Беларуска навучылася шыць у дзіцячым доме і цяпер стварае камплекты для нованароджаных пад уласным брэндам

Фота: instagram.com/_sleepy.cat

Настасся Аляксандранка ўжо дзевяць гадоў развівае швейную майстэрню «Сонны кот», дзе стварае індывідуальныя камплекты для выпіскі дзяцей з радзільнага дома. Гісторыю пра тое, як выхаванка дзіцячага дома змагла са стартавага капіталу ў 750 рублёў пабудаваць бізнес, распавядае MYFIN.

Ад Настассі яшчэ ў радзільным доме адмовілася маці, да трох гадоў яе гадаваў дзядуля, а калі яго не стала, дзяўчынка трапіла ў дзіцячы дом і інтэрнат. Там Настасся і навучылася шыць:

— У школе-інтэрнаце былі швейныя майстэрні для дзяўчынак і сталярныя — для хлопчыкаў. Вучыцца пачыналі з пятага класа, а ўжо ў адзінаццатым усе добра авалодалі майстэрствам. Пасля паспяховай здачы экзаменаў я атрымала трэці разрад швачкі.

Фота: instagram.com/_sleepy.cat

Але пасля інтэрната дзяўчына пайшла вучыцца ў Мінскі радыётэхнічны каледж. Потым завочна скончыла БДУІР, дзе атрымала спецыяльнасць інжынера-праграміста. Аднак у ІТ прапрацавала ўсяго два месяцы: Настасся ўпэўненая, што мода на праграмістаў была падчас паступлення, але потым скончылася.

Ідэя запусціць свой швейны брэнд з’явілася ў дэкрэце. Першую замову ў Настассі зрабіла лепшая сяброўка — камплект на выпіску і плед для дзіцяці.

Фота: instagram.com/_sleepy.cat

Запуск бізнесу абышоўся ў 750 рублёў: швейную машынку за 350 рублёў падарыў муж, а 400 рублёў на тканіны пазычыў аднакласнік. Брэнд «Сонны кот» з’явіўся дзякуючы… котцы! Падчас абмеркавання з мужам варыянтаў назвы на кухні якраз сядзеў паўсонны гадаванец.

Спачатку Настасся працавала дома, але з 2019 года пачала арэндаваць у дзяржавы майстэрню плошчай 62 кв. м. Цяпер там ёсць парагенератар, прамысловыя швейная машына і аверлок.

Фота: Фота: instagram.com/_sleepy.cat

Закупка матэрыялаў штомесяц абыходзіцца ў 7 000 рублёў. На арэнду, камунальныя плацяжы і падаткі сыходзіць ад 1 200 да 1 800 рублёў у месяц. Асабліва цяжка даводзіцца ўзімку, калі сума за камунальныя плацяжы павялічваецца да 800–900 рублёў.

Асноўны канал продажаў — Instagram, на які падпісана больш за 46 тысяч чалавек. Настасся сама вядзе сацыяльныя сеткі: здымае і мантуе відэа, камунікуе з кліентамі. На рэкламу штомесяц сыходзіць каля $400.

Фота: instagram.com/_sleepy.cat

Цяпер швейны бізнес прыносіць Настассі ад 5 500 да 7 000 рублёў чыстага прыбытку ў месяц у залежнасці ад сезону.

Аднак за высокімі чэкамі стаіць сур’ёзная нагрузка: за працай яна праводзіць ад 2 да 10 гадзін у дзень.

— Першыя выхадныя з’явіліся праз пяць гадоў пасля стварэння «Соннага ката». Вызначыла для сябе, што ў суботу і нядзелю не хаджу ў майстэрню, але ў гэтыя дні я таксама прымаю замовы, закупляю тканіны і матэрыялы. Апошні раз у сапраўдным водпуску была ў верасні 2023 года.

Фота: instagram.com/_sleepy.cat

Усе вырабы шыюцца на замову, тэрмін чакання — 4 тыдні. Выходзіць на маркетплэйсы прадпрымальніца не плануе:

— Негатыўна стаўлюся да маркетплэйсаў, бо там не цэняць ручную працу. Не хачу і не планую шыць масава.

Настасся плануе і далей развіваць брэнд са стаўкай на ўнікальнасць, якасць і прэміяльныя тканіны:

— Каб чарга на пашыў была не чатыры тыдні, а тыдняў восем. Я стварыла тое, што немагчыма знайсці ў крамах. Шыю практычныя, прыгожыя і ўнікальныя наборы. Знаходжу тканіны, якія заваёўваюць сэрцы будучых маці, і вельмі люблю сваю справу.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *