«Каб прагарэць, трэба вельмі-вельмі пастарацца»: як беларускія журналісты рыхтуюцца адкрыць бар «Рэдакцыя»

Фота тут і далей: Арцём Прыпісноў

Галоўны рэдактар беларускага медыя Reform.news Фёдар Паўлючэнка цяжка ўздыхае, калі чуе пытанне пра адкрыццё бара «Рэдакцыя». Ён ужо некалькі месяцаў гатовы прымаць гасцей, але чыноўніца з санстанцыі патрабуе, каб каля барнай стойкі абавязкова была шафка. А інспектару-электрыку не спадабаліся колеры, якімі ў дакументацыі пазначаныя люстры.

У «Рэдакцыі» высокая столь, барная стойка з тоўстага зялёнага шкла, антыкварная мэбля, шмат прасторы — ідэальнае месца. Але ўсё ж: навошта журналістам бар? Як сумяшчаць напісанне артыкулаў з працай за барнай стойкай? І як гэта — стаць будаўніком, нарабіць кучу памылак падчас рамонту і паклікаць на адкрыццё 500 чалавек? Пра ўсё гэта Фёдар Паўлючэнка расказаў у інтэрв’ю spravy.io.

«З дапамогай бара хочам захаваць наша медыя»

— Навошта беларускаму медыя бар?

— Ідэя простая: з дапамогай бара ў тым ліку хочам захаваць наша медыя. Донарская падтрымка не бясконцая. А зарабляць, як традыцыйныя еўрапейскія медыя, не можам. Reform прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем», таму любыя бізнес-адносіны з намі могуць нашкодзіць патэнцыяльным рэкламадаўцам.

Вось і прыдумалі схему, пры якой рэдакцыя выступае сузаснавальнікам бара. Частка прыбытку пойдзе на працу рэдакцыі. Так станем больш устойлівымі і нават у найгоршым выпадку зможам падтрымліваць працу нашага выдання.

— У бар уклалі грошы супрацоўнікі рэдакцыі Reform, ці таксама ёсць інвестары, якія з вамі працуюць?

— Ва ўстановы пяць сузаснавальнікаў. Так, частка заснавальнікаў бара — журналісты нашай рэдакцыі. Астатнія — сябры, якія таксама інвеставалі ў бізнес.

Летась мы паўдзельнічалі ў спецыяльнай праграме, перамаглі ў конкурсе і атрымалі частковае фінансаванне на адкрыццё бізнесу для медыя. Гэта вельмі невялікія грошы, іх адных ні на што не хапіла б. Таму давялося прыцягваць іншых партнёраў.

— Гэта беларусы?

— Так, беларусы. Не ўпэўнены, ці магу называць іх імёны. Я таксама ўклаў уласныя грошы — у бары ёсць мая асабістая доля і доля рэдакцыі.

— Якая твая асабістая доля? Гэта сакрэт?

— Не сакрэт. Больш за тое, усе звесткі будуць у польскім рэестры. Але пакуль мы дамовіліся з партнёрамі, што канчаткова размяркуем долі, калі атрымаем ліцэнзіі і бар запрацуе. Падзелім у залежнасці ад таго, хто колькі выдаткаваў на адкрыццё. Пакуль не ведаем.

— Колькі каштуе адкрыць вялікі бар у цэнтры Варшавы?

— Не буду называць канкрэтныя сумы не толькі таму, што не хацеў бы раскрываць гэтую інфармацыю. Частку працы мы зрабілі самі, сваімі рукамі, частку — сябры. Таму, напэўна, атрымаецца не вельмі карэктная сума, на якую можна арыентавацца. Да таго ж праз няведанне нарабілі шмат памылак, за якія давялося заплаціць.

«За сваю недасведчанасць заплацілі больш, чым маглі б»

— Раскажы пра памылкі.

— О, іх бясконца шмат! Напрыклад, выйгралі на конкурсе памяшканне, якое трэба было рамантаваць, і адразу пачалі плаціць за яго. Галоўная памылка — звязаліся з не надта адказнымі падрадчыкамі, якія зацягнулі рамонт на сем месяцаў. І ўвесь гэты час мы плацілі арэнду. Магчыма, для бара ў Варшаве гэта і невялікая сума, але для нас істотная.

— Наколькі дарагая арэнда?

— Плошча бара — больш за 160 квадратных метраў. Нам гэта абыходзіцца прыкладна ў 14 тысяч злотых плюс камунальныя плацяжы. Гэта ніжэй за сярэдні кошт камерцыйных памяшканняў у Варшаве.

Праз прастой гэтыя грошы мы проста пускалі на вецер. Часткова вярнуць іх атрымаецца толькі тады, калі зацвердзяць каштарыс рамонту.

— Можна было зрабіць інакш?

— Так, калі б знайшлі надзейнага падрадчыка і заключылі дамову, паводле якой ён адказваў бы за ўсе затрымкі і прастоі.

Яшчэ адна гісторыя — дамова з ахоўным агенцтвам. Усё адбывалася паралельна, і аказалася, што заключыць такую дамову прасцей за ўсё. Бар своечасова не адкрыўся, але давялося плаціць і за паслугі аховы. Назбіралася сума з трыма нулямі, якая балюча ўдарыла па кішэні.

Ці яшчэ прыклад. Я шукаў матэрыялы для рамонту. Знайшоў зялёную плітку для барнай стойкі. Пакуль абмяркоўвалі з калегамі, ці варта браць, пакуль вырашалі, яе прадалі. У выніку давялося купіць такую самую плітку, толькі ўтрая даражэй. І такіх гісторый вельмі шмат. Жартуем, што, напэўна, прасцей адкрыць яшчэ адзін бар: цяпер мы ўжо не паўторым гэтых памылак, і ўсё будзе значна танней і хутчэй.

— Усё праз недасведчанасць?

— Так, мы разумелі, што заплацім за недасведчанасць. Але аказалася, заплацілі за яе значна больш, чым маглі б.

«Інспектарка санэпідслужбы вырашыла патрэніравацца менавіта на нашым бары»

— Калі адкрыццё?

— Гэта самае балючае пытанне. Усё гатова ўжо два-тры месяцы. І калі б былі ўсе ліцэнзіі і дакументы, маглі б даўно працаваць. Але з гэтым няпроста. Якраз праходзім працэдуру атрымання ўсіх дазволаў. І як бы банальна гэта ні гучала — нейкі Кафка. Сутыкаемся з абсурднымі патрабаваннямі чыноўнікаў.

— Напрыклад?

— Інспектар па электрыцы не прыняў рамонт, бо ў дакументацыі дзве люстры былі пазначаныя не тым колерам. Дагэтуль не атрымалі ад яго дазволу: увесь час знаходзяцца нейкія прычыны, чаму нельга прыняць рамонт.

Або інспектарка санэпідслужбы вырашыла, што менавіта на нашым бары трэба патрэніравацца выконваць усе патрабаванні, і выставіла прэтэнзіі напоўніцу. Каб прайсці санітарную праверку, нанялі спецыяліста. Заплацілі, каб ён праверыў і паглядзеў, ці ўсё ў нас у парадку. Але нават ён быў шакаваны. Сказаў, што ўпершыню бачыць такія патрабаванні. На іх выкананне мы дадаткова патрацілі тысячы еўра. То бок заплацілі за тое, каб чыноўнік адчуў сябе патрэбным.

«Трэба самім прайсці кожны этап, каб зразумець, як гэта працуе»

— Раскажы пра канцэпцыю ўстановы.

— Адкрываемся як бар з алкаголем. Вельмі спадзяёмся атрымаць алкагольную ліцэнзію. Працаваць будзем з 17:00 да 23:00–24:00. Для нас гэта тэст: трэба пачаць зарабляць першыя грошы, каб адразу пакрываць арэнду і кампенсаваць выдаткі.

Наступным этапам, калі зразумеем, як усё працуе і як гэта наладзіць, будзе, вядома, кухня. Памяшканне пад кухню ўжо гатовае, не хапае толькі абсталявання. Але кухня — ужо іншы ўзровень. Трэба спачатку хоць на чымсьці пачаць зарабляць, а далей будзем развівацца.

Ідэй шмат. Не толькі кухня, не толькі імпрэзы. Плануем праводзіць тут нашы стрымы «Саша, что ты несёшь?». Магчыма, адкрыем кнігарню — што заўгодна.

Але пакуль самы просты спосаб — прадаваць напоі і алкаголь ды збіраць людзей у добрым месцы ў цэнтры Варшавы.

— Вы з Сашам Атрошчанкавым самі будзеце стаяць за барнай стойкай ці ўсё ж будзеце наймаць падрыхтаваных людзей?

— Трэба самім прайсці кожны этап, каб зразумець, як гэта працуе. Вось разабраліся, як працуе будоўля. Гляджу на памяшканне і бачу вялікую машыну, механізм. Ведаю, дзе пракладзеныя правады, як працуюць калонкі, дзе падключанае святло, дзе каналізацыя і ўсё астатняе. Цяпер успрымаю гэта не проста як памяшканне, а як арганізм, у якім разбіраюся.

Тое самае з працай у бары. Будзем самі праходзіць усе этапы — як завозіць кегі, як карыстацца тэрміналам. І толькі пасля гэтага будзем наймаць барменаў.

«Магчыма, бар стане сапраўднай рэдакцыяй для нашай каманды»

— Бар не перашкаджае працы рэдакцыі Reform? Як вы ўсё сумяшчаеце?

— Не сказаў бы, што не перашкаджае. Калі нешта не атрымліваецца — вось як з першага разу не прайшлі санітарную праверку, — гэта, вядома, засмучае і ўплывае на працу ў цэлым. Але калі ўсё запусціцца, я паўнавартасна вярнуся ў журналістыку.

Быў перыяд, калі даводзілася больш часу аддаваць бару. А можа, бар нават дапамагае: адцягваешся на нешта новае і не чытаеш па дзве тысячы навін на дзень… Вось мы цяпер размаўляем, а да гэтага я сядзеў тут, адначасова вырашаў тэхнічныя пытанні і працаваў. Пакуль атрымліваецца сумяшчаць.

— То бок бар — гэта свайго кшталту офіс Reform…

— Так, бо ў нашай рэдакцыі няма офіса. Працуем дыстанцыйна, анлайн. І, магчыма, гэтая пляцоўка, бар, стане той самай рэдакцыяй для нашай каманды.

— Не баішся, што такі офіс Reform прыцягне ўвагу нядобразычліўцаў? Не асцерагаешся правакацый?

— Думалі пра гэта ад самага пачатку. Па-першае, безумоўна, разлічваем на супольнасць: публічнасць, падтрымка сяброў, аўдыторыі, калег — найлепшая абарона.

Па-другое, вы бачылі Аляксандра Атрошчанкава жыўцом? Я б вельмі хацеў паглядзець, як нехта паспрабуе зладзіць правакацыю ў бары, які Аляксандр зрабіў сваімі рукамі.

Мы жывём у Варшаве, у Польшчы. Тут ёсць прававыя механізмы абароны такіх месцаў, як наша. Ёсць ахова, відэакамеры, паліцыя. Спадзяюся, у выпадку праблем мы зможам сябе абараніць.

«Што б беларусы ні рабілі, усё ператвараецца ў палітыку»

— Падчас будоўлі і праблем з ліцэнзіямі не ўзнікала думак: «Божа, навошта мне гэты бар?»

— Гэта добры выклік. Мне хацелася адкрыць бар. Маім калегам хацелася адкрыць бар. Каб самім зарабляць грошы, а не шукаць іх у донараў, спонсараў ці аўдыторыі. Усім вельмі ўдзячныя за падтрымку, але гэта няўстойлівая мадэль працы медыя. А тут атрымліваем сапраўдную незалежнасць: дзякуючы ўласнаму бару можам займацца тым, што любім. Ды і проста бар — гэта цудоўна, мне падабаецца. Ні разу не пашкадаваў.

— Напэўна ж склалі бізнес-план і разлічылі, колькі бар мусіць зарабляць штомесяц, каб утрымліваць не толькі сябе, але і рэдакцыю?

— Так, вядома, бізнес-план ёсць. Не буду грузіць лічбамі, але мы ўсё падлічылі. Калі коратка: каб прагарэць, трэба вельмі-вельмі пастарацца.

— Побач з вамі даволі шмат беларускіх месцаў. Хаця б два Beer Station на вуліцах Lwowska і Żurawia. Чым «Рэдакцыя» будзе адрознівацца ад іншых беларускіх устаноў?

— Паводле розных ацэнак, у Варшаве жыве каля 50 тысяч беларусаў. Нават калі арыентавацца толькі на іх, можна адкрыць яшчэ з дзясятак бараў і нармальна сябе адчуваць.

Мы ў добрым месцы. Побач з намі інтэрнат на 750 чалавек. Нават гэтых студэнтаў хапіла б, каб бар зводзіў канцы з канцамі. Не бачу праблемы і пакуль лічу канкурэнцыю вельмі ўмоўнай.

— Хочаш, каб гэта быў проста бар каля дома ці беларускае месца са сваімі фішкамі і канцэпцыяй?

— Вядома, хацелася б, каб гэта быў класны бар каля дома. Але беларуская сітуацыя такая: што б беларусы ні рабілі, усё ператвараецца ў палітыку. І як ні круці, асабліва з улікам таго, якая ў нас аўдыторыя і якія ў яе інтарэсы, нават калі мы самі не хацелі б глыбока ў гэта заходзіць, ёсць запыт, каб гэта было не проста месца, а месца з зорачкай: культурныя імпрэзы, знакавыя рэчы, аўдыторыя, якой пазайздросціць любая варшаўская ўстанова…

Мы нават паспелі тут зняць фільм «Пукст на Севере»! Усё атрымліваецца культава, легендарна — яшчэ не адкрыліся, а ўжо столькі гісторый.

«Галоўнае пытанне сяброў і знаёмых: гэта толькі для журналістаў?»

— Колькі людзей бар гатовы прымаць кожны вечар?

— Агульная плошча бара — каля 170 квадратаў. Ёсць памяшканне для персаналу, склад, кухня. Для гасцей застаецца больш за 100 квадратных метраў. Калі ўсіх пасадзіць на крэслы, змесціцца больш за 50 чалавек. Стоячы можна прыняць 100–150 гасцей.

Прыкладна ўяўляем, як у Варшаве працуюць «хвалі» наведвальнікаў. Панядзелак — чацвер і нядзеля — не самыя прыбытковыя дні, у пятніцу і суботу бары зарабляюць асноўныя грошы.

Але месца тут даволі цікавае. У гэтым раёне ў нас была студыя, і пасля эфіраў «Саша, что ты несёшь?» мы з Аляксандрам і калегамі хадзілі на піва. Магу сказаць, што ўсе ўстановы забітыя сем дзён на тыдзень. Бо студэнты, бо месцаў не так шмат, бо ўсім хочацца сустракацца з сябрамі там, дзе не вельмі дорага. Менавіта на гэтую аўдыторыю мы і будзем арыентавацца. Таму спадзяюся, што людзі будуць у любы дзень тыдня. І на беларусаў, вядома, таксама разлічваю.

— Думаеш, большасць наведвальнікаў будуць беларусамі?

— Не ўпэўнены. Хаця, вядома, на старце арыентуемся на беларусаў.

— Аўдыторыя медыя дапамагала будаваць бар?

— Так. У нейкі момант мы з Сашам мусілі пафарбаваць столь. А памяшканне вялікае. Калі б узяліся самі, напэўна, месяц пырскалі б фарбай на гэтую столь. Спыталі ў эфіры: раптам у кагосьці ёсць абсталяванне? З намі звязаўся глядач: «Бярыце, карыстайцеся». Мы пытаемся: «А самі здолеем працаваць з такім складаным абсталяваннем?» Ён падумаў і адказаў: «Не, дакладна не здолееце». Прыйшоў і за два дні пафарбаваў усю столь. Можна сказаць, бясплатна, бо гэта каштавала б велізарных грошай.

Потым прыйшоў калега, які адкрывае невялікі бізнес з крафтавай акустыкай. Павесіў калонкі і ўзмацняльнік, а грошы ўзяў толькі за матэрыялы. Сказаў: «Будзеце маімі першымі кліентамі. Хачу, каб тут віселі мае калонкі». Гэта магло каштаваць велізарных грошай, а ў выніку атрымаліся афігенна прафесійныя, крутыя калонкі ад нашага сябра.

І такіх гісторый шмат. Усе нашы сябры так ці інакш паўдзельнічалі ў прыбіранні, фарбаванні і іншых справах бара. Таму можна сказаць, што гэта будоўля як у Марка Твэна. Дзякуй усім, хто дапамог…

— Можаш уявіць ідэальны дзень у вашым ужо адкрытым бары?

— Усё завязана на аўдыторыі: колькі людзей прыйдзе, як яны будуць сябе адчуваць, спадабаецца ім ці не. Усё гэта вельмі падобна да працы медыя. Журналісты і медыяменеджары таксама думаюць, як сабраць аўдыторыю ў сацсетках і на сайце, чым яе прыцягнуць, які зрабіць загаловак.

«Калі не запросім чалавек 500, з намі перастануць размаўляць»

— Які загаловак будзе ў вашага бара?

— Ты мяне збянтэжыла. Не хочацца рабіць жоўты загаловак… У Reform ёсць свой стыль, таму і назвалі бар «Рэдакцыя» — проста і зразумела. Цяпер галоўнае пытанне сяброў і знаёмых: гэта толькі для журналістаў? Не, не толькі. Але, хутчэй за ўсё, для журналістаў зробім нейкую праграму лаяльнасці ці прыдумаем сістэму зніжак.

А яшчэ праз тое, што палову, калі не большую частку працы, мы зрабілі тут сваімі рукамі, я цяпер сам магу заліць падлогу, зашпакляваць і атынкаваць сцены, усё пафарбаваць, уставіць дзверы, усталяваць сантэхніку. Рабочыя, якіх наймалі, сказалі: «Фёдар, мы б цябе ўжо ў сваю брыгаду ўзялі». Так што калі ўсё пойдзе не так, змагу зарабляць будаўніком.

— Якім будзе адкрыццё бара?

— Думаю, адкрыццяў будзе некалькі, для розных аўдыторый: усіх адначасова наўрад ці атрымаецца сабраць. Ужо цяпер прыкінулі: калі не запросім чалавек 500, з намі перастануць размаўляць. Адначасова гэта наўрад ці атрымаецца. Таму для гледачоў «Саша, что ты несёшь?» зробім асобнае запрашэнне і адкрыццё.

Чым больш займаюся барам, тым больш ён нагадвае мне медыя. Трэба сабраць аўдыторыю і ператварыць яе ў прыбытак. І калі ў медыя мы не можам прадаваць рэкламу праз «экстрэмісцкі» статус, то тут усё проста і зразумела. Атрымліваецца, гэта не проста пра тое, каб выпіць алкаголю, а цэлая пратэсная заява: купіў келіх піва ці віна — і аўтаматычна падтрымаў працу беларускіх журналістаў! Мне здаецца, гэта можа быць добрым слоганам.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *