Беларусы сталі менш купляць беларускіх кніг? Выдавецтва апублікавала сумную статыстыку

Фота: facebook.com/januskevic.books

Выдавецтва «Янушкевіч» падзялілася вынікамі працы за першае паўгоддзе 2026 года: у гэты час кампанія спрабавала змяніць стратэгію і зрабіць стаўку на «жорсткую рацыяналізацыю» выдаткаў, захаванне чытацкай аўдыторыі і рэалізацыю раней выдадзеных кніг.

Ніводная беларуская навінка не выстраліла заўважным поспехам

Каб назапасіць сродкі на новыя праекты, выдавецтва мінімізавала выпуск навінак — за паўгоддзе выйшлі ўсяго тры кнігі, з якіх дзве — без уласнага фінансавага ўдзелу. Выдавецтва вырашыла абаперціся на продаж кніг іншых беларускіх выдавецтваў праз уласную інтэрнэт-краму Knihauka.com, стацыянарную краму ў Варшаве і акаўнты на маркетплэйсах Allegro, Empik і Amazon.

Фота: facebook.com/januskevic.books

Але аказалася, што «новая стратэгія дзейнічае з розным поспехам»: продажы новых выданняў былі слабымі ва ўсіх сегментах.

«На жаль, за апошнія паўгода не выстраліла заўважным поспехам у продажах ніводная беларуская навінка — няважна, гэта пераклад, нон-фікшн ці арыгінальная проза. Напрыклад, «Атлант расправіў плечы» Айн Рэнд — за месяц продажаў пры інтэнсіўнай прамоцыі, пры цане, роўнай сабекошту, мы вярнулі толькі 8 % укладзеных сродкаў».

З навінкамі з іншых выдавецтваў падобная ж сітуацыя — продажы слабыя, за выключэннем хіба што 3 і 4 тамоў Silva Rerum Крысціны Сабаляўскайце (выдавецтва «Вясна»).

Статус «экстрэмістаў» б’е па ахопе у Беларусі

У выдавецтве «Янушкевіч» перакананыя, што зніжэнне цікавасці да кніг упісваецца ў агульныя тэндэнцыі крызісу ў беларускіх супольнасцях.

Дадатковым негатыўным фактарам стала прызнанне кампаніі «экстрэмісцкай арганізацыяй» чатыры месяцы таму.

«Упершыню экстрэмісцкімі былі прызнаны кампаніі з вялікімі матэрыяльнымі актывамі (толькі ў нас назапасілася амаль 30 тысяч экзэмпляраў), а не проста тэлеграм-каналы».

Нагадаем, што ў сакавіку 2026 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» «кааліцыю друкаваных выдавецтваў» — фонд Kamunikat.org, выдавецтвы Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing. Раней «экстрэмісцкім фармаваннем» было прызнана выдавецтва Gutenberg Publisher.

Фота: facebook.com/januskevic.books

Як адзначаюць у выдавецтве «Янушкевіч», такі статус моцна б’е па ахопах у Беларусі, змяншае кнігаабарот і стварае праблему перагружанасці складу, ад якой наўпрост залежыць стабільнасць выдавецкага бізнесу.

Розгалас пра ўтылізацыю дапамагае прадаваць кнігі

За паўгоддзе выдавецтва апрацавала 2829 заказаў (на 28 % менш, чым у другім паўгоддзі 2025 года). Большасць замоваў паступіла з Польшчы, Германіі і Літвы. Усяго рэалізавана 7585 экзэмпляраў кніг.

Фота: facebook.com/januskevic.books

Вось як выглядае ТОП-10 кніг паводле колькасці прададзеных асобнікаў:

  1. Габрыель Гарсія Маркес, «Восень патрыярха» — 342 экз. (на суму 16 755 злотых). Росту продажаў спрыяў інфармацыйны розгалас у медыя наконт магчымай утылізацыі накладу.
  2. Крысціна Сабаляўскайце, Silva Rerum (3 том) — 164 экз. (10 900 злотых).
  3. Крысціна Сабаляўскайце, Silva Rerum (4 том) — 157 экз. (10 373 злотых).
  4. Альгерд Бахарэвіч, «Сабакі Эўропы» — 154 экз. (10 628 злотых). Кніга застаецца стабільным бестселерам на працягу пяці гадоў.
  5. Крысціна Сабаляўскайце, Silva Rerum (1 том) — 151 экз. (9832 злотых).
  6. Каміла Цень, «Наступны прыпынак — смерць»
  7. Хорхе Луіс Борхес, «Творы. Том І»
  8. Каміла Цень, «Я прыду за табой у аўгусце»
  9. Дж. Р. Р. Толкін, «Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва Пярсцёнка»
  10. Дж. Р. Р. Толкін, «Валадар Пярсцёнкаў. Вяртанне караля»
Фота: facebook.com/januskevic.books

Найбольш прадаваная кніга выдавецтва «Пфляўмбаўм» заняла 11-е месца («Перамена месцаў» Югасі Каляды), выдавецтва «Логвінаў» — 25 месца («Ніхто дабром не дасць збаўлення» Сяргея Пясецкага), выдавецтва «Гутэнберг» — 28 месца («Шлях дробнай сволачы» Евы Вежнавец), выдавецтва «Мяне няма» — 60 месца («Сіні дом» Алены Пятровіч).

А вось так выглядаюць долі выдавецтваў у продажах, якія зрабіла выдавецтва «Янушкевіч» па сваіх каналах распаўсюду (па колькасці экзэмпляраў):

  • «Янушкевіч» — 51 %
  • «Вясна» — 10 %
  • «Пфляўмбаўм» — 7,5 %
  • «Гутэнберг» — 7 %
  • «Кнігаўка» — 6,5 %
  • «Логвінаў» — 5 %
  • «Камунікат» — 3 %
  • «Мяне няма» — 1,5 %

Без падтрымкі чытачоў наклады будуць змяншацца

Фінансавая сітуацыя прымушае кнігавыдаўцоў пераглядаць планы на будучыню.

Фота: facebook.com/januskevic.books

Выдавецтва «Янушкевіч» мае шэраг падрыхтаваных навінак, аднак іх выхад і лёс далейшых праектаў будуць залежаць ад эфектыўнасці абранай антыкрызіснай лініі і падтрымкі з боку чытачоў.

«Што далей? Змяншэнне накладаў, пошук датацый і інвестыцый, бо ўласных рэсурсаў будзе папросту бракаваць».

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *