«Лепш заплаціць $100 за сэрвіс, а не вайбкодзіць свой». Мікіта Мікада расказаў пра стратэгію выжывання ў эпоху ШІ

Сусветны рынак B2B SaaS перажывае моцную турбулентнасць праз развіццё інструментаў ШІ, якую многія называюць «апакаліпсісам». І ў час, калі падаюць акцыі тэхналагічных SaaS-гігантаў, заснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада працягвае захоўваць спакой — пра гэта ён расказаў у інтэрв’ю прадпрымальніку і інвестару Оскару Хартману.
— Я не веру, што штучны інтэлект можа забіць наш бізнес найбліжэйшым часам. Мы не база даных, не візуалізацыя даных, якія сапраўды цяпер трапляюць «пад сякеру» ШІ.

Пры гэтым Мікіта Мікада прызнае сур’ёзнасць сітуацыі — развіццё ШІ сапраўды мяняе ландшафт сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння:
— Велізарную колькасць SaaS-кампаній сапраўды можа змыць з твару зямлі. І з аднаго боку, гэта рызыка, а з другога — поле магчымасцей. Мяне гэтая сітуацыя штурхае да таго, каб пайсці на гэтае поле і паглядзець, што за трава там расце. Я атрымліваю энергію і матывацыю, каб з гэтым разабрацца.
Заснавальнік PandaDoc не лічыць, што ў найбліжэйшыя некалькі гадоў вайбкодынг заменіць SaaS-прадукты, бо падтрымка самапісных рашэнняў можа абысціся даражэй за падпіску:
— Не веру, што ўвесь B2B SaaS атрымаецца завайбкодзіць у найбліжэйшыя 5 гадоў. Так, увесь рынак перажывае нервовы час. Сапраўды, хтосьці зробіць для сябе сэрвіс электроннага подпісу або напіша сваю CRM. Але потым гэтыя сэрвісы трэба будзе падтрымліваць, потым штосьці з гэтага ўзламаюць, нешта з гэтага ляжа. І паступова рынак будзе вяртацца да таго, што лепш выкарыстоўваць рашэнне за 100 баксаў на месяц, чым выдаткоўваць некалькі дзясяткаў тысяч на падтрымку і распрацоўку.

А ў тым, што дзякуючы ШІ зніжаецца кошт распрацоўкі праграмнага забеспячэння, Мікіта Мікада бачыць плюсы і для сваёй кампаніі:
— Бо распрацоўка і для нас таксама моцна падае ў цане. І мы можам штосьці ствараць, можам развіваць прадукт у шырыню, у глыбіню. А паколькі ў нашага прадукту ёсць больш за 60 тысяч кліентаў і мы маем дыстрыб’юцыю, то мяркую, што мы яшчэ пакуль паплаваем. Як інавацыйная кампанія мы цягам 5 гадоў прыдумаем тое, што зробіць прадукт настолькі лепшым, што ствараць аналаг праз ШІ не будзе мець ніякага сэнсу. У нас велізарная колькасць усякіх інавацый і праектаў.
Беларускі ІТ-прадпрымальнік адзначыў, што цяпер рэсурсы ў PandaDoc пераразмяркоўваюцца так, каб не марнаваць іх на тыя часткі прадукту, якія, хутчэй за ўсё, будуць замененыя LLM-мадэлямі.
— Ёсць сферы, у якіх ШІ на нас ніяк не паўплывае. І калі просты электронны подпіс сапраўды можна завайбкодзіць, то, напрыклад, складанай аўтэнтыфікацыяй ШІ займацца не будзе.

PandaDoc — ІТ-кампанія са штаб-кватэрай у Каліфорніі. Стварае прадукт, які дапамагае аўтаматызаваць дакументаабарот і кіраваць дакументамі. Сэрвіс заснаваны беларусамі Сяргеем Барысюком і Мікітам Мікада ў 2011 годзе.