
Фотастудыя Koska, заснаваная беларусамі Аленай Гаўрыленкай і Эльшадам Акберавым у Варшаве, вымушана шукаць новае памяшканне і пакуль часова прыпыніла дзейнасць. Пра тое, як фотастудыю вымусілі пераехаць з арандаванага памяшкання, расказала ў Instagram Алена.
Koska з’явілася ў 2022 годзе, і гэта была адна з першых руска-, украінска- і беларускамоўных фотастудый у Варшаве, піша сузаснавальніца студыі.
— Мы адкрыліся ў не вельмі сімпатычным будынку, але ўклалі ўсю душу і пастараліся зрабіць усё добра — наколькі маглі фінансава. Гэта быў класны час: мы праводзілі варкшопы, ладзілі вечарынкі, сабралі класнае кам’юніці.
Але ўласнікі разумелі, што для развіцця патрэбна іншае памяшканне, нашмат большае і больш стылёвае. Пасля года пошукаў такая лакацыя была знойдзена, і Koska ў маі 2025 года пераехала ў іншае месца.

— Памяшканне было рэальна топ, высачэзныя столі, магчымасць заехаць на машыне, два залы. Дзвіж закруціўся, энергія пайшла! Спачатку было супер, але потым пачаўся сюр.
Уладальнікі студыі імкнуліся публічна пра гэта не расказваць, і таму вонкава здавалася, што ўсё добра. Аднак адносіны з адной з суседніх польскіх фірмаў не склаліся — афіцыйна праз шум, але ўладальнікі Koska мяркуюць, што прычына была насамрэч у іншым.

— Бязглуздых інцыдэнтаў было шмат. Напрыклад, адміністратар магла прыйсці і накрычаць, што ў калідоры нешта ляжыць, і гэта перашкаджае пажарнай бяспецы. Хоць пры гэтым рэальны пажарны выхад быў 8 месяцаў застаўлены рэчамі папярэдняга арандатара. Ужо маўчым пра рэгістрацыю за 2 дні аўто, што заязджаюць на паркінг, які мы аплачваем, пра ахоўнікаў і іх навыкі камунікацыі з людзьмі, пра выпраўленне нашай польскай мовы і асабліва пра тэмпературу ў памяшканнях зімой…
Уладальнікі фотастудыі выдаткоўвалі энергію і нервы не на стварэнне праектаў, а на адносіны з суседзямі і адміністрацыяй. А спробы наладзіць адэкватную камунікацыю былі марнымі.
У выніку ў лютым 2026 года фотастудыя атрымала інфармацыю пра высяленне з памяшкання.
— Паспрабавалі высветліць прычыну і неяк перадамовіцца. Але нам сказалі, што больш тут не хочуць бачыць фотастудыю.
Алена Гаўрыленка прызнае, што не трэба было падпісваць дамову па шаблоне ўстановы — гэта было памылкай. Аднак арэнда памяшкання ў гэтай жа ўстановы ў папярэднія 3 гады мела станоўчы досвед, і таму здавалася, што і на 4-ы год усё будзе добра.

У выніку 30 красавіка 2026 года абсталяванне пераехала на склад, а ўласнікі шукаюць новую лакацыю, якая падыдзе для фотастудыі па ўсіх умовах.
Ну а вызваленае памяшканне заняла… тая самая польская фірма, чые карані растуць з установы, у якой была арандаваная плошча.
— Так што шум і ўсё астатняе — гэта проста нагода, каб знайсці прычыну і выселіць нас на карысць сваіх, — робіць выснову Алена.

