EPAM будзе аўтаматызаваць бізнесы кліентаў з дапамогай AI-мадэляў ад Anthropic

Малюнак: epam.com

Кампанія EPAM Systems, Inc. абвясціла пра заключэнне стратэгічнага шматгадовага партнёрства з амерыканскай кампаніяй Anthropic, якая распрацоўвае сямейства LLM-мадэляў Claude. Мэта супрацоўніцтва — паскорыць укараненне надзейных і бяспечных AI-рашэнняў на карпаратыўным узроўні.

У прэс-рэлізе адзначаецца, што ва ўмовах усё большага ціску на бізнес, калі патрабуецца пераўтварэнне інвестыцый у штучны інтэлект у рэальную эканамічную выгаду, EPAM разам з Anthropic прапануе кліентам надзейны шлях для аўтаматызацыі працоўных працэсаў, аналізу вялікіх дадзеных і мадэрнізацыі састарэлых сістэм. Дасягнуць гэта плануецца за кошт інжынернага досведу EPAM і мадэляў Claude, Claude Code і Claude Agent SDK ад Anthropic. 

У рамках праграмы партнёрства EPAM стварае спецыялізаванае падраздзяленне, якое будзе налічваць больш за 10 000 сертыфікаваных архітэктараў па прадуктах Claude, у тым ліку 250 высокаспецыялізаваных інжынераў з сертыфікатам Black Belt. На сёння кампанія сертыфікавала ўжо больш за 1300 архітэктараў, а да канца трэцяга квартала гэта лічба дасягне 5000. Акрамя таго, звыш 20 000 супрацоўнікаў EPAM ужо паспяхова прайшлі навучанне ў Anthropic Academy.

«Партнёрства з Anthropic з’яўляецца важнай вяхой у місіі EPAM стаць вядучым пастаўшчыком стратэгічных паслуг на базе штучнага інтэлекту для нашых кліентаў з ліку Global 2000. Маючы больш за 30 гадоў вопыту ў стварэнні прыкладанняў і рашэнняў карпаратыўнага ўзроўню, EPAM адкрывае новую эру карпаратыўных інавацый як галоўны архітэктар AI-рашэнняў», — пракаментавала Ілейна Шэхтэр, дырэктар па стратэгіі і трансфармацыі EPAM.

Як пазначана на спецыяльнай старонцы на сайце EPAM, сумесная прапанова з Anthropic тычыцца трансфармацыі бізнесу ў двух напрамках:

  • ШІ ў цыкле распрацоўкі (SDLC & PDLC) — інтэграцыя мадэляў Claude непасрэдна ў працоўныя працэсы інжынераў і распрацоўшчыкаў, што дазваляе значна паскорыць стварэнне новых прадуктаў.
  • Прыкладны ШІ ў бізнесе — перабудова ключавых бізнес-працэсаў, укараненне AI-агентаў для штодзённай працы супрацоўнікаў і стварэнне новых сэрвісаў, якія прыносяць дадатковы даход.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *