Як беларусы прыдумалі новае слова ў польскай мове

Беларуска Дар’я Майсюк, якая разам з мужам у Гданьску адкрыла кавярню з эклерамі, расказала ў Threads пра тое, як прыдуманае слова «eklerownia» стала выкарыстоўвацца ў польскай мове.

— Назву Eklerownia мы прыдумалі разам з мужам. Цяпер здаецца, што тут усё ясна і заканамерна. Эклеры — «эклероўня», што тут інавацыйнага? Але насамрэч такога слова не існавала. У нашай галаве яно гучала прыкольна, для нашых рускамоўных сяброў — дзіўна, а для палякаў яшчэ больш дзіўна.

Дар’я расказвае, што калі польскамоўная каманда кавярні ўпершыню пачула гэтае слова, то ўсе ў адзін голас заявілі, што павінна быць «EklerKownia» — ад «eklerek», «eklerka». І што «Eklerownia» — гэта крыху дзіўная назва.

— Мы з гэтай «эклерКоўняй» не змаглі змірыцца. Вырашылі, што будзе Eklerownia, а там ужо ва ўсіх сцерпіцца-злюбіцца.

А цяпер гэтае слова настолькі ўпісалася ва ўжытак у польскай мове, што стала абазначаць асобную катэгорыю: як «cukiernia», «pączkarnia» ці «burgerownia».

Фота – eklerownia.pl

Пасля гэтага, як кажа Дар’я Майсюк, слова «Eklerownia» пачалі нахабна размяшчаць на сваіх шыльдах розныя польскія кавярні па ўсёй Польшчы. Кліенты дасылалі фота шыльды ў Варшаве, на якой было напісана нешта накшталт «Eklerownia. Eklery i lody rzemieślnicze», а ў Інстаграме пачалі з’яўляцца рылсы ад буйных варшаўскіх блогераў з хэштэгам #eklerownia.

Звароты ў варшаўскае кафэ нічога не далі: беларусам адказалі, што няма парушэння слоўна-графічнага знаку, бо колеры і шрыфт іншыя. Можна было падаць у суд за нядобрасумленную канкурэнцыю, але ўладальнікі сапраўднай «Эклераўні» вырашылі, што гэта працэс доўгі, марудны і з непрадказальным канцом.

— Вырашылі ўзяць паўзу і ўсё абдумаць. Потым усё закруцілася, завярцелася, працы было шмат, час ішоў, і вельмі хутка мы даведаліся, што гэтае месца зачынілася. Карма!

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *