У Польшчы спыніла дзейнасць беларускае іміграцыйнае агенцтва uMove

У канцы сакавіка прыпыніла дзейнасць дастаткова актыўнае ў Польшчы агенцтва па аказанні іміграцыйных паслуг Qolabra, якое на рынку працавала пад брэндам uMove, піша журналіст Вадзім Сяховіч у сваім Telegram-канале.

Бізнес, які ў 2022 годзе ў Варшаве стварылі беларусы Яўген Садоўскі і Іван Лявіцкі, прапаноўваў стандартны для свайго профілю набор паслуг. Для фізічных асоб — гэта візы, легалізацыя знаходжання, адкрыццё ІП, рэгістрацыя Profil Zaufany, для юрыдычных асоб — адкрыццё «спулак», рэлакацыя, працаўладкаванне супрацоўнікаў і іншыя паслугі.

У першы год сваёй дзейнасці Qolabra/uMove аказала паслуг на больш чым 1,6 млн злотых. Але ў наступныя аб’ёмы рэзка скараціліся. У 2024 годзе выручка агенцтва склала крыху больш за 400 тыс. злотых пры крыху больш як 7 тыс. злотых прыбытку.

Пра прычыны прыпынення дзейнасці ўладальнікі uMove не паведамляюць. Але гэта не першы і, мяркуючы з усяго, не апошні беларускі бізнес у гэтай сферы, які вымушаны перапыніць дзейнасць.

Бачацца дзве галоўныя прычыны гэтага працэсу. Першая — скарачэнне маштабаў беларускай міграцыі, другая — канкурэнцыя, бо за паток рускамоўных мігрантаў, які скарачаецца, змагаюцца калегі з Украіны, Арменіі, Польшчы і іншых краін.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *