
Аляксандра пераехала з Беларусі ва Ўроцлаў у чэрвені 2021 года разам з мужам, двума катамі і вялікім досведам у івэнт-індустрыі. Нейкі час атрымлівалася падтрымліваць сувязь з мінулымі кліентамі і працаваць дыстанцыйна, але ў 2022 годзе івэнт-менеджарка вырашыла пачаць рабіць мерапрыемствы ў Польшчы.
Спецыяльна для spravy.io заснавальніца ўласнай івэнт-агенцыі KOUDRA распавядае пра баланс паміж аўтарскімі і камерцыйнымі івэнтамі, польскія (не)дамоўленасці і цэлы шэраг крутых беларускіх брэндаў па ўсім свеце.
«Хацелася паказаць, што беларускі сэрвіс — якасны»
Першай аўтарскай падзеяй, якую Аляксандра зладзіла яшчэ да стварэння брэнда, стала ёга-практыка з вядомай беларускай ёгіняй Веранікай, якая зараз мае ўласную студыю ў Кракаве.
— На сустрэчу мы тады яшчэ паклікалі майстра па мехендзі, і ўдзельнікі маглі замовіць сабе малюнак на руце. Пасля гэтага ў нас было чаяванне. Гэта быў пачатак 2023 года, шмат людзей толькі прыехалі ў Польшчу з Беларусі — ішла моцная адаптацыя, таму гэты нэтворкінг выдатна спрацаваў. Некаторыя дзяўчаты пасля гэтага сталі блогеркамі, а тады гэта былі проста беларускі, якія шукалі сябе і новых знаёмых, — узгадвае Аляксандра.

Афіцыйная гісторыя агенцыі пачалася ў студзені 2023-га. Назву «Коўдра» прыдумалі разам з мужам. Хацелася чагосьці беларускага, што адлюстроўвае ўнутраны падыход.
— Мы думалі і пра «Ліхтар», і пра штосьці такое, а потым у нейкі момант рэзка з’явілася слова «коўдра». Узнікла асацыяцыя: з намі як пад коўдрай — утульна, цёпла, з клопатам. Для мяне было важна паказаць, што беларускі сэрвіс — якасны. Каб цябе заўсёды з усмешкай сустрэлі, прынеслі гарбаткі ці прасека. Каб было адчуванне, што цябе вось так абнялі і табе камфортна, — дзеліцца заснавальніца праекта.
Першай падзеяй пад новым брэндам стаў майстар-клас па свечках ад Sohm Studio. Гэта пара з Уроцлава, якая да гэтага ніколі не праводзіла навучальных сустрэч. Аляксандра сама распрацавала механіку, знайшла студыю — і «Коўдра» пачала сваё афіцыйнае жыццё.

— У мяне быў такі кірунак: мне было цікава прывозіць экспертаў і майстроў з іншых гарадоў. Шукаць кагосьці ў Кракаве ці Варшаве і запрашаць да нас, — тлумачыць яна.
«Карпаратывы дазваляюць прасоўваць аўтарскія падзеі»
Сёння «Коўдра» працуе ў двух напрамках: аўтарскія падзеі дазваляюць знаёміцца з новымі лакацыямі, а карпаратывы сталі сапраўдным фінансавым выратаваннем.
— За два гады я зразумела, што зарабіць на аўтарскіх падзеях вельмі цяжка. Я ніводнага разу не атрымлівала нават мінімальны заробак у Польшчы ў месяц, калі былі толькі яны, — прызнаецца гераіня.
Выхад на прыбытак здарыўся амаль выпадкова: людзі, якія прыходзілі на аўтарскія сустрэчы, аказаліся HR-менеджэрамі. Яны пачалі пытацца: «А ці можам мы вас замовіць правесці карпаратыў?» Для Аляксандры, якая працавала ў гэтай сферы ў Беларусі, такі запыт стаў ідэальным трапленнем.
— Карпаратывы — гэта той важны кірунак, які дазваляе нашай кампаніі развівацца стабільна. Менавіта таму я і кажу пра міжсезонне: аўтарскія падзеі робім вясной і восенню, але наш асноўны сезон — гэта лета і зіма, калі ёсць карпаратывы. Яны дазваляюць зарабіць грошы не толькі на гэты перыяд, але і пакрыць выдаткі, якіх нямала ў міжсезонне. Можна сказаць, што карпаратыўныя кліенты ў тым ліку прасоўваюць беларускія аўтарскія падзеі, дазваляюць адкласці грошы і ўкласціся ў такія больш сацыяльныя праекты.

Карпаратыўныя кліенты — у асноўным беларускія бізнесы ў Польшчы. Выйсці на польскі бізнес пакуль у планах.
З аўтарскага мерапрыемства, па словах кіраўніцы івент-агенцыі, сярэдні заробак складае каля 600 злотых. Пры гэтым ёсць мерапрыемствы, якія ўвогуле па выніках выходзяць у мінус. Самы вялікі мінус за ўвесь час быў 4800 злотых. Найбольшая лічба з аўтарскіх мерапрыемстваў, якую зараблялі, — каля 1600 злотых, але гэта было 2 гады таму, калі людзі больш хадзілі на мерапрыемствы, бо большасць толькі пераехалі. А часам група не набіраецца, і аўтарскія мерапрыемствы прыходзіцца скасоўваць.
Карпаратыў, напрыклад, на 60–70 асоб будзе каштаваць кампаніі прыкладна 80 тысяч злотых, а заробак агенцтва складзе каля 10 тысяч злотых, то бок — 8-10 адсоткаў ад бюджэту. За сезон з карпаратываў можна зарабіць агулам прыкладна 40–50 тысяч злотых.

Пры гэтым Аляксандра імкнецца захоўваць баланс і не сыходзіць у «сляпую камерцыю». Для яе важна, каб праект заставаўся карысным людзям і меў сацыяльны напрамак.
— Хацелася б, каб і беларускамоўныя мерапрыемствы, і ўвогуле такія падзеі былі і карысныя людзям, і мелі добры прыбытак. Праз аўтарскія падзеі мы паказваем, што беларускі бізнес — якасны, цёплы і з клопатам. Гэта дазваляе падтрымаць беларускіх прадпрымальнікаў у складаных умовах: нават калі хтосьці не трапіў на майстар-клас, ён можа потым замовіць талерачку ці ўпрыгожанне ў майстра, з якім пазнаёміўся праз нас.
«Калі я замаўляю кейтэрынг ці арэндую залю ў беларусаў, я ведаю, што ўсё будзе «як для сябе»
– Пад кожны івэнт мы шукаем новую лакацыю. Калі кулінарны майстар-клас — патрэбна студыя, калі лекцыя — праектар і крэслы. Гэта стала нашай фішкай: мы знаёмім людзей з цікавымі месцамі горада. Да таго ж, у міжсезонне арэнда не становіцца «галаўным болем». Мне падабаецца, што мы заўсёды розныя: сёння ў светлай фотастудыі, заўтра — на ферме.
Яшчэ адзін прынцып — унікальнасць прадукту. Аляксандра не бярэцца за арганізацыю таго, што спікер можа зрабіць і без яе.

— Калі майстар і так праводзіць майстар-класы па кераміцы — мне не зразумела, навошта тут мы. Але калі спікер раней не рабіў у Польшчы лекцыі ці майстар-класы, і мы разам распрацоўваем механіку — у гэтым ёсць сэнс. Люблю момант эксклюзіўнасці.
Сярод партнёраў «Коўдры» шмат вядомых імёнаў: шэф-повар саўладальніца рэстарану Ecklat House Вікторыя, дызайнерка Анна (TSUDA), уладальніца эстэтычнай кавярні і фотастудыі Mods ва Уроцлаве Вераніка, майстрыца ўпрыгожванняў Наста з Вільні (Aсanos), самелье з Берліну Яна, парфюмерная стылістка Дар’я Мышко з Варшавы і іншыя.
На сырнай ферме Krapacheese пад Кракавам удалося зрабіць адзін з нямногіх выязных майстар-класаў. Гэты сямейны бізнес трымаюць беларусы, якія гадуюць авечак і вараць, са слоў Аляксандры, найлепшы ў свеце халумі. Тэрыторыю там ахоўваюць велізарныя сабакі-алабаі, і гэта дадае месцу каларыт.
— Мой прынцып — шукаць найлепшых. Мне важна, каб чалавек не проста ўмеў нешта рабіць, а гарэў сваёй справай. Праз такія сустрэчы мы паказваем, што беларускі бізнес — якасны і цёплы. Калі я замаўляю кейтэрынг ці арэндую залю ў беларусаў, я ведаю, што ўсё будзе «як для сябе». Гэта праява салідарнасці, якая працуе на практыцы, — кажа Аляксандра.
«У Польшчы размовы пра тое, што «мы ж абяцалі», не працуюць»
Досвед, прывезены з Менску, прыйшлося адаптаваць. Першае, што адчулася — гэта розніца ў тым, як людзі дамаўляюцца.
— У Беларусі вуснае слова часта мела вялікую вагу. У Польшчы ўсё наадварот. Калі штосьці не прапісана ў дамове — гэтага не існуе. Табе могуць проста сказаць: «Ну, не атрымалася». І аргументы пра абяцанні тут не працуюць, — тлумачыць гераіня.
Цяпер «Коўдра» прапісвае кожную дробязь: ад колькасці крэслаў да тэмпературы ў залі.
Другім «шокам» сталі кошты. Па словах Аляксандры, у Польшчы ўсё каштуе па мерках Беларусі «х3». Гэта тычыцца абсалютна ўсяго: заробкаў персаналу, арэнды тэхнічнага абсталявання і ганарараў артыстаў.
— Людзі тут больш шануюць сваю працу. І гандлявацца яны не любяць. Больш за тое, з’явіліся новыя выдаткі, напрыклад, ZAIKS — аплата за выкарыстанне музыкі, — заўважае Аляксандра.
Нават пры выбары дыджэяў культурны фактар адыгрывае ролю. «Коўдра» працуе пераважна з беларусамі і ўкраінцамі з-за розніцы ў музычных густах.

— Мясцовыя палякі вельмі любяць свае хіты. Нашы ж кліенты хочуць чуць еўрапейскую класіку ці нешта блізкае па менталітэце. Таму мы трымаемся сваіх рабят, хоць яны таксама ўжо маюць еўрапейскі цэннік, — кажа яна.
Сёння 70% кліентаў агенцтва — беларусы. Сацсеткі вядуцца на беларускай мове, што Аляксандра называе натуральным «фільтрам».
— Не кожны падпішацца, бо камусьці нязручна чытаць па-беларуску. Але гэта наша рэчаіснасць. Пры гэтым мы імкнемся да інтэграцыі: у планах — падзеі на польскай і англійскай мовах. Гэта дапаможа нашым людзям практыкавацца ў замежнай мове не толькі ў крамах ці дзяржаўных установах, — дзеліцца планамі івэнт-менеджарка.

На пытанне пра канкурэнцыю з бясплатнымі ініцыятывамі Аляксандра адказвае прагматычна: якасны івэнт-прадукт мае свой сабекошт.
— Можна зрабіць мерапрыемства «ў мінус» раз ці два, але потым бізнес проста зачыніцца. Мяне матывуе матэрыяльная падзяка. Важна, каб і майстрам было выгадна прыязджаць, і мы маглі развівацца. Стварыць эстэтычную падзею з прадуманымі дэталямі за мінімальны кошт проста немагчыма.
«Вельмі лёгка здацца і пайсці ў найм»
Паводле слоў Аляксандры, пачаць бізнес можна нават з 2 тысяч злотых, калі ёсць ідэя. Але галоўнае — падтрымка.
У працы з партнёрамі Аляксандра таксама шукае гнуткасць, якая дапамагае абодвум бакам: напрыклад, яна практыкуе дамоўленасці, дзе ганарар майстра залежыць ад колькасці гасцей. Гэта дазваляе знізіць фінансавыя рызыкі пры арганізацыі аўтарскіх івэнтаў, дзе колькасць удзельнікаў не заўсёды прадказальная. Такі падыход — «ганарар не адразу, а па выніку» — дапамагае захоўваць баланс паміж творчасцю і камерцыяй.

— Вельмі складана весці бізнес у эміграцыі. Лёгка здацца і пайсці ў найм. Таму, калі вам нехта падабаецца — падтрымлівайце іх рэпостамі ці візітамі. Гэта дазваляе нам выжываць і развіваць беларускую справу ў складаных умовах, — падсумоўвае Аляксандра.
Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.
