«Калі экспертка не выступае публічна, то, магчыма, справа не ў дэфіцыце смеласці». Тры прычыны, якія замінаюць жанчынам выйсці ў паблік

Жанчыны складаюць 46% спікераў, калі СМІ паказваюць «голас чалавека з вуліцы», але толькі 23% — калі патрэбна меркаванне прызнанага эксперта, гаворыцца ў даследаванні Global Media Monitoring Project 2025, якое вывучае гендарную роўнасць і рэпрэзентацыю жанчын у сродках масавай інфармацыі.
Прычына — не ў адсутнасці кваліфікаваных спецыялістак на кіраўнічых пасадах. Трэнерка па дзелавой камунікацыі і публічных выступах Валянціна Чэкан тлумачыць, чаму дасведчаныя жанчыны-лідаркі гадамі пазбягаюць сцэны і чаму справа зусім не ў дэфіцыце смеласці.

— Кейс гэтага тыдня: дзве жанчыны з майго асяроддзя. Абедзве — на сур’ёзных пазіцыях у карпарацыях, з сапраўднай, гадамі напрацаванай экспертызай. І абедзве ніколі не выступалі публічна: ані профільных канферэнцый, ані варкшопаў, мітапаў ці дыскусій, ані TEDx, ані падкастаў.
Супадзенне? Не думаю. Цяпер рыхтую матэрыялы да адукацыйнай праграмы для жанчын-экспертак, і тая ж карціна паўтараецца раз за разам у самых розных людзей і ў цалкам розных сферах. Калі абагульніць, я бачу тры прычыны:
1. Шмат хто не можа назваць сваю экспертызу, бо яна стала занадта звыклай
Калі нешта робіш гадамі, яно перастае адчувацца як экспертыза. Здаецца, што гэта проста твая праца, а не тое, пра што варта казаць прылюдна са сцэны.

2. Адчуванне сябе маленькай дзяўчынкай побач з «сапраўднымі экспертамі»
Нават калі табе 40+ і за плячыма больш за 15 гадоў практыкі. Нібыта дзесьці ў пакоі ёсць дарослыя, а ты ўсё яшчэ стажорка, якую вось-вось выкрыюць.
3. Справа не заўсёды ў страху, часта — у сэнсе
Колькі разоў я чула: «Не хачу быць яшчэ адной гаваркой галавой, калі мне няма чаго сказаць новага!» Дзе гэтая мяжа паміж баязлівасцю і высокай планкай?!

Як трэнерка па выступах я лічу, што ўсе тры пункты трымаюцца на адным і тым жа: пакуль экспертыза не названа, яна не адчуваецца сапраўднай. А сказаць «новае» немагчыма, бо незразумела, з якой пазіцыі гаворыш.
Назваць сваю экспертызу — гэта рамяство, і гэтаму вучаць гэтак жа, як структуры прамовы або працы з голасам. Таму калі вы і ёсць тая самая жанчына з сур’ёзнай кар’ерай, якая пакуль не выходзіла ў паблік, то, магчыма, справа не ў дэфіцыце смеласці. Справа ў тым, што гэтую працу — назваць і запакаваць — вы яшчэ проста не рабілі.
Хочаце падзяліцца сваім экспертным меркаваннем? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.