Беларускі бізнесмен набыў найбуйнейшы газавы тэрмінал на польска-расійскай мяжы

Фота: glob-terminal.pl

Польскі трэйдар прапану Аляксандр Івановіч, які мае пашпарты Беларусі і Польшчы, стаў уладальнікам газавага тэрмінала Glob-Terminal у раёне памежнага пераходу Бранева на польска-расійскай мяжы, паведамляе эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч у сваім Telegram-канале.

Прадаўцом аднаго з найважнейшых аб’ектаў газавай перавалачнай інфраструктуры Польшчы стаў расіянін Сард Сардараў з рэзідэнцтвам на Кіпры. Сума здзелкі не называецца, але ў 2020-х гадах яе можна лічыць найбуйнейшай з удзелам беларускага бізнесу ў Польшчы.

Аляксандру Івановічу належаць дзве трэйдарскія структуры, праз якія ён з пачатку 2010-х гадоў забяспечвае оптам і ў розніцу польскіх спажыўцоў звадкаваным вуглевадародным газам (ЗВГ). Яго кампаніі Centrumgaz (створана ў 2010 годзе ў Жырардаве) і Weratek (зарэгістраваная ў 2022 годзе ў Эльблонгу) прадаюць пераважна прапан, які выкарыстоўваецца для ацяплення прыватных дамоў, прамысловых прадпрыемстваў і ферм. Сукупная выручка гэтага бізнесу ў 2024 годзе амаль дасягнула 250 млн злотых: 154,5 млн — у Centrumgaz і 87,8 млн — у Weratek. У Аляксандра Івановіча ёсць партнёры-мінарытарыі ў абедзвюх кампаніях: у першай гэта Марыя Івановіч, у другой — Алена Гаўрыш.

Фота: glob-terminal.pl

Кампанія Glob-Terminal, якая перайшла ў гэтым годзе пад 100% кантроль беларускага бізнесмена, была створана ў 2005 годзе ў Беластоку і на памежным пераходзе Бранева — Мамонава аказвае паслугі па перавалцы ЗВГ з расійскай на еўрапейскую чыгуначную каляіну, а таксама па захоўванні прапану, бутану і іх сумесяў ва ўласных рэзервуарах з наступнай дыстрыбуцыяй на тэрыторыі Польшчы і іншых краін Еўропы. Ключавым пастаўшчыком для Glob-Terminal раней былі расійскія кампаніі («Наватэк»).

Цяпер кампанія, як вынікае з інфармацыі з яе сайта, аказвае паслугі па марской дастаўцы і рэалізацыі ЗВГ.

Фота: glob-terminal.pl

Перафарматаванне бізнесу адбілася на маштабах дзейнасці Glob-Terminal і, мяркуючы па ўсім, стала прычынай яго продажу. Як піша Вадзім Сяховіч, у 2022 годзе выручка гэтага бізнесу перавышала 1,2 млрд злотых, а прыбытак — 56,8 млн. У 2024-м гэтыя паказчыкі зменшыліся ў некалькі разоў: да 573,2 млн злотых і да 4,3 млн злотых адпаведна.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *