Ці заканчваецца «залатая эпоха» для беларускага бізнесу ў Польшчы?

Пасля выбуховага росту ў 2022 годзе, часткова пралангаванага дзякуючы IT-галіне ў 2023-м, у 2024-м дынаміка беларускага бізнесу на польскім рынку прыкметна запаволілася. Пасля заканчэння гэтага трохгоддзя па ўсіх прыкметах ён наблізіўся да столі, прынамсі, у сваім экстэнсіўным развіцці.

Пра гэта сведчаць вынікі даследавання журналіста Вадзіма Сеховіча, апублікаваныя ў яго Telegram-канале.

Вадзім Сеховіч

Журналіст і рэдактар аддзела эканомікі «Белорусской деловой газеты», саўладальнік выдання «Ежедневник» (EJ.BY).

Аўтар праекта топ-100 паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі і даследаванняў па гісторыі прыватнага бізнесу Беларусі ў XIX–XX стст.

Рост 2022–2024 гг. быў галоўным чынам справакаваны і стымуляваны знешнім фактарам: вайной ва Украіне. Яна і яе наступствы надалі новы імпульс першай хвалі рэлакацыі беларускага бізнесу, выкліканай падзеямі 2020–2021 гг., якая ўжо пачала сціхаць.

Што назіраецца пасля заканчэння «залатога трохгоддзя» (2022–2024 гг.)

  1. Рэлакацыя, якая стала адказам на абодва гэтыя выклікі (рэпрэсіі і вайну), як дэманструе статыстыка, фактычна завяршылася.
  2. У шэрагу сегментаў беларускі бізнес дасягнуў межаў росту на польскім рынку і вымушаны пераглядаць стратэгіі з-за канкурэнцыі, рэгулятарных абмежаванняў, кадравых праблем і г.д. І ўсё часцей у рамках пераацэнкі сваіх магчымасцей вымушаны прымаць рашэнні аб прыпыненні або нават ліквідацыі.
  3. Ліквідацыя часта становіцца адзіным адказам на заходнія санкцыі. Іх узмацненне з кожным годам усё больш адчувальна звужае рэсурсную і крэатыўную базу той часткі бізнесу, якая пабудавана на трансгранічным гандлі або адкрытых “шэрых” схемах.
  4. На Усходзе за гэты час падросла «жалезная заслона», за якой эканомікі Беларусі і Расіі перабудоўваюцца і таму ўсё менш адчуваюць патрэбу і ў заходніх рынках, і ў пасярэдніках на іх.
  5. Турбулентнасць у сусветнай эканоміцы, якой дадаў прыход да ўлады непрагназуемага Дональда Трампа, — праблема, якая не магла абысці бокам ніводзін бізнес.
  6. Доля рынку Польшчы, якая стала ў 2022–2024 гг. галоўным аб’ектам інтарэсу беларускага бізнесу (больш за 65% замежнай выручкі па-за межамі Расіі і ЕАЭС), скарачаецца (менш за 65%). Найбольш канкурэнтаздольная яго частка па слядах «польскага сантэхніка» перамяшчаецца на больш маржынальныя рынкі краін Заходняй Еўропы — у Германію, Бельгію, Нідэрланды і г.д. І гэта таксама адбіваецца на тэмпах росту і аб’ёмах выручкі беларускага бізнесу ў Польшчы.

Як расла колькасць новых бізнесаў у 2022–2024 гг.

З 2022 года запавольваўся прырост новазарэгістраваных кампаній з беларускім капіталам у Польшчы.

Колькасць зарэгістраваных у Польшчы кампаній з беларускім капіталам на пачатак 2022–2026 гг. (колькасць новых юрыдычных асоб, якія з’явіліся на працягу кожнага справаздачнага года), паводле даных Centralny Ośrodek Informacji Gospodarczej:

  • студзень 2022 г. — каля 3 500 (1 501);
  • студзень 2023 г. — 4 980 (1 418);
  • студзень 2024 г. — 6 491 (1 221);
  • студзень 2025 г. — 7 530 (873);
  • студзень 2026 г. — 7 093 (-).

Як бачна з прыведзенай статыстыкі, колькасць новазарэгістраваных кампаній з беларускім капіталам скарацілася ў адносінах да папярэдняга года ўжо ў 2023 г. — прыкладна на 80 юрыдычных асоб. За 2024-ты інвестараў-навічкоў стала менш ужо больш чым на 200 бізнесаў.

І ўпершыню тады звярнуў на сябе ўвагу нарастальны тэмп ліквідацый ужо дзеючых бізнесаў. Ён яшчэ больш выразна праявіцца ў 2025-м. Менавіта ў мінулым годзе ўпершыню колькасць ліквідаваных бізнесаў перавысіла колькасць рэгістрацый новых.

Як мянялася сукупная выручка беларускіх бізнесаў у Польшчы

Кампаніі, якія масава з’яўляліся ў 2022–2023 гг., у 2024-м не змаглі або не паспелі падтрымаць ранейшыя рэкордныя прыросты сукупнай выручкі беларускага бізнесу ў Польшчы.

Сукупны аб’ём выручкі кампаній з беларускім капіталам у 2022–2024 гг., паводле ўласнай ацэнкі на падставе фінансавых даных дзеючых кампаній і тых, што далі справаздачу:

  • 2022 г. — 16,6 млрд злотых (3,53 млрд еўра);
  • 2023 г. — 18,9 млрд (4,20 млрд);
  • 2024 г. — 19,9 млрд (4,63 млрд).

Паводле падлікаў ТГ-канала Вадзіма Сеховіча, у 2022-м у адносінах да папярэдняга года прырост продажаў склаў амаль 45%. У 2023-м ён хоць і запаволіўся, але таксама заставаўся дастаткова значным — плюс 12,2%. Але ў 2024-м прырост ледзь дасягнуў 5%.

Як развіваўся беларускі бізнес у ключавых сегментах

Пра непрыемныя тэндэнцыі для беларускага бізнесу ў Польшчы сведчыць прасяданне ў 2024 годзе найбуйнейшага па долі ў яго сукупнай выручцы гандлёвага сектара.

На гандлі ў першую чаргу адбіўся санкцыйны ціск. Санкцыі паўплывалі на паказчыкі буйных і сярэдніх аптовых кампаній, якія гандлююць палівам, угнаеннямі, драўнінай, металапрадукцыяй. Шэраг бізнесаў, занятых у іх трафіку, трапілі ў польскі санкцыйны спіс. Некаторыя пакуль не здолелі знайсці новыя крыніцы, каналы або альтэрнатыўныя прадукты.

Напрыклад, вугальны трэйдар Polcarbotrans яшчэ ў 2022 годзе ўваходзіў у ТОП-10, але ў 2024 годзе з 8-кратным падзеннем выручкі з цяжкасцю ўтрымаўся ў другой пяцідзясятцы найбуйнейшых беларускіх бізнесаў у Польшчы. З-за закрытых межаў істотна скарацілі маштабы дзейнасці прыгранічныя маркетплэйсы, абароты якіх даходзілі да мільярда злотых за год.

З гандлем было б зусім дрэнна, калі б не аўтадылеры. 2024 год стаў годам іх росквіту. Але з-за ўзмацнення тых жа санкцыйных абмежаванняў з 2024 года пачаўся заняпад і гэтага кірунку.

IT-сектар, які ў 2023-м быў галоўным драйверам беларускага бізнесу на польскім рынку, у 2024-м страціў гэты статус. Галіна крыху прырасла, але фактычна ўвайшла ў стадыю стагнацыі.

Будаўніча-дэвелаперская галіна відавочна стагнавала. Яе лідар Sahaty страціў, напрыклад, амаль дзесяць пазіцый у ТОП-100.

Драйверам у 2024 годзе, як гэта было і ў 2022-м, стала транспартна-лагістычная галіна. Прырост да 2023 г. склаў звыш 7%. Яна яшчэ больш павялічыла адрыў па долі ў сукупнай выручцы ад IT і ўтрымлівае другое месца пасля гандлю. У 2025 г. на яе паказчыках адаб’ецца адкладзены фактар — забарона на дзейнасць для маладых беларускіх кампаній (якія створаныя пасля красавіка 2022 г.). Але страты не павінны быць істотнымі.

Прыросты ў вытворчасці і сектары паслуг, у якім можна аб’яднаць ўсе, за выключэннем IT, транспарту і будаўніцтва, падгаліны B2B- і В2С-паслуг, склалі адпаведна плюс 49% і больш чым у 2 разы. Але па сваіх маштабах гэтыя два напрамкі пакуль не аказваюць значнага ўплыву на сукупныя аб’ёмы белбізнесу ў Польшчы.

Аб’ём выручкі беларускага бізнесу ў асноўных сегментах у 2022–2024 гг., паводле ўласнай ацэнкі журналіста на падставе фінансавых даных дзеючых кампаній і тых, што далі справаздачу:

гандаль
2022 г. — 6,8 млрд злотых;
2023 г. — 7,5 млрд;
2024 г. — 7,0 млрд.

транспарт і лагістыка
2022 г. — 4,4 млрд;
2023 г. — 5,0 млрд;
2024 г. — 5,4 млрд.

IT
2022 г. — 3,5 млрд;
2023 г. — 4,4 млрд;
2024 г. — 4,5 млрд.

Будаўніцтва і дэвелапмент
2022 г. — 0,7 млрд;
2023 г. — 0,8 млрд;
2024 г. — 0,85 млрд.

Паслугі (за выкл. трансп., IT і будаўніцтва)
2022 г. — 0,25 млрд;
2023 г. — 0,4 млрд;
2024 г. — 0,85 млрд.

Вытворчасць
2022 г. — 0,45 млрд;
2023 г. — 0,5 млрд;
2024 г. — 0,8 млрд.

Іншае (лізінг, e-commerce і г.д.)
2022 г. — 0,2 млрд;
2023 г. — 0,3 млрд;
2024 г. — 0,5 млрд.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *