
Беларусы Сяргей Гунь і Аляксандр Бабіч у Польшчы збіраюць драўляныя лазні з гатовых камплектаў. Нядаўна майстры апублікавалі ў Facebook відэа, у якім паказалі зборку адной з канструкцый усяго за 12 гадзін, піша MOST.
Самі лазні мужчыны не вырабляюць — яны мантуюць гатовыя камплекты ад беларускіх вытворцаў. Нягледзячы на тое, што дэталі прыходзяць практычна гатовымі, праца патрабуе сур’ёзных прафесійных навыкаў.
«Гэта як складаны LEGO. Без вопыту працы з дрэвам чалавек сам такое наўрад ці збярэ. Патрэбны спецыяльны інструмент і разуменне працэсу», — кажа Сяргей.
Зборка за 12 гадзін была эксперыментам на трывалась. У звычайным тэмпе гэты працэс займае каля двух дзён, але беларускія майстры вырашылі кінуць сабе выклік і працавалі практычна без перапынкаў, перарываючыся толькі на каву.
Самая папулярная мадэль у кліентаў — сучасная драўляная лазня закругленай формы з вялікім панарамным акном, парыльняй, зонай адпачынку і печчу (электрычнай або на дровах).

Заказчыкамі ў асноўным з’яўляюцца палякі, якія ўладкоўваюць зоны адпачынку каля сваіх загарадных дамоў па ўсёй краіне — ад невялікіх гарадоў да наваколля Варшавы і Гданьска. Як адзначаюць майстры, у Польшчы расце цікавасць да хатняга адпачынку, і лазня на ўчастку становіцца альтэрнатывай паездкам у спа-комплексы. За ўвесь час працы майстроў заказ ад кліента-беларуса на зборку лазні быў толькі адзін раз.
Цяпер у Сяргея і Аляксандра атрымліваецца рэалізаваць 3–4 заказы за месяц, а зімой попыт падаў да трох аб’ектаў за ўвесь сезон. Сама лазня без мантажу можа каштаваць 19 тысяч злотых, а кошт паслуг па зборцы пачынаецца ад 2 тысяч злотых і залежыць ад складанасці праекта.
Як адзначаюць майстры, праца на выездзе не заўсёды прадказальная. Напрыклад, адзін з кліентаў тры тыдні рыхтаваў пляцоўку пад лазню, пакуль дэталі ляжалі на вуліцы. Праз вільготнасць дошкі «пакруціла», і мантаж заняў значна больш часу.
«Напэўна, гэта і робіць працэс цікавым. Пастаянна з’яўляюцца нейкія новыя задачы, і хочацца рухацца далей».
