
У 55 гадоў беларуска Марына Ганчарова стварае інтэр’ерныя лялькі, якія купляюць людзі з розных краін свету — яе гісторыю распавядае MOST.
Яшчэ ў дзяцінстве Марына парэзала новыя татавы штаны, каб пашыць сукенку для лялькі. А калі вырасла, то вывучылася на закройшчыцу-краўчыху жаночага і дзіцячага адзення. У 90-х працавала ў атэлье, але хутка стамілася ад патоку аднастайных касцюмаў.
«Мне заўсёды хацелася творчасці і свабоды фантазіі», — распавядае яна.
Пераход у індывідуальны пашыў даў свабоду, але неўзабаве гэты рынак абваліўся пад ціскам таннага мас-маркета і сэканд-хэндаў.
Нішу з інтэр’ернымі лялькамі Марына Ганчарова знайшла ў 2019 годзе: стартавала з папулярнага стылю Тыльда, але потым пачала шыць у сваім аўтарскім стылі.

У 2023 годзе Марына пераехала ў Польшчу, забраўшы з Беларусі ў тым ліку і дзве скрыні з тканінамі і матэрыяламі для лялек.
«Да моманту пераезду ў Польшчу мой беларускі акаўнт сабраў больш за 1200 падпісчыкаў. Замовы прыходзілі не толькі з Беларусі, але і з Расіі ды іншых краін».
Пасля пераезду давялося выбудоўваць маркетынг з нуля: Марына завяла новы акаўнт у Instagram, пачала весці старонкі ў Facebook і Threads, зарэгістравалася на Etsy і Vinted. І цяпер лялькі Марыны купляюць беларусы, палякі, украінцы і нават амерыканцы.
Часцей за ўсё замаўляюць кастомныя лялькі па фота — у падарунак на вяселле або дзень нараджэння. Паколькі дакладнага партрэтнага падабенства ў тэкстылі дасягнуць складана, вобраз Марына перадае праз унікальны гардэроб і дэталі.

У партфоліа майстрыні ўжо больш за 150 прац: ад маракоў і фатографаў да герояў «Гары Потэра». Аднак Марына прынцыпова не робіць лялек у вобразе вайскоўцаў і міліцыянераў.
Ператварыць хэндмэйд у маштабаваны бізнес складана праз спецыфіку ручной працы. На выраб адной лялькі ідзе каля двух тыдняў карпатлівай працы і пошуку патрэбных матэрыялаў. Сярэдні кошт лялькі — ад 280 да 400 злотых у залежнасці ад складанасці.

«Гэтых грошай недастаткова для паўнавартаснага жыцця ў Польшчы, таму пакуль мая творчасць застаецца хутчэй камерным рамяством, чым стабільным бізнесам».
