
Вольга Радзянка ў Беларусі працавала інжынерам і ў мадэльным бізнесе, спрабавала сябе ў кандытарскай справе, а потым пераехала ў Канаду і пачала рабіць дражэ пад уласным брэндам CHOCOGEMS. Яе гісторыю распавядае інтэрнэт-часопіс CityDog.io.
У Канаду Вольга пераехала па праграме для маладых спецыялістаў у 2020 годзе і ўладкавалася на працу шэф-кандытарам у мясцовае сямейнае кафэ. Праз год яна пераехала ў іншы горад і ўжо вырашыла працаваць на сябе — рабіць дэсерты на замову. Аднак чаканні не спраўдзіліся: Вольга хацела рабіць складаную французскую класіку, а кліенты масава замаўлялі традыцыйныя тарты — «медавікі» і «напалеоны».

Беларуска завяла блог, пачала праводзіць кулінарныя майстар-класы, а таксама прыдумала рабіць дражэ, якое мае доўгія тэрміны захоўвання.
Вольга купіла дражыравальны барабан і пачала трэніравацца. На асваенне тэхналогіі спатрэбілася некалькі месяцаў: вучылася па дзве гадзіны на дзень на хатняй кухні, пакуль спала яе малодшая дачка.

У бізнес гэта перарасло ў снежні 2025 года: беларуска атрымала статус індывідуальнага прадпрымальніка, напісала бізнес-план і падалася на дзяржаўны грант для развіцця бізнесу:
«Я атрымала 5000 канадскіх долараў (каля $3670) — і я не павінна іх вяртаць, трэба проста зрабіць справаздачу пра выдаткі. Мэта такога гранта — павялічыць аб’ём вытворчасці і прыбытак», — распавядае прадпрымальніца.
Паводле канадскіх законаў гатаваць на продаж дома нельга, таму Вольга арандуе месца на камерцыйнай кухні некалькі разоў на тыдзень па 6-7 гадзін, за што плаціць каля 19 канадскіх долараў за гадзіну. Дома дазволена толькі захоўваць закрытыя інгрэдыенты і ўпакаваную прадукцыю ў спецыяльным месцы, і гэта кантралюе санітарны інспектар.

На гэты момант большая частка пакупнікоў — гэта рускамоўныя экспаты, якія знаходзяць Вольгу праз Instagram і на кірмашах.
Але цяпер прадпрымальніца наняла маркетолага для працы з інфлюэнсерамі і выхаду на канадскую аўдыторыю, а таксама хоча пастаўляць дражэ ў мясцовыя кавярні. У планах — адкрыццё ўласнага цэха з пунктам самавывазу.
«Цяпер зарабляю больш, чым калі б проста была кандытарам дзесьці. Ніколі не захачу вярнуцца ў наём, таму што цяпер я магу рабіць тое, што хачу, ствараць розныя смакі і сама сабе будаваць графік».
