Алкаголь, ІТ і паслугі: хто ўвайшоў у топ-25 беларускіх бізнесаў у Эстоніі

Сукупны абарот, які згенеравалі беларускія бізнесы ў Эстоніі, у 2025 годзе склаў каля €180 млн. Лідарам стаў алкатрэйдар Elspirits, больш за 2/3 кампаній са 150 найбуйнейшых — гэта дыстрыб’ютары і ІТ-бізнесы, падлічыў эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч.
За 2025 год колькасць беларускіх бізнесаў у Эстоніі з гадавым абаротам звыш €100 тысяч вырасла са 142 да 150. Сукупны абарот таксама крыху павялічыўся — з €169,8 млн у 2024-м да €172,7 млн.

На першым месцы і па колькасці кампаній (52), і па долі ў агульнай суме — гандляры. У топ-5 — чатыры такія кампаніі, якія займаюцца дыстрыбуцыяй алкаголю, нафтапрадуктаў, лабараторнай тэхнікі і прадуктаў харчавання.
Недалёка ад гандляроў — прадстаўнікі ІТ-сектара: 46 кампаній са 150. Кідаецца ў вочы, што бізнесаў з «гучнымі» брэндамі ў Эстоніі не так і шмат. Пераважна гэта прадстаўнічыя офісы, а таксама стартапы, бо Эстонія славіцца сваёй экасістэмай для іх вырошчвання.
22 бізнесы прадстаўляюць сектар паслуг, 17 — транспартна-лагістычную галіну, 7 — будаўніцтва і 6 — вытворчасць.
А вось такім чынам выглядае ўклад прадстаўнікоў найважнейшых сегментаў у агульную суму абароту ў 2025 годзе:
- Гандаль — €82,1 млн (у 2024 годзе — €86,1 млн)
- ІТ — €36,5 млн (€33,1 млн)
- Паслугі — €34,2 млн (€28,2 млн)
- Транспарт і лагістыка — €12,5 млн (€15,3 млн)
- Вытворчасць — €4,5 млн (€4,0 млн)
- Будаўніцтва і дэвелапмент — €2,8 млн (€3,1 млн)
Аб’ёмы ў гандлі, транспарце і будаўніцтве падалі, у ІТ, паслугах і вытворчасці — раслі.
Хто ў лідарах?
Першыя тры месцы па выніках 2025 года занялі глабальныя гульцы з прыкметнымі пазіцыямі ў сваіх нішах.
1. Elspirits (кампанія заснаваная ў 2022 годзе) — бізнес належыць Вадзіму Якушаву. Кампанія займаецца дыстрыбуцыяй моцнага алкаголю, французскіх і італьянскіх вінаў, крафтавага піва, безалкагольных напояў, сокаў і некаторых FMCG-тавараў. Ключавымі рынкамі ў 2025 годзе былі Расія, Беларусь, ААЭ, Сербія і Кіпр. У бізнесмена ёсць даччыныя кампаніі ў Польшчы і Германіі.

2. Baltia Trading Company (створаная ў 2017 годзе) — гэтая структура з’яўляецца часткай Групы кампаній Е100 Уладзіміра і Максіма Стаецкіх (галаўны офіс — у Польшчы) і адказвае за распрацоўку і ўкараненне працэсінгу паліўных карт, білінгавых і CRM-сістэм і мабільных дадаткаў.

3. Petrohim International Carriers (заснавана ў 2020 годзе) — кампанія ўваходзіць у аднайменны панбалтыйскі нафтатрэйдарскі бізнес, які шмат гадоў развівае ў Латвіі, Літве і Эстоніі Яўген Бароўскі. Цяпер кіраванне групай знаходзіцца ў Вільнюсе.

Увесь топ-25 найбуйнейшых беларускіх бізнесаў у Эстоніі выглядае так:
| № | Кампанія | Горад | Сектар | Абарот у 2025 г. (млн еўра) | Абарот у 2024 г. (млн еўра) |
|---|---|---|---|---|---|
| 1 | Elspirits | Талін | гандаль | 23,4 | 32,2 |
| 2 | Baltia Trading Company | Талін | паслугі | 22,0 | 15,6 |
| 3 | Petrohim International Carriers | Талін | гандаль | 9,7 | 4,2 |
| 4 | MN Laboratooritehnik | Талін | гандаль | 5,6 | 2,6 |
| 5 | Polybuild | Талін | гандаль | 5,3 | 0,3 |
| 6 | Elain Medical | Талін | гандаль | 4,8 | 4,7 |
| 7 | Boyar | Талін | транспарт і лагістыка | 4,2 | 2,6 |
| 8 | ArtApps | Талін | IT | 3,7 | 1,2 |
| 9 | FarbaHouse | Талін | гандаль | 3,6 | 3,1 |
| 10 | Elbax | Талін | IT | 3,5 | 3,0 |
| 11 | TrafficLeader | Талін | IT | 2,9 | 1,8 |
| 12 | Grossventes | Талін | гандаль | 2,9 | 0,3 |
| 13 | Stockmann Baltic | Талін | гандаль | 2,6 | 3,7 |
| 14 | WiseApps | Талін | IT | 2,4 | — |
| 15 | Ultra Stellar | Талін | IT | 2,2 | 2,2 |
| 16 | Vondel Marketing | Талін | паслугі | 2,0 | 2,3 |
| 17 | Bamboo Group | Талін | IT | 1,9 | 2,5 |
| 18 | One Management | Талін | гандаль | 1,9 | 1,8 |
| 19 | Escomest | Талін | транспарт і лагістыка | 1,9 | 1,3 |
| 20 | HQSystems | Талін | IT | 1,8 | 2,0 |
| 21 | PMTech Engineering | Талін | вытворчасць | 1,8 | 1,7 |
| 22 | EstBelCom | Талін | гандаль | 1,7 | 0,2 |
| 23 | Adoris Invest Group | Талін | гандаль | 1,7 | 2,4 |
| 24 | LightApps | Талін | IT | 1,6 | 1,6 |
| 25 | T&L Group | Талін | гандаль | 1,6 | 1,8 |