціла выдавецтва Agencja Wydawnicza Ekopress пры падтрымцы Фонду дыдактычнай дасканаласці факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта і дзякуючы датацыям Міністэрства адукацыі Польшчы.

Кошт асобніка — 39 злотых. Замовіць можна праз электронную пошту кафедры беларусістыкі — kb.wls@uw.edu.pl.

Паведамляецца, што неўзабаве будзе выдадзены яшчэ адзін дапаможнік — «Беларуская мова ў палітыцы».

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *