Алкаголь, ІТ і паслугі: хто ўвайшоў у топ-25 беларускіх бізнесаў у Эстоніі

Фота: Sérgio Alves Santos, Unsplash

Сукупны абарот, які згенеравалі беларускія бізнесы ў Эстоніі, у 2025 годзе склаў каля €180 млн. Лідарам стаў алкатрэйдар Elspirits, больш за 2/3 кампаній са 150 найбуйнейшых — гэта дыстрыб’ютары і ІТ-бізнесы, падлічыў эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч.

За 2025 год колькасць беларускіх бізнесаў у Эстоніі з гадавым абаротам звыш €100 тысяч вырасла са 142 да 150. Сукупны абарот таксама крыху павялічыўся — з €169,8 млн у 2024-м да €172,7 млн.

Фота: Leo Roomets, Unsplash

На першым месцы і па колькасці кампаній (52), і па долі ў агульнай суме — гандляры. У топ-5 — чатыры такія кампаніі, якія займаюцца дыстрыбуцыяй алкаголю, нафтапрадуктаў, лабараторнай тэхнікі і прадуктаў харчавання.

Недалёка ад гандляроў — прадстаўнікі ІТ-сектара: 46 кампаній са 150. Кідаецца ў вочы, што бізнесаў з «гучнымі» брэндамі ў Эстоніі не так і шмат. Пераважна гэта прадстаўнічыя офісы, а таксама стартапы, бо Эстонія славіцца сваёй экасістэмай для іх вырошчвання.

22 бізнесы прадстаўляюць сектар паслуг, 17 — транспартна-лагістычную галіну, 7 — будаўніцтва і 6 — вытворчасць.

А вось такім чынам выглядае ўклад прадстаўнікоў найважнейшых сегментаў у агульную суму абароту ў 2025 годзе:

  • Гандаль — €82,1 млн (у 2024 годзе — €86,1 млн)
  • ІТ — €36,5 млн (€33,1 млн)
  • Паслугі — €34,2 млн (€28,2 млн)
  • Транспарт і лагістыка — €12,5 млн (€15,3 млн)
  • Вытворчасць — €4,5 млн (€4,0 млн)
  • Будаўніцтва і дэвелапмент — €2,8 млн (€3,1 млн)

Аб’ёмы ў гандлі, транспарце і будаўніцтве падалі, у ІТ, паслугах і вытворчасці — раслі.

Хто ў лідарах?

Першыя тры месцы па выніках 2025 года занялі глабальныя гульцы з прыкметнымі пазіцыямі ў сваіх нішах.

1. Elspirits (кампанія заснаваная ў 2022 годзе) — бізнес належыць Вадзіму Якушаву. Кампанія займаецца дыстрыбуцыяй моцнага алкаголю, французскіх і італьянскіх вінаў, крафтавага піва, безалкагольных напояў, сокаў і некаторых FMCG-тавараў. Ключавымі рынкамі ў 2025 годзе былі Расія, Беларусь, ААЭ, Сербія і Кіпр. У бізнесмена ёсць даччыныя кампаніі ў Польшчы і Германіі.

Скрыншот: elspirits.com

2. Baltia Trading Company (створаная ў 2017 годзе) — гэтая структура з’яўляецца часткай Групы кампаній Е100 Уладзіміра і Максіма Стаецкіх (галаўны офіс — у Польшчы) і адказвае за распрацоўку і ўкараненне працэсінгу паліўных карт, білінгавых і CRM-сістэм і мабільных дадаткаў.

Скрыншот: baltia.ee

3. Petrohim International Carriers (заснавана ў 2020 годзе) — кампанія ўваходзіць у аднайменны панбалтыйскі нафтатрэйдарскі бізнес, які шмат гадоў развівае ў Латвіі, Літве і Эстоніі Яўген Бароўскі. Цяпер кіраванне групай знаходзіцца ў Вільнюсе.

Скрыншот: petrohim.lt

Увесь топ-25 найбуйнейшых беларускіх бізнесаў у Эстоніі выглядае так:

№КампаніяГорадСектарАбарот у 2025 г. (млн еўра)Абарот у 2024 г. (млн еўра)
1ElspiritsТалінгандаль23,432,2
2Baltia Trading CompanyТалінпаслугі22,015,6
3Petrohim International CarriersТалінгандаль9,74,2
4MN LaboratooritehnikТалінгандаль5,62,6
5PolybuildТалінгандаль5,30,3
6Elain MedicalТалінгандаль4,84,7
7BoyarТалінтранспарт і лагістыка4,22,6
8ArtAppsТалінIT3,71,2
9FarbaHouseТалінгандаль3,63,1
10ElbaxТалінIT3,53,0
11TrafficLeaderТалінIT2,91,8
12GrossventesТалінгандаль2,90,3
13Stockmann BalticТалінгандаль2,63,7
14WiseAppsТалінIT2,4—
15Ultra StellarТалінIT2,22,2
16Vondel MarketingТалінпаслугі2,02,3
17Bamboo GroupТалінIT1,92,5
18One ManagementТалінгандаль1,91,8
19EscomestТалінтранспарт і лагістыка1,91,3
20HQSystemsТалінIT1,82,0
21PMTech EngineeringТалінвытворчасць1,81,7
22EstBelComТалінгандаль1,70,2
23Adoris Invest GroupТалінгандаль1,72,4
24LightAppsТалінIT1,61,6
25T&L GroupТалінгандаль1,61,8

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *