
Пасля выбуховага росту ў 2022 годзе, часткова пралангаванага дзякуючы IT-галіне ў 2023-м, у 2024-м дынаміка беларускага бізнесу на польскім рынку прыкметна запаволілася. Пасля заканчэння гэтага трохгоддзя па ўсіх прыкметах ён наблізіўся да столі, прынамсі, у сваім экстэнсіўным развіцці.
Пра гэта сведчаць вынікі даследавання журналіста Вадзіма Сеховіча, апублікаваныя ў яго Telegram-канале.

Вадзім Сеховіч
Журналіст і рэдактар аддзела эканомікі «Белорусской деловой газеты», саўладальнік выдання «Ежедневник» (EJ.BY).
Аўтар праекта топ-100 паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі і даследаванняў па гісторыі прыватнага бізнесу Беларусі ў XIX–XX стст.
Рост 2022–2024 гг. быў галоўным чынам справакаваны і стымуляваны знешнім фактарам: вайной ва Украіне. Яна і яе наступствы надалі новы імпульс першай хвалі рэлакацыі беларускага бізнесу, выкліканай падзеямі 2020–2021 гг., якая ўжо пачала сціхаць.
Што назіраецца пасля заканчэння «залатога трохгоддзя» (2022–2024 гг.)
- Рэлакацыя, якая стала адказам на абодва гэтыя выклікі (рэпрэсіі і вайну), як дэманструе статыстыка, фактычна завяршылася.
- У шэрагу сегментаў беларускі бізнес дасягнуў межаў росту на польскім рынку і вымушаны пераглядаць стратэгіі з-за канкурэнцыі, рэгулятарных абмежаванняў, кадравых праблем і г.д. І ўсё часцей у рамках пераацэнкі сваіх магчымасцей вымушаны прымаць рашэнні аб прыпыненні або нават ліквідацыі.
- Ліквідацыя часта становіцца адзіным адказам на заходнія санкцыі. Іх узмацненне з кожным годам усё больш адчувальна звужае рэсурсную і крэатыўную базу той часткі бізнесу, якая пабудавана на трансгранічным гандлі або адкрытых “шэрых” схемах.
- На Усходзе за гэты час падросла «жалезная заслона», за якой эканомікі Беларусі і Расіі перабудоўваюцца і таму ўсё менш адчуваюць патрэбу і ў заходніх рынках, і ў пасярэдніках на іх.
- Турбулентнасць у сусветнай эканоміцы, якой дадаў прыход да ўлады непрагназуемага Дональда Трампа, — праблема, якая не магла абысці бокам ніводзін бізнес.
- Доля рынку Польшчы, якая стала ў 2022–2024 гг. галоўным аб’ектам інтарэсу беларускага бізнесу (больш за 65% замежнай выручкі па-за межамі Расіі і ЕАЭС), скарачаецца (менш за 65%). Найбольш канкурэнтаздольная яго частка па слядах «польскага сантэхніка» перамяшчаецца на больш маржынальныя рынкі краін Заходняй Еўропы — у Германію, Бельгію, Нідэрланды і г.д. І гэта таксама адбіваецца на тэмпах росту і аб’ёмах выручкі беларускага бізнесу ў Польшчы.
Як расла колькасць новых бізнесаў у 2022–2024 гг.
З 2022 года запавольваўся прырост новазарэгістраваных кампаній з беларускім капіталам у Польшчы.
Колькасць зарэгістраваных у Польшчы кампаній з беларускім капіталам на пачатак 2022–2026 гг. (колькасць новых юрыдычных асоб, якія з’явіліся на працягу кожнага справаздачнага года), паводле даных Centralny Ośrodek Informacji Gospodarczej:
- студзень 2022 г. — каля 3 500 (1 501);
- студзень 2023 г. — 4 980 (1 418);
- студзень 2024 г. — 6 491 (1 221);
- студзень 2025 г. — 7 530 (873);
- студзень 2026 г. — 7 093 (-).
Як бачна з прыведзенай статыстыкі, колькасць новазарэгістраваных кампаній з беларускім капіталам скарацілася ў адносінах да папярэдняга года ўжо ў 2023 г. — прыкладна на 80 юрыдычных асоб. За 2024-ты інвестараў-навічкоў стала менш ужо больш чым на 200 бізнесаў.
І ўпершыню тады звярнуў на сябе ўвагу нарастальны тэмп ліквідацый ужо дзеючых бізнесаў. Ён яшчэ больш выразна праявіцца ў 2025-м. Менавіта ў мінулым годзе ўпершыню колькасць ліквідаваных бізнесаў перавысіла колькасць рэгістрацый новых.
Як мянялася сукупная выручка беларускіх бізнесаў у Польшчы
Кампаніі, якія масава з’яўляліся ў 2022–2023 гг., у 2024-м не змаглі або не паспелі падтрымаць ранейшыя рэкордныя прыросты сукупнай выручкі беларускага бізнесу ў Польшчы.
Сукупны аб’ём выручкі кампаній з беларускім капіталам у 2022–2024 гг., паводле ўласнай ацэнкі на падставе фінансавых даных дзеючых кампаній і тых, што далі справаздачу:
- 2022 г. — 16,6 млрд злотых (3,53 млрд еўра);
- 2023 г. — 18,9 млрд (4,20 млрд);
- 2024 г. — 19,9 млрд (4,63 млрд).
Паводле падлікаў ТГ-канала Вадзіма Сеховіча, у 2022-м у адносінах да папярэдняга года прырост продажаў склаў амаль 45%. У 2023-м ён хоць і запаволіўся, але таксама заставаўся дастаткова значным — плюс 12,2%. Але ў 2024-м прырост ледзь дасягнуў 5%.
Як развіваўся беларускі бізнес у ключавых сегментах
Пра непрыемныя тэндэнцыі для беларускага бізнесу ў Польшчы сведчыць прасяданне ў 2024 годзе найбуйнейшага па долі ў яго сукупнай выручцы гандлёвага сектара.
На гандлі ў першую чаргу адбіўся санкцыйны ціск. Санкцыі паўплывалі на паказчыкі буйных і сярэдніх аптовых кампаній, якія гандлююць палівам, угнаеннямі, драўнінай, металапрадукцыяй. Шэраг бізнесаў, занятых у іх трафіку, трапілі ў польскі санкцыйны спіс. Некаторыя пакуль не здолелі знайсці новыя крыніцы, каналы або альтэрнатыўныя прадукты.
Напрыклад, вугальны трэйдар Polcarbotrans яшчэ ў 2022 годзе ўваходзіў у ТОП-10, але ў 2024 годзе з 8-кратным падзеннем выручкі з цяжкасцю ўтрымаўся ў другой пяцідзясятцы найбуйнейшых беларускіх бізнесаў у Польшчы. З-за закрытых межаў істотна скарацілі маштабы дзейнасці прыгранічныя маркетплэйсы, абароты якіх даходзілі да мільярда злотых за год.
З гандлем было б зусім дрэнна, калі б не аўтадылеры. 2024 год стаў годам іх росквіту. Але з-за ўзмацнення тых жа санкцыйных абмежаванняў з 2024 года пачаўся заняпад і гэтага кірунку.
IT-сектар, які ў 2023-м быў галоўным драйверам беларускага бізнесу на польскім рынку, у 2024-м страціў гэты статус. Галіна крыху прырасла, але фактычна ўвайшла ў стадыю стагнацыі.
Будаўніча-дэвелаперская галіна відавочна стагнавала. Яе лідар Sahaty страціў, напрыклад, амаль дзесяць пазіцый у ТОП-100.
Драйверам у 2024 годзе, як гэта было і ў 2022-м, стала транспартна-лагістычная галіна. Прырост да 2023 г. склаў звыш 7%. Яна яшчэ больш павялічыла адрыў па долі ў сукупнай выручцы ад IT і ўтрымлівае другое месца пасля гандлю. У 2025 г. на яе паказчыках адаб’ецца адкладзены фактар — забарона на дзейнасць для маладых беларускіх кампаній (якія створаныя пасля красавіка 2022 г.). Але страты не павінны быць істотнымі.
Прыросты ў вытворчасці і сектары паслуг, у якім можна аб’яднаць ўсе, за выключэннем IT, транспарту і будаўніцтва, падгаліны B2B- і В2С-паслуг, склалі адпаведна плюс 49% і больш чым у 2 разы. Але па сваіх маштабах гэтыя два напрамкі пакуль не аказваюць значнага ўплыву на сукупныя аб’ёмы белбізнесу ў Польшчы.
Аб’ём выручкі беларускага бізнесу ў асноўных сегментах у 2022–2024 гг., паводле ўласнай ацэнкі журналіста на падставе фінансавых даных дзеючых кампаній і тых, што далі справаздачу:
гандаль
2022 г. — 6,8 млрд злотых;
2023 г. — 7,5 млрд;
2024 г. — 7,0 млрд.
транспарт і лагістыка
2022 г. — 4,4 млрд;
2023 г. — 5,0 млрд;
2024 г. — 5,4 млрд.
IT
2022 г. — 3,5 млрд;
2023 г. — 4,4 млрд;
2024 г. — 4,5 млрд.
Будаўніцтва і дэвелапмент
2022 г. — 0,7 млрд;
2023 г. — 0,8 млрд;
2024 г. — 0,85 млрд.
Паслугі (за выкл. трансп., IT і будаўніцтва)
2022 г. — 0,25 млрд;
2023 г. — 0,4 млрд;
2024 г. — 0,85 млрд.
Вытворчасць
2022 г. — 0,45 млрд;
2023 г. — 0,5 млрд;
2024 г. — 0,8 млрд.
Іншае (лізінг, e-commerce і г.д.)
2022 г. — 0,2 млрд;
2023 г. — 0,3 млрд;
2024 г. — 0,5 млрд.
