«Быў. Бачыў»: беларус прыдумаў, як зрабіць вандроўкі па краіне цікавымі

Яўген Сілін, выпускнік факультэтаў прыкладной матэматыкі і прыкладной фізікі, запусціў праект «Пашпарт вандроўніка» — папяровы квэст-бук для вандровак па Беларусі. Ідэя ўзнікла падчас працы ў Кітаі, калі Яўген паехаў у «Горы Аватара» і звярнуў увагу на лакальныя турыстычныя пашпарты. Гісторыю распавядае Office Life.

Вярнуўшыся ў Беларусь, Яўген зарэгістраваў кампанію «Вандэр Груп» і захацеў адаптаваць гэты фармат пад мясцовы рынак. Але да механікі фізічнай фіксацыі вандровак вырашыў дадаць унікальны візуальны стыль.
Для стварэння турыстычнага пашпарта запрасілі культуролага, які адабраў 65 знакавых лакацый краіны. Каля паўгода сышло на распрацоўку дызайну ў стылі сярэднявечнай гравюры.

Перад запускам было тэставанне гіпотэзы ў сацсетках:
— Мы надрукавалі тэставую партыю з 20 асобнікаў і запусцілі старонку ў Instagram з лістом перадзамовы. Калі ў спіс чакання запісалася больш за 2 тыс. чалавек, мы зразумелі: прадукт трапіў у цэль і трэба запускаць вытворчасць, — успамінае Яўген Сілін.
Продажы стартавалі 31 мая 2025 года — і за першыя два месяцы было прададзена больш за 2 тысячы пашпартоў зусім без укладанняў у рэкламу.

Яўген не раскрывае, колькі інвеставаў у бізнес, але кажа, што аптымізаваць выдаткі і выбудоўваць эканоміку давялося на хаду.
— Мы змянілі некалькіх падрадчыкаў. Каб спрасціць і патанніць выраб складанай вокладкі, самастойна замовілі спецыяльныя штампы для ціснення.
Сутнасць праекта — матываваць людзей да вандровак па Беларусі: за 59 рублёў (без дастаўкі) можна набыць пашпарт, а потым у ключавых пунктах маршруту ставіць у яго ўнікальныя пячаткі.
— Пячаткі ўжо з’явіліся ў больш як 100 знакавых месцах, сярод якіх усе абласныя гарады, Мір, Нясвіж, Жылічы, Ліда, Белавежская пушча і Гальшаны. Месцы, дзе яны захоўваюцца, зусім розныя: музеі, кавярні, старадаўнія сядзібы і нават АЗС «Беларуснафта».
Усе пячаткі бясплатныя і агульнадаступныя — каб паставіць адбітак, купляць уваходны білет у музей не патрабуецца. На кожнай пячатцы адлюстраваны мінімалістычны сілуэт месца або герб, а таксама фірмовая фраза праекта «Быў. Бачыў». Вандроўнікі, якія сабралі больш за 50 пячатак, атрымліваюць ад праекта падарунак і тытул «Вялікі вандроўнік Беларусі».

Яўген прызнаецца, што шлях да жыццяздольнай бізнес-мадэлі заняў у каманды некалькі гадоў. Першапачаткова была iдэя запусціць мабільную аплікацыю для пабудовы маршрутаў вандровак, але беларусы былі не гатовыя плаціць за падпіску.
Другой спробай стаў выпуск сувенірнай прадукцыі з нацыянальным каларытам (шоперы, постары, адзенне). Аднак кампанія сутыкнулася з жорсткай канкурэнцыяй з боку таннага кітайскага масмаркету і мясцовых рамеснікаў:
— Мы апынуліся заціснутымі пасярэдзіне, не змаглі канкураваць у цане і «загнуліся».

А вось ідэя з пашпартам для вандроўнікаў апынулася паспяховай: за ўвесь час у Беларусі і краінах СНД ужо прададзена больш за 20 тысяч асобнікаў. Праект зараз актыўна развівае B2B-кірунак: каля 50 карпаратыўных кліентаў замаўляюць брэндаваныя версіі турыстычных пашпартоў у якасці падарункаў для супрацоўнікаў і партнёраў.