«Здавалася, што гэта нейкая несапраўдная праца». Беларуска кінула ІТ, каб дапамагаць жывёлам спраўляцца з трывогай

Марына Ліпень працавала праект-менеджаркай у IT, але пасля прафесійнага выгарання змяніла сферу дзейнасці. Цяпер яна дапамагае сабакам і коткам пераадольваць трывогу, агрэсію і іншыя праблемы з паводзінамі.
Пра тое, як праца з жывёламі стала для беларускі асноўнай крыніцай даходу ў Польшчы, расказвае MOST.

Марына з дзяцінства любіла жывёл, але доўга не наважвалася зрабіць гэта сваёй прафесіяй.
— Мне чамусьці здавалася, што гэта нейкая несапраўдная праца, — успамінае яна.
Замест працы з жывёламі беларуска пабудавала кар’еру ў IT. Удзельнічала ў распрацоўцы праектаў, працавала разам з мастакамі і праграмістамі, кіравала камандамі. Праца была звязана з высокімі рызыкамі і пастаяннай нявызначанасцю.
З часам гэта прывяло да выгарання, а сітуацыю пагоршыла эміграцыя. У 2022 годзе Марына разам з мужам і трыма жывёламі пераехала з Беларусі ў Чарнагорыю, а пазней — у Польшчу.

Перажыўшы праз пераезд дэпрэсіўны эпізод, яна задумалася пра змену прафесіі. У Чарнагорыі Марына пазнаёмілася са спецыялісткай, якая больш за дзесяць гадоў працавала з паводзінамі сабак. Беларуска пайшла на кіналагічныя курсы, пачала разбіраць складаныя выпадкі з практыкі і неўзабаве атрымала першых кліентаў.
— Пачала працаваць з сабакамі і зразумела, што мяне гэта вельмі моцна напаўняе. Хацелася не проста працаваць і зарабляць грошы, а рабіць тое, што мне сапраўды падабаецца.
У Польшчы Марына працягнула адукацыю: вывучала біхевіярыстыку і навучанне жывёл у паліцэальнай школе ў Глівіцах.
Цяпер яна жыве ў Познані, кансультуе анлайн і вочна, праводзіць трэніроўкі. Першасная кансультацыя доўжыцца да дзвюх гадзін і каштуе 250 злотых, наступныя — па 200 злотых. Зараз у яе шэсць пастаянных сабак, у тым ліку шчанюкі.
Анлайн-фармат дазваляе працаваць з кліентамі з Беларусі, Польшчы, Чарнагорыі і Расіі. Большасць з іх — рускамоўныя. З польскамоўнымі кліентамі Марына пакуль супрацоўнічае рэдка. Для складаных кансультацый ёй не заўсёды хапае ўпэўненага валодання мовай.

Дадаткова яна зарабляе на догсітынгу — даглядзе сабак, у тым ліку бярэ на часовае ўтрыманне жывёл са складанымі паводзінамі.
Сярод самых частых запытаў кліентаў — агрэсія да людзей і іншых сабак, павышаная трывожнасць, ахова рэсурсаў і сепарацыйная трывога, калі жывёла адчувае моцны стрэс без гаспадара.
Марына выкарыстоўвае гуманны падыход і адмаўляецца ад метадаў, заснаваных на болі і страху:
— Вядома, гэта можа працаваць. Але пытанне ў тым, якія стасункі мы хочам пабудаваць са сваім гадаванцам.
У некаторых выпадках карэкцыя паводзін без лекаў праходзіць вельмі складана — жывёлам могуць спатрэбіцца нават антыдэпрэсанты. Сама Марына прэпараты не прызначае, а накіроўвае ўладальнікаў да ветэрынара.
Значная частка яе дзейнасці — гэта зносіны не з жывёламі, а з іх гаспадарамі. Беларуска тлумачыць людзям прычыны паводзін гадаванцаў і вучыць самастойна спраўляцца з праблемамі.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.