«Бабуліна гарышча», куды можна ўцячы і схавацца ад жыццёвых праблем: як беларуска за свае грошы развівае культурную прастору ў Варшаве

У варшаўскім раёне Старая Прага ёсць атмасфернае месца, дзе можна ўбачыць асобна пастаўленую ванну і прыняць удзел у культурным майстар-класе.
«Справы» паразмаўлялі з заснавальніцай і ідэйнай натхняльніцай культурнай прасторы МІТ Таццянай Макарэвіч, якая пасля Мінска паспела пажыць у Кіеве, а цяпер уладкавалася ў Варшаве. Даведаліся, хто ходзіць у МІТ па культуру, а хто па рэдкую гарбату, і ці можна наогул выжыць у эміграцыі, маючы сацыяльны бізнес.

Як мастацтва ратуе псіхіку
— Чаму ты вырашыла адкрываць менавіта культурную прастору?
— Ідэя з’явілася ў мяне яшчэ ў дзяцінстве. Я заўсёды любіла маляваць і разглядаць карціны мастакоў, чытаць кнігі пра іх. Але у той час я не ўяўляла, як звязаць сваё жыццё з мастацтвам, таму вывучылася на эканамістку-менеджарку. Гады тры адпрацавала ў камерцыйным сектары, потым мяне занесла ў гуманітарны сектар, з якога я дагэтуль ніяк не выберуся. Праца тут — даволі цікавы досвед. Можаш укладваць вельмі шмат сіл у нешта, нават не ўяўляючы, ці акупяцца калі-небудзь усе твае намаганні. Бо шмат што залежыць не ад цябе. І гэта вельмі цяжка эмацыйна. Таму, каб з гэтым спраўляцца, мяне часта заносіла ў нейкія іншыя сферы. Часам хацелася ўсё кінуць і з’ехаць у вёску, напрыклад. Або пайсці вучыцца маляваць. Іншымі словамі, мяне цягнула ў працэсы, дзе ты ўкладваеш сілы і адразу бачыш вынік.

Маё першае ўсвядомленае вяртанне да мастацтва здарылася недзе ў 2019-м, пасля першай панічнай атакі на фоне працы.
— Як з гэтым справілася?
— Псіхатэрапеўт параіў заняцца не тым, чаго ад мяне патрабуюць, а тым, што падабаецца, што патрэбна мне і прыносіць задавальненне. Нечым для душы. І я задумалася: а што ж мне падабаецца, што натхняе? І зразумела, што люблю маляваць.
Спачатку пайшла з дачкой да Нікі Сандрас на курс акварэлі. А потым, калі захацелася яшчэ больш паглыбіцца ў гэтую сферу, знаёмая параіла звярнуцца да яе сястры — мастачкі Дашы. І вось цяпер мы з Дашай яшчэ і блізкія сяброўкі. На шчасце, яна цяпер таксама ў Варшаве.
Я стала хадзіць у студыю маляваць. І гэта было цудоўна: так пагружалася ў маляванне, што час пралятаў незаўважна. Быццам толькі пачала маляваць, а потым раз — і пяць гадзін мінула. Гэта было сапраўднае адкрыццё! У гэты час ніякіх негатыўных думак у галаве, ніякіх трывог.

Мастацтва выратавала мяне яшчэ раз. Калі мы з мужам абсалютна нечакана і незапланавана апынуліся ў эміграцыі ва Украіне, а дзеці яшчэ заставаліся ў Беларусі, то, каб не звар’яцець, я стала шукаць, што б паглядзець на YouTube. І выпадкова натрапіла на лекцыі Віктара Солкіна пра Старажытны Егіпет.
Тады падсела на гэтыя відэа: вельмі падабаецца, як ён расказвае пра свой прадмет. Потым пачала глядзець відэа Тамары Эйдэльман і Ганны Віленскай пра мастацтва.
Для мяне мастацтва — гэта, сярод іншага, і пра тое, як мяняюцца тэхналогіі: нашы дамы паляпшаюцца, з’яўляецца штучны інтэлект, яшчэ нешта… А мы працягваем любіць, пакутаваць, ненавідзець, зайздросціць, змагацца з цяжкасцямі. І калі праходзім праз нейкія бар’еры, то можам падзяліцца сваім досведам праз мастацтва. Але я магу гаварыць пра гэта бясконца.
Ад Інстарам-блога да свайго бізнесу
— І вось ты з ўсёй сям’ёй апынаешся ў Варшаве, што далей?
— Вырашыла, што трэба нешта рабіць, а не чакаць лепшага часу. Разумела, што хачу займацца чымсьці звязаным з мастацтвам. Параілася з адной разумнай жанчынай, якая адразу спытала: ці гатовая я сыходзіць з асноўнай працы? (Таццяна тады працавала ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя — заўв. рэд.). А я была не гатовая. І яна прапанавала падумаць, на што я магу прысвяціць восем гадзін вольнага часу на тыдзень.

Так нарадзіўся праект у Інстаграме «Мастацтва кожны дзень». Спачатку пісала там больш пра мастацтва, а цяпер часцей апавядаю пра нейкія свае асабістыя перажыванні, пра музеі або проста дзялюся сваімі разважаннямі.
— Але як блог можа прывесці да ідэі адкрыць сваю прастору?
— На адрэналіне пасля пачатку вайны я прадумала курс і назвала яго «Мастацтва і вайна». Там было чатыры тэматычныя лекцыі пра мастакоў (Шагал, Пікаса, Мане і Верашчагін). Выбрала менавіта іх, бо яны так ці інакш сутыкаліся з вайной.

У рамках курса быў цыкл лекцый, якія я хацела некуды прыладзіць. Хацелася гаварыць пра гэта з аўдыторыяй. Я была гатовая рабіць і бясплатна, але зразумела, што ніхто за мяне маю аўдыторыю не збярэ.
І стала рабіць анлайн-лекцыі, прычым адразу платнымі. Гэта была мая пазіцыя праз досвед у гуманітарнай сферы: людзі больш цэняць тое, за што заплацілі. Па-другое, прадаць бясплатнае бывае нават складаней, чым платнае. Цікавы парадокс.
Усе сабраныя грошы накіравала праектам, якія раней атрымлівалі падтрымку ад «Імёнаў» (беларуская некамерцыйная дабрачынная медыяплатформа, дзе людзі збіралі грошы на працу грамадскіх арганізацый — заўв. рэд.). Зразумела, што гэта кропля ў моры. Але ўсё роўна для мяне гэта было важна.

Праз паўгода гэтых анлайн-лекцый я вырашыла ісці ў афлайн. Паблукаўшы па розных прасторах, падумала, што можна паспрабаваць пачаць з арт-салонаў. Знайшла месца, а праз чатыры месяцы там проста катастрафічна сапсаваўся сэрвіс. Даводзілася самой памяшканне прыбіраць перад івэнтам ды яшчэ за гэты час падрыхтоўкі плаціць як за арэнду.
Тады зразумела: калі хочаш зрабіць добра, то трэба рабіць усё самой. У тым ліку і прастору для мерапрыемстваў. Так з’явіўся МІТ.
Я тады якраз супрацоўнічала з Насцяй Кузьміч па блогу. Па сутнасці, разам з ёй мы і адкрылі МІТ. Яна якраз стамілася ад сваёй працы і звальнялася, і мы адважыліся.
Месяцы два шукалі памяшканне. Было вельмі цяжка знайсці ідэальны варыянт, які адпавядаў бы нашым запытам. У выніку ўбачылі гэтае памяшканне ў раёне Старой Прагі. Яно не проста адпавядала маім чаканням, а нават перасягнула іх! Я ўяўляла дзве асобныя зоны з розным характарам, і вось, калі ласка: у нас ёсць розныя па духу Зала і Мезанін.

$25 тысяч за сваю Нарнію, якая не акупаецца
— Колькі ўкладзена ў прастору на старце і з якой крыніцы?
— Я ўклала ў адкрыццё свае грошы. Арэнда памяшкання, купля мэблі, посуду, абсталявання, выплата заробкаў (спачатку гэта быў толькі заробак Насці, бо яна ўжо была без працы, а я працавала ў СААЗ) — усё гэта былі мае ўкладанні. Нам вельмі пашанцавала, што не давялося марнаваць грошы на рамонт.
Прыблізна давялося ўкласці $25 тысяч. І гэта без уліку распрацоўкі брэнда і іншага. Плюс там трошкі, там трошкі. Напачатку яшчэ вяла табліцу выдаткаў, а потым неяк закінула.

Апярэджваючы пытанне: не, нічога не акупілася. Больш за тое, гэта глыбока стратная гісторыя, якая ў сярэднім за ўвесь тэрмін свайго жыцця, можна сказаць, каштавала мне нават больш за тую суму інвестыцый, якую я ў яе ўклала. Вось так, калі шчыра.
— Ці можна пры нейкім раскладзе кінуць працу і сысці цалкам у кіраванне МІТ?
— Напэўна, можна было б, калі б у мяне быў нейкі надзейны тыл, які зарабляў бы на іпатэку і на ўсе патрэбы нашай сям’і. Бо пакуль так складваюцца абставіны, што асноўная фінансавая крыніца нашай сям’і — гэта я.
Яшчэ мы запускалі краўдфандынг, сабралі каля 10 тысяч злотых. Гэта прыстойныя грошы, прыемна, што людзі тады адгукнуліся і дапамаглі.
Нас вельмі трымаюць на плаву набыццё квіткоў на ўласныя падзеі і арэнда памяшканняў пад іншыя мерапрыемствы.
— Адкуль з’явілася ідэя назваць прастору МІТам?
— Над назвай працавалі доўга. Гэта была камандная праца, былі розныя варыянты. Спыніліся на слове МІТ, бо ў яго ёсць некалькі слаёў і ўзроўняў. Спачатку «МІТ» — гэта не абрэвіятура нейкага інстытута, з якім нас часта блытаюць, гэта хутчэй слова «міф» — і беларускае, і польскае. Нам хацелася прынесці ў назву нешта чароўнае. Каб атрымалася Нарнія, але свая, такое «бабуліна гарышча», куды можна ўцячы і схавацца хаця б на нейкі час ад жыццёвых праблем.

Ну і канечне гэтую назву выбралі яшчэ і таму, што ў яе ёсць фанетычны аналаг у англійскай — «meet», гэта значыць «сустрэцца». Яно пішацца не так, але ў цэлым нам вельмі спадабалася, як гэта ўсё адно з адным спалучаецца.
І наш Пегас у лагатыпе таксама быў выбраны невыпадкова — ён адлюстроўвае міфічны сэнс.

— Шмат моў давялося ўлічыць пры распрацоўцы брэнд-пакета: і беларусаў, і палякаў, і нават англамоўных людзей. Але якая ўсё-такі асноўная аўдыторыя ў МІТа?
— Канечне, у асноўным да нас на івэнты прыходзяць мігранты. І пераважна яны ж арандуюць нашы залы.
Пры адкрыцці я разлічвала на гуманітарны сектар: што яны будуць у нас ладзіць івэнты, але… да ўлады прыйшоў Трамп, закрыў USAID. Шмат арганізацый засталося без фінансавання і наогул без праектаў. Івэнты ім давялося рабіць ці не на каленцы, на бясплатных пляцоўках. На шчасце, цяпер бачу станоўчыя зрухі: паціхеньку некаторыя арганізацыі ўсё ж вяртаюцца да жыцця.

Дарэчы, да нас прыходзяць не толькі беларускія арганізацыі, але і польскія — і гэта здараецца ўсё часцей.
Заўважыла цікавую рэч: польская аўдыторыя, якая да нас прыходзіць, наогул не гандлюецца — яны проста плацяць. Колькі ім скажаш, столькі яны і заплацяць.
«Усе памылкі вельмі добра адчувала на ўласным банкаўскім рахунку»
— Ці не хацелася пашырыць кірунак МІТа як бізнесу — з культуры і на іншыя сферы жыцця?
— Я б сказала, што МІТ — гэта хутчэй сацыяльны бізнес. Паколькі гэта мая адказнасць і мае фінансавыя выдаткі, то ў нейкі момант вырашыла больш даверыцца свайму чуццю, у тым ліку наконт праектнага менеджменту. У маёй галаве ёсць прыблізная канцэпцыя, як я хачу трансфармаваць працу МІТа. Так, каб яна была больш стабільнай, больш устойлівай.
Таму ў нас атрымаўся добры тандэм з Насцяй. Яна — дэкаратарка і дызайнерка, для яе важная візуальная эстэтыка. А я чалавек мастацтва і менеджменту. У тым ліку дзякуючы ёй я зразумела і навучылася, што можна рабіць шмат чаго дзеля грошай, але калі гэта ў выніку не прыносіць табе нейкай радасці, то ў чым сэнс? Я магу рабіць сваю звычайную працу і не турбавацца ні пра што, аддаваць кожны месяц частку заробку на тое, каб я і сям’я працягвалі існаваць. Але для мяне больш важная маральная частка: ведаць, што я стварыла месца, куды людзі могуць прыходзіць на сустрэчы, святкаваць свае дні народзінаў, адзначаць іншыя падзеі.

Я сапраўды шчаслівая, калі нехта ўжо некалькі гадоў запар святкуе свой дзень нараджэння ў нас. Або калі людзі прыходзяць, сядзяць у нас і сыходзіць не хочуць. Мяне гэта натхняе і матывуе працягваць.
Магчыма, наша аперацыйная мадэль усё-такі дакруціцца да таго, каб магла генераваць нейкі невялікі прыбытак. Каб праект развіваўся і адчуваў сябе проста спакойна, каб у нас было права на памылку. Бо да гэтага ўсе мае памылкі я вельмі добра адчувала на ўласным банкаўскім рахунку. Гэта балюча, вельмі знясільвае і дэматывуе ў нейкія моманты.

Не магу палічыць, колькі разоў хацелася ўсё закрыць, але потым я прыходжу ў МІТ, сядаю ў мезаніне на тое самае месца, з якога ўсім не хочацца нікуды сыходзіць. І ўсё раптам праходзіць. Я прыгадваю, дзеля чаго ўсё гэта пачыналася. Або калі, напрыклад, нехта напіша нешта добрае ў дырэкт… Тады я кажу сабе: «Так, добра, прарвёмся».
— Якія ў цябе планы на будучыню?
— Дакладна будзем і далей развіваць арэндны накірунак, бо ён дазваляе стаць больш устойлівым бізнесам. Я вельмі хачу ўкараніць паняцце рэзідэнцтва — гэта для праектаў або людзей, якія арандуюць у нас памяшканне два ці больш разоў на месяц. Мы прапануем ім лепшыя ўмовы для арэнды і ўсяляк будзем прасоўваць іх сярод нашай ужо сфарміраванай аўдыторыі.

Бо нам важна, каб крэатыўныя і цікавыя мерапрыемствы адбываліся не толькі з нашай падачы, але і як ініцыятывы збоку. Каб гэта была сумесная культурная гісторыя. Таму будзем уводзіць такі інстытут рэзідэнтаў МІТа.
Будзем працягваць працаваць з карпаратыўнымі кліентамі. Магчыма, у плане арганізацыі канкрэтных мерапрыемстваў альбо прадастаўлення добрых умоў для супрацоўнікаў той ці іншай кампаніі на нашы мерапрыемствы. Тут ужо ў залежнасці ад таго, якой будзе патрэба бізнесу ў кожным канкрэтным выпадку.
І я вельмі спадзяюся адпачыць за лета (максімальна, наколькі гэта можа атрымацца, улічваючы, што ў мяне цяпер новая праца ўнутры ААН) і ўварвацца ў восень са свежай афішай і новымі сіламі.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.