«Чым мацнейшы вецер, тым важней ведаць, куды плысці». Аляксандр Панькоў прапануе бізнесу адрозніваць гнуткасць ад адсутнасці стратэгіі

Фота: linkedin.com/in/alexandrpankou

Ці патрэбна бізнесу доўгатэрміновае планаванне ў турбулентным свеце? Ці дзеля выжывання ў новай рэальнасці кампаніям неабходная татальная гнуткасць? Сваімі думкамі пра гэта падзяліўся ў LinkedIn Аляксандр Панькоў, сузаснавальнік кампаніі A.maze.S, кансультант і эксперт па стратэгічным кіраванні.

— Модны тэзіс апошніх некалькіх гадоў: свет змяняецца настолькі хутка, што доўгатэрміновая стратэгія — гэта анахранізм. Планаваць на тры гады бессэнсоўна, калі за тры месяцы можа цалкам змяніцца рынак. Патрэбная гнуткасць, а не план.

Аляксандр піша, што згодны з першай паловай гэтага тэзіса — свет сапраўды паскараецца. Аднак выснову, якую робяць многія кіраўнікі, ён лічыць прынцыпова памылковай.

Фота: linkedin.com/in/alexandrpankou

Калі хуткасць змен расце, а ў кампаніі няма выразнага адказу на пытанне, у чым менавіта яна мацнейшая за канкурэнтаў і якую гульню наогул вядзе, хуткасць не ратуе, а толькі памнажае хаос:

— Кампанія без стратэгіі ва ўмовах няпэўнасці не становіцца гнуткай. Яна становіцца рэактыўнай: хапаецца за кожную новую магчымасць і за кожны трэнд, бо нішто не падказвае, што варта прапусціць. Такія кампаніі марнуюць увесь час на няспыннае гашэнне пажараў.

Як ілюстрацыю эксперт прыводзіць прыклад бізнесу, які за паўтара года тройчы змяніў фокус, спрабуючы бегчы за рынкам. Спачатку каманда скіравалася ў новы сегмент пад уплывам узніклага попыту. Праз паўгода пераключылася на іншы напрамак дзеля запытаў буйнога кліента. Затым адкрыла трэці — толькі таму, што туды першым зайшоў канкурэнт.

Фота: linkedin.com/in/alexandrpankou

Кожнае з гэтых рашэнняў паасобку выглядала лагічнай рэакцыяй на зменлівую кан’юнктуру. Аднак бізнес так і не здабыў устойлівай перавагі ў ніводным з кірункаў. Рэсурсы бесперапынна перакідваліся на новыя задачы і не паспявалі даць назапашвальнага эфекту, а самі рашэнні прымаліся сітуацыйна — без адказу на базавае пытанне: «А навошта?»

Аляксандр Панькоў звяртае ўвагу, што гнуткасць і адсутнасць стратэгіі нельга блытаць:

— Гнуткасць — гэта здольнасць хутка мяняць тактыку, не губляючы кірунку. А кірунак дае стратэгія. Без яе кампанія не гнуткая — яна распыленая. І кожная яе рэакцыя на змены рынку каштуе даражэй, чым магла б, бо пачынаецца з нуля. Няпэўнасць не здымае пытання «дзе мы мацнейшыя за іншых і чаму». Наадварот, без адказу гэтае пытанне абыходзіцца ўсё даражэй, бо кошт памылкі ў хутказменлівым асяроддзі вышэйшы. Вы проста не паспееце спакойна скарэктаваць курс, як раней.

Кампаніі, якія сёння дэманструюць адаптыўнасць, не прамянялі стратэгію на імправізацыю, падкрэслівае эксперт. Гэта гульцы, чыя стратэгія дакладна вызначае вектар і сэнс развіцця, а кампетэнцыі дазваляюць кіраваць рызыкамі і прымаць рашэнні ў нестабільным свеце.

Аляксандр адзначае, што распрацоўка стратэгіі сёння — гэта не складанне плана на пяць гадоў наперад з лічбамі, якія састарэюць праз квартал. Гаворка пра тое, каб бізнес меў устойлівае ядро: свой рынак, свайго кліента і сваю перавагу. Вакол гэтага ядра можна гнутка манеўраваць тактыкай, не губляючы цэласнасці кампаніі штораз, як змяняецца вецер.

— Калі ваша кампанія за апошні год-два больш рэагуе на рынак, чым кіруецца ўласнай логікай, магчыма, справа не ў тым, што свет стаў занадта хуткім для планавання, — падсумоўвае эксперт па стратэгічным кіраванні.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *