Беларусы зарабілі €100 тысяч на бізнес-інкубатары ў Польшчы

Бізнес-інкубатар B2B4U, створаны беларусамі ў 2024 годзе ў Гданьску, паказаў васьміразовы прырост выручкі і прыбытку за мінулы год, піша эканамічны журналіст Вадзім Сеховіч у сваім Telegram-канале.
Заснавальнікі праекта — Канстанцін Берсенеў і яго партнёры Уладзіслаў Грамовіч і Ілона Станева з гданьскай юрыдычнай фірмы Legal Tax Level. Пасрэдніцкая дзейнасць паміж фрылансерамі і польскімі ды замежнымі кампаніямі прынесла бізнес-інкубатару ў 2025 годзе выручку каля €4,2 млн і больш за €100 тыс. прыбытку. Як заяўляецца, цяпер B2B4U аказвае паслугі больш як 500 спецыялістам.

Як піша Вадзім Сеховіч, B2B4U — не адзіная беларуская альтэрнатыва EOR-бізнесу (аўтстафінгавым кампаніям) у Польшчы. Найстарэйшы падобны праект Łatwy Start, створаны ў 2022 годзе ў Варшаве, таксама перажывае ўздым.
Па выніках 2025 года пасрэдніцкія і аптымізацыйныя паслугі гэтага бізнес-інкубатара выраслі больш чым на 25% — да €7,7 млн. І пасля двух гадоў страт кампанія прынесла сваім тром уладальнікам — Галіне Белавусавай, Марыне Быліцкай і Аляксею Раманкову — прыбытак каля €130 тысяч.
Як зарабіць на пасрэдніцтве
Бізнес-інкубатар у Польшчы з’яўляецца фармальным працадаўцам для фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з польскімі і замежнымі кампаніямі. Інкубатар за камісію, якая складае ад 300 да 500 злотых штомесяц, прадастаўляе свае рэквізіты для выстаўлення рахункаў бізнес-кліентам.

Дзякуючы гэтаму ІТ-спецыялісты, дызайнеры і іншыя фрылансеры могуць прымаць аплату за паслугі без рэгістрацыі ІП у Польшчы. Таксама праз дамовы падраду або даручэння фрылансеры і іх заказчыкі аптымізуюць падатковыя выплаты і адлічэнні на сацыяльнае страхаванне.