Чарга на бочкі распісаная на некалькі месяцаў: як майстар з беларускай вёскі зарабляе на старадаўнім рамястве

Фота: instagram.com/bochki.argera

Яўген Аргер у вёсцы Ляхавічы Брэсцкай вобласці займаецца рэдкай справай: робіць дубовыя бочкі для алкаголю, кадзі для саленняў і драўляныя скрыні пад сала. Яўген — бондар у другім пакаленні. Рамяству вучыўся з 12 гадоў, працуючы разам з бацькам. Цяпер ён ператварыў яго ў бізнес, і чарга з кліентаў распісаная на месяцы наперад. Гісторыю майстра расказвае «Про бизнес».

Фота: instagram.com/bochki.argera

Бацька Яўгена асвоіў бондарскую справу па кнігах. Выкладаў у школе бондарства ў Іванаве, а потым адкрыў сваю майстэрню. Сын дапамагаў яму са школьнага ўзросту: ездзіў па матэрыялы, шукаў замоўцаў і стругаў клёпкі. Разам яны адпрацавалі каля 15 гадоў. У 2022 годзе Яўген зразумеў, што двум майстрам у адным цэху стала цесна, і вырашыў адкрыць сваю справу з нуля.

Фота: instagram.com/bochki.argera

Усё абсталяванне засталося ў бацькі. Пачынаць бізнес давялося ў майстэрні памерам 2×3 метры і амаль без інструментаў:

«Пачынаў літаральна з аднаго шурупавёрта — напачатку больш нічога не было. Давялося дакупіць фрэзер, шліфмашынку, вуглавую шліфавальную машынку, распіловачны станок і фуганак».

Частку станкоў майстар сабраў сам з падручных дэталяў. Наладзіў стары савецкі дрэваапрацоўчы станок, а астатнюю апрацоўку першы час рабіў у знаёмых. На абсталяванне пайшло каля $1000–1500.

Фота: instagram.com/bochki.argera

Першыя гады Яўген Аргер сумяшчаў рамяство і выкладанне ў школе бондарства: працаваў у сваім цэху з паловы на шостую раніцы да пачатку ўрокаў, а пасля зноў вяртаўся да станкоў. Калі замоў стала хапаць на жыццё, майстар цалкам засяродзіўся на сваёй справе.

Яўген працуе з дубам, і ад нарыхтоўкі драўніны да гатовага вырабу можа прайсці 8–10 месяцаў: спачатку ствол адлежваецца, затым распілаваныя дошкі сохнуць мінімум паўгода, і толькі потым іх распілоўваюць на клёпкі. Каб кліенты не чакалі так доўга, запасы драўніны ён робіць загадзя.

Фота: instagram.com/bochki.argera

Маленькая бочка на 3 літры з кранам і падстаўкай каштуе ад 250 рублёў, а вялікая, на 200 літраў, абыдзецца ў 1000–1100 рублёў. За месяц майстар можа сабраць да 30 невялікіх вырабаў або да трох буйных купеляў.

Матэрыялы, падаткі, метал для абручоў, расходныя матэрыялы і рэклама забіраюць каля паловы выручкі, таму чысты прыбытак у сярэднім складае ад 2 000 да 3 500 рублёў.

Фота: instagram.com/bochki.argera

Бізнес прывязаны да сезону: пік замоў прыпадае на лета і восень (час хатніх нарыхтовак агуркоў і капусты, а таксама вінаробства), а яшчэ на снежань, калі бочкі купляюць у якасці падарункаў да Новага года.

Каля 80% замоў паступае праз Instagram, які вядзе жонка майстра. На таргетаваную рэкламу ідзе каля 300−450 рублёў на месяц, на паслугі таргетолага — прыкладна 450−600 рублёў. Яшчэ 20% кліентаў прыходзяць дзякуючы сарафаннаму радыё.

Фота: instagram.com/bochki.argera

Чарга на вырабы распісаная на 1–3 месяцы наперад. Сам майстар прызнаецца, што законам камерцыі ніколі не вучыўся:

«Ніякай бізнес-мадэлі я не распрацоўваў, нідзе не вучыўся на бізнесмена і агулам не лічу сябе ім. Я рамеснік, які сваёй фізічнай працай зарабляе на хлеб сабе і сваёй сям’і».

Фота: instagram.com/bochki.argera

Яўген зазначае, што праца бондара звязаная з цяжкімі ўмовамі: пастаянны драўняны пыл, мароз узімку і рызыка траўм на пілараме. Цяпер рамеснік мантуе стацыянарнае ацяпленне ў майстэрні і збіраецца набыць стужачную пілараму, каб аблегчыць распілоўку цвёрдага сухога дубу.

Фота: instagram.com/bochki.argera

У планах — прадаваць не толькі драўляную тару, але і гатовы прадукт:

«Хацеў бы ўвесці дадатковы кірунак — продаж прадуктаў уласнай вытворчасці: салёных агуркоў, капусты, памідораў і ўсяго, што можна нарыхтоўваць у кадзях. Яшчэ адзін кірунак звязаны з тым, што мы завялі свіней. Пакуль проста гадуем іх, але ў перспектыве хацелася б прадаваць хатняе сала ў кубельцах — дубовая скрыня плюс хатні прадукт. Але гэта ўжо больш далёкія планы».

Фота: instagram.com/bochki.argera

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *