Бізнес на памяці: беларускім эмігрантам прапануюць паслугі па доглядзе магіл сваякоў

Праект MyMemory.live манетызуе патрэбу беларускіх эмігрантаў клапаціцца пра пакінутыя на радзіме магілы продкаў.

«Гэты сэрвіс быў створаны, бо мы самі мелі ў ім патрэбу. Гэта не было марай дзяцінства, але збегам абставін мы сутыкнуліся з шэрагам праблем і вырашылі, што трэба дапамагаць іншым іх вырашаць», — кажа Ганна Мішына з MyMemory.live.

Падрадчыкі праекта ў Беларусі займаюцца прыбіраннем месцаў пахавання, рэстаўруюць і ўсталёўваюць помнікі і агароджы, дапамагаюць з выбарам і вырабам помнікаў.

Найбольш выгадна супрацоўнічаць з праектам па лісце папярэдняга запісу — гэта спіс заявак на калектыўнае прыбіранне на пэўных могілках або ў горадзе.

MyMemory.live збірае лісты папярэдняга запісу два разы на год. Плаціць пры запаўненні анкеты не трэба — аплата будзе толькі па факце зацвярджэння даты выезду на прыбіранне.

Калі набіраецца група з 10 і больш заявак, то рабочыя выязджаюць на могілкі, дзе прыбіраюць тэрыторыю, ачышчаюць помнік і плітку, ставяць кветкі і запальваюць знічку. Кліенты атрымліваюць фота- і відэасправаздачу аб выкананай працы.

Кошт прыбірання ў межах групавой замовы — €110 нета.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *