$20 тысяч на школу і $10 тысяч на першы падручнік: як беларуска заснавала моўную школу Polish for Belarus

Алёна Смаляк, заснавальніца і кіраўніца моўнай школы Polish for Belarus, пачынала свой бізнес, даслоўна, з пакоя ў інтэрнаце. А зараз у яе школе вучыцца больш за тысячу студэнтаў, працуе каля 50 супрацоўнікаў, а за дзесяць гадоў існавання курсы Polish for Belarus скончылі больш за 10 тысяч чалавек.
Для spravy.io Алёна расказала, чаму кінула ІТ, як самастойна будавала бізнес з нуля і колькі грошай уклала ў заснаванне школы.
Кінула айцішку, каб заняцца моўнай школай
— Ты доўга працавала ў IT. Як у тваім жыцці з’явіліся моўныя курсы?
— Вучу польскую мову з пяці гадоў. Я хадзіла ў звычайную беларускую школу ў Баранавічах, а таксама ў Dom Polski, які наведвалі дзеці з польскімі каранямі. Мы вывучалі мову, літаратуру, гісторыю, рэлігію, музыку, яшчэ пару прадметаў — усё на польскай. Яшчэ ездзілі па абмене ў сем’і, у лагеры ў Польшчу — некалькі разоў на год. Адсюль веды і мая любоў да польскай.
Мая мама — настаўніца ў школе. Ад яе ў мяне любоў да настаўніцтва, я вельмі любіла гуляць у школу ў дзяцінстве. Але паступіла ў эканамічны ўніверсітэт, бо мая мама сказала: «Ніколі ў жыцці ты не будзеш настаўнікам, там няма грошай».

Пасля ўніверсітэта трэба было адбыць два гады размеркавання, і я знайшла сабе працу ў фінансавым аддзеле айцішнай карпарацыі.
Паралельна, пачынаючы ад часу вучобы ва ўніверсітэце, я выкладала польскую мову знаёмым, рыхтавала на карту паляка, а потым знайшла працу ў моўнай школе па вечарах.
Гэта была справа для душы, бо ў фінансах я не атрымлівала задавальнення ад працы. А тут я бачыла прагрэс людзей, як яны атрымліваюць дакументы, хтосьці пераязджае. Карацей, супала ўнутраная патрэба быць патрэбнай з тым, чым я займаюся.
— Калі гэта перарасло ў бізнес?
— У 2017 годзе я пераехала ў Польшчу і ўладкавалася бізнес-аналітыкам, але паралельна выкладала польскую.
Яшчэ ў апошні год майго жыцця ў Мінску стварыла акаўнт у Instagram, які называўся «Польскі.бел», а праз год перайменавала яго ў Polish for Belarus. І пад гэтым «брэндам» выкладала, хоць тады яшчэ не планавала школу.

Студэнтаў станавілася больш. Узяла яшчэ адну настаўніцу, аднакласніцу з польскай школы Лізу, паланістку па адукацыі.
У 2020 годзе пачалася пандэмія, навучанне перанеслі ў анлайн. Было стрэсава, многа вучняў сышло — для людзей гэта было вельмі незвычна.
У нас ужо было некалькі выкладчыкаў, мы шукалі памяшканне. Усюды было вельмі дорага, а дырэктар са школы, што па вуліцы Новы Свят у Варшаве, сказала: «Купіце мне скрынку паперы А4 і карыстайцеся класам пасля шасці вечара».
У той жа час мяне перакупіла ІТ-кампанія на пазіцыю распрацоўшчыка. Было вельмі цяжка, бо трэба было вучыць шмат новага. А яшчэ люты графік: працавалі ад усходу да захаду сонца па зменах, бо абслугоўвалі, па сутнасці, увесь зямны шар — ад Японіі да ЗША. У нейкі момант я зразумела, што не выцягваю. Трэба было прымаць нейкае рашэнне, бо школа пачала расці.
І вось у 2021-м я сышла з «айцішкі». Найлепшае, здаецца, маё рашэнне. Я выбрала рызыкнуць. Спачатку крыху прасела па грошах, але потым сітуацыя выраўнялася. Так, згубілася стабільнасць, але ўсё роўна не шкадую.
— У які момант стала зразумела, што школа — гэта сур’ёзна?
— Калі пачалася пандэмія, мяне вельмі засмуціла сітуацыя, што дзяржава не дапамагала беларускім лекарам.
Я дала аб’яву, што набіраем дабрачынныя групы, і палову даходу мы будзем пераводзіць у #BYCOVID19 — і да нас прыйшло вельмі шмат людзей.
Па-другое, праз пандэмію мы змаглі вучыць людзей не толькі з Варшавы, а адусюль — з усёй Беларусі, Польшчы. І наймаць людзей таксама з любой кропкі. І праз гэта пачалі расці.
Яшчэ дапамог сыход з айцішкі: тады я зразумела, што гэта ўжо не проста хобі і рэпетытарства. І што мне трэба займацца пабудовай сістэмы.

Спачатку цягнула на сябе ўсё: і продажы, і выкладанне, і сетку-расклад, і маркетынг. Вяла ўсе сацсеткі. Але зразумела, што надышоў час дэлегаваць абавязкі, каб сфакусавацца на нечым адным. І на пачатку 2021-га вырашыла, што буду займацца школай — таму можна сказаць, што гэта і быў пералом.
«Грошы не былі маёй мэтай. Мяркую, у гэтым таксама вялікі поспех»
— Адкуль сродкі на адкрыццё школы?
— Мая айцішная зарплата. З аднаго боку, ганаруся, з іншага — знаёмыя кажуць, што я дурная — але я ніколі не прыцягвала чужых грошай. Ні ад інвестараў, ні гранты.
— Колькі ўкладзена ў школу?
— Не лічыла. Мы адразу пачалі з груп, а групы — гэта дастаткова маржынальная гісторыя. Праз тое, што спрацавала «сарафаннае радыё» і мы давалі якасны прадукт, яны хутка набіраліся.
Дзесьці год-паўтара я дакладвала са сваёй зарплаты, а потым школа пачала патроху акупляцца і выходзіць у плюс. Гэта адбылося за кошт павелічэння маштабаў.
Справа ў тым, што калі ў цябе 1-2 групы, то школу весці нявыгадна. Зарабляць пачынаеш ад пэўнай колькасці груп і людзей у іх.

У мяне на коркавай дошцы вісела паперка з надпісам «Мэта — восем груп». У 2021-м годзе мы выйшлі на большую колькасць, і так паступова раслі.
— І ўсё-такі, колькі гэта магло каштаваць грошай?
— Думаю, да $20 тысяч дакладна ўклала. Гэта нібыта няшмат. Але трэба ўлічваць, што мы працавалі анлайн і не трэба было купляць ніякага абсталявання.
Я доўга не глядзела на школу, як на бізнес. Не рабіла разлікі, калі пачну зарабляць, не планавала прыцягваць інвестараў. Ідэя была стварыць класнае месца і рэалізаваць свае жаданні аб’ядноўваць людзей і вучыць. Таму не было гэтага бізнесовага падыходу ў першыя гады. Шмат чаго не лічыла, закідвала свае грошы з зарплаты. Гэта былі істотныя сумы: напрыклад, аддаць паўзарплаты, каб арганізаваць мерапрыемства для школы.

Але я гэта рабіла не для таго, каб акупіцца, а дзеля класных момантаў. Грошы не былі маёй мэтай. Мяркую, у гэтым таксама вялікі поспех Polish for Belarus. Калі б з самага пачатку ставіла на грошы, то закрылася б у першыя два гады, не дачакаўшыся пандэміі.
— На што менавіта ішлі інвестыцыі ў самым пачатку?
— У першую чаргу на зарплаты. Не толькі выкладчыкам, а яшчэ таргетолагу і невялікаму складу супрацоўнікаў.
За арэнду плацілі мала, бо нам пашанцавала з гэтай скрынкай паперы.
Таксама сродкі ішлі на таргетаваную рэкламу, бо платна прыцягвалі новых кліентаў практычна з самага пачатку. У YouTube таксама закідвала грошы, але ў меншым маштабе.
Яшчэ рабіла шмат мерапрыемстваў за свой кошт: Дзяды, Андрэйкі. Гэта заўсёды была стратная гісторыя.

— Былі нетыповыя і нечаканыя выдаткі?
— Былі смешныя. На пяцігоддзе школы быў найбольш дажджлівы дзень у Варшаве. А ў нас усё на адкрытым паветры, без даху. І разам з вядучым паехалі па крамах у пошуках намёта для музыкантаў, бо яны адмаўляліся граць без даху над тэхнікай.
Памятаю як цяпер, што той намёт каштаваў 880 злотых. І тады гэта была суперадчувальная гісторыя і самая дарагая пакупка ў школе, калі не лічыць рэкламу.

А яшчэ быў дарагі падручнік для А1. Многія не вераць, але я ў яго ўклала каля 10 тысяч баксаў. І больш так не раблю. Чаму так атрымалася? Хацелася, каб у нас быў свой аўтэнтычны падручнік. Але я замовіла мегадарагія ілюстрацыі ў мастачкі, якая малявала акварэллю, а потым гэта алічбоўвала. Я заплаціла вельмі шмат і зразумела, што далей мы будзем выкарыстоўваць проста малюнкі з інтэрнэту — і пачалі працаваць у Canva.
А яшчэ падручнік выйшаў з памылкамі, бо ў нас не было рэдактара і вярстальшчыка. Але гэта быў першы матэрыял, які мы выдавалі. Я ў яго верыла, ён быў патрэбны. І нават акупіўся, але ў той момант я аддала шмат грошай.
«У 2022 годзе наша назва крыху трыгерыла ўкраінцаў»
— Як ты выбіраеш выкладчыкаў?
— Няма забабонаў, бярэм усіх: і нейціваў, і беларусаў, і ўкраінцаў, і расіян. Напрыклад, ёсць хлопцы, якія нарадзіліся ў Іркуцку, дзе найбольшая польская эміграцыя, бо калісьці перасялялі туды палякаў. Там нарадзіліся дзеці, якія вучылі польскую, закончылі польскую філалогію і прыйшлі да нас працаваць.
Апошнія два гады я займаюся наймам толькі «топаў», а для працаўладкавання лінейных супрацоўнікаў ёсць асобны аддзел і кіраўнік выкладчыцкага аддзела. У нас ёсць працэдура, па якой праганяем кожнага кандыдата — адбор праходзіць у чатыры этапы. І далей глядзім на паказчыкі, KPI, чаго яны дасягаюць, не дасягаюць, і вырашаем, ці працягваем далей працу.

Спачатку шукаць выкладчыкаў было складана, бо ў школы яшчэ не было брэнда. Polish for Belarus — спецыфічная назва, асабліва для палякаў. Быццам гэта нешта маленькае, хоць так яно калісьці і было.
— Чаму ты выбрала менавіта назву школы з фокусам на беларусаў?
— Мне заўсёды ўсе казалі, што гэта «дзіч», што назву трэба мяняць, бо ніхто да мяне не пойдзе. У выніку яно, наадварот, спрацавала добра, бо пасля 2020 года людзі куды ішлі? У Polish for Belarus.
Чаму так назвала школу? Бо я люблю польскую мову і вельмі моцна люблю Беларусь.

Ці былі ў мяне думкі пра змены? Так, былі. Не выключаю верагоднасці, што будзем рабіць рэбрэндынг і мяняць назву. Пакуль проста ў гэты бок не думала.
— Але ці не перашкаджала назва людзям з іншых краін прыходзіць у школу?
— Сто працэнтаў назва зразае колькасць украінцаў. З другога боку, ці былі б мы настолькі класнымі для беларусаў, калі б мы проста змяшаліся ва ўсёй масе школ?
Усё ж лічу, што назва нам вельмі спрацавала на руку. Так, украінцаў прыходзіць менш. Ці пакутуем мы ад гэтага? Не асабліва. Няма тых магутнасцей, каб яшчэ ахапіць гэтую гісторыю. У будучыні цалкам можа быць, што мы да гэтага прыйдзем.

Дарэчы, у 2022 годзе наша назва крыху трыгерыла ўкраінцаў — нам пісалі розныя непрыемныя рэчы. Але гэта окей, бо ў людзей вялікая бяда. У мяне на гэтай глебе не ўзнікала думкі мяняць назву.
«Мы зараз працуем у чырвоным акіяне»
— Што яшчэ вылучае вас на рынку сярод канкурэнтаў?
— Мы зрабілі сваю праграму і сваю методыку менавіта пад славянамоўных людзей. Бо большасць школ і рэпетытараў працуюць па двух падручніках, вядомых усім: Krok po kroku, які быў напісаны ў 2012 годзе, і HURRA!!! з 2003 года.
Самая важная штука, што ў прынцыпе праграмы, створаныя для вывучэння польскай замежнікамі, заўсёды былі напісаны для тых, у каго мовай-пасярэднікам з’яўляецца англійская. Ні руская, ні беларуская, ні ўкраінская — ніякая славянская мова. Праз гэта сама праграма, працягласць заняткаў і курса падладжаныя пад англамоўных студэнтаў.

У нас вучацца людзі з Грузіі, Азербайджана, Казахстана, Беларусі, Украіны, Расіі, таму мы канцэнтруемся на тых тэмах, якія менавіта ў нашых мовах адрозніваюцца ад польскай. Для прыкладу, для англамоўных робіцца ўпор на лічэбніках, іх праходзяць некалькі заняткаў запар. Нам гэта не трэба: за 5 хвілін прачытаць, запомніць і паўтарыць.
Цыкл з 0 да B1 (а гэта асноўная мэта людзей, каб атрымаць сертыфікат для дакументаў у Польшчы), у нас займае год. Праграма іншых падручнікаў разлічана мінімум на два гады. Многія школы спрабуюць адаптаваць праграму, зрабіць сваю зборную саляначку з матэрыялаў. Мы ўсё ўніфікавалі, звялі ў свае навучальныя дапаможнікі, загрузілі на платформу для хатніх заданняў і запакавалі ў даступную форму для славянамоўных людзей.
Яшчэ мы вельмі класна рыхтуем да сумоўя на ПМЖ і карту паляка — у нас стопрацэнтная здача і там, і там. А ўсе выпускнікі, якія ў нас заканчваюць курс на B1 і здаюць унутраны экзамен у школе, здаюць дзяржэкзамен, прычым маюць высокія працэнты.
Мы робім не проста школу, а ствараем кам’юніці. Ладзім паездкі па Польшчы, афлайн-мерапрыемствы. Працуем на тое, каб людзі тут, у эміграцыі, знаходзілі для сябе кантакты: сяброў, бізнес-партнёраў, мужоў ці жонак.

У нас класная каманда, і мы навучылі шмат класных людзей. Карацей, мы проста крутыя.
— Цяжка ўтрымліваць колькасць вучняў?
— Зараз рынак польскай мовы змяніўся: адкрылася шмат школ, з’явілася шмат блогераў, якія да сябе на заняткі запрашаюць. Мы зараз працуем у чырвоным акіяне, калі казаць пра канкурэнцыю.

Цяпер колькасць людзей, што хочуць вывучаць польскую, не такая вялікая, як была ў 2021-2022 гадах. Тым не менш, наша каманда знаходзіць новыя шляхі прыцягнення людзей у школу. Выціскаем з сябе максімум для таго, каб заставацца ў плюсе і мець магчымасць генераваць новыя прадукты, развіваць школу, фіксіць нейкія ўнутраныя працэсы, аперацыйку і гэтак далей. Пакуль атрымліваецца.
«Здаецца, што на паперы ўсё добра, а насамрэч нічога не маеш»
— Якія здараліся факапы?
— Былі і дрэнныя водгукі, і прыкрыя сітуацыі. Я памылялася ў людзях, асабліва спачатку. Бярэш на працу чалавека, ён нічога не робіць, памыляецца, але лічыць, што працуе добра. А ты страчваеш грошы.
Потым няправільна палічаная юніт-эканоміка — гэта класіка ва ўсіх, хто пачынае бізнес.
Былі няправільна закладзеныя выдаткі ў фінмадэлі: здаецца, што на паперы ўсё добра, а насамрэч нічога не маеш.
— Як спраўляцца са складанасцямі?
— Сола-прадпрымальніку гэта складана зрабіць, бо я ведаю, што ў людзей, якія маюць бізнес-партнёрства, гэта іншая гісторыя.

Напрыклад, я не магу абстукаць свае рашэнні ні аб каго: не пойдзеш жа да супрацоўнікаў раіцца па суперважных пытаннях.
Але як чалавек, які сам вядзе бізнес, спалучае ў сабе і фаўндэра, і СЕО, я знайшла такую мадэль, калі можна нейкія патэрны адпрацоўваць з тэрапеўтам, а з ментарам абмяркоўваць свае ідэі.
— Якая роля ментара?
— Гэта чалавек, які ў тваёй сферы дасягнуў добрых вынікаў, большых за твае, які пажаваў гаўна на гэтым шляху і гатовы за грошы сваім досведам дзяліцца.
У мяне быў добры ментар, з якім я магла абмяркоўваць свае ідэі, а ён падказваў, як іх дапрацаваць. А калі я думала, што адбываецца катастрофа, ён вяртаў мяне на зямлю і казаў, што гэта нармальны этап.
Прадпрымальніку важна мець такую моцную апору, пакуль ты ў сабе яе цалкам не пабудаваў.
А яшчэ вельмі важна, і чаго мне не хапала — балансу. Праца запоўніла ўсё маё жыццё, было вельмі складана дэлегаваць і давяраць. Я ўвесь час улазіла ў працэсы, нават у перапіскі аддзела продажаў з кліентамі.

Але рана ці позна любы прадпрымальнік прыходзіць да прынцыпаў стаіцызму: «калі будзе праблема, то і будзем яе вырашаць». І да выхавання ўнутранай устойлівасці, каб цябе не ламалі базавыя рэчы.
Бо калі ты губляеш галаву, то каманда гэта хутка адчувае, і пачынае сыпацца. У мяне быў перыяд, калі я зразумела, што магу пахаваць усё, што стварыла, проста таму, што транслявала стан трывожнасці.
Таму важна сачыць за псіхічным і фізічным станам. Я абавязкова займаюся спортам два разы на тыдзень, не п’ю алкаголь, гуляю з сабакам, бачуся з сябрамі на выходных. І так, выходныя — гэта выходныя.

І я не лезу ў чужыя праблемы: калі супрацоўнік не прыйшоў да мяне з пытаннем — значыць, ён разбіраецца з ім сам.
— Што б ты памяняла ў сваіх дзеяннях пры стварэнні ці развіцці школы?
— Наогул нічога. Гэта патрэбныя памылкі.
У той момант здаецца, што ўсё дрэнна, у цябе істэрыка, дэпрэсія і гэтак далей. Але азіраючыся назад, я б не мяняла нічога. Ніводнага чалавека, з якім не склалася. Нават лічбы ці пагрозы касавых разрываў, стратныя прадукты — усё гэта частка пазла, частка майго досведу.
Напэўна, я б нават з задавальненнем зноў прайшла гэты шлях.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.