З гаража да 1200 «квадратаў» вытворчасці: як беларусы стварылі мэблевую кампанію Shagal

Фота: Раман Пастэрнак, Onliner.by

Беларус Вадзім Хайко, заснавальнік мэблевай кампаніі Shagal.by, прайшоў класічны шлях прадпрымальніка: ад зборшчыка мэблі ў найме да ўладальніка буйной вытворчасці ў Мінску. Яго гісторыю распавядае Onliner.

Сёння вытворчасць, якую заснаваў беларус, займае амаль 1200 квадратных метраў, а над вырабам мэблі працуюць каля 30 чалавек, якія ствараюць складаныя інтэр’ерныя рашэнні — ад дзвярэй і кухняў да мяккай мэблі.

Апошнія $20 тысяч на бізнес

Вадзім Хайко ў 17 гадоў пераехаў з Пружан у Мінск у пошуках магчымасцей для развіцця, а ў мэблевую сферу трапіў выпадкова ў 2006 годзе: пачынаў са зборкі як вучань, але хутка асвоіў сталярную справу і выраб дэталяў.

У 2011 годзе разам з партнёрам Вадзім адважыўся на запуск уласнай справы:

«Каб пачаць сваю справу, я ўклаў усё, што ў мяне на той момант было, — каля $20 тыс. На гэтыя грошы мы набылі самыя неабходныя станкі, кампрэсары і ручны інструмент, без якога немагчыма было нармальна працаваць».

Першы час партнёры працавалі ўдваіх у звычайным гаражы, а матэрыялы закуплялі пад канкрэтныя замовы. Практычна ўвесь прыбытак кампаньёны адразу рэінвеставалі ў абсталяванне і пашырэнне плошчы.

Як пяць валізак з Мілана змянілі бізнес

Але ўсё змянілася ў 2015 годзе, калі партнёры наведалі мэблевую выставу ў Мілане. Вадзім узгадвае, што адтуль прывезлі пяць валізак каталогаў вядучых фабрык і брэндаў. Перад вылетам давялося нават узважваць валізы, каб упісацца ў нормы па вазе багажу.

Фота: instagram.com/shagal_by

Гэтая паездка ў Італію змяніла стратэгію развіцця кампаніі: Shagal адышоў ад тыпавой мэблі ў бок складанага дызайнерскага сегмента і пачаў супрацоўнічаць напрамую з архітэктурнымі студыямі. Сёння кампанія бярэ аб’екты на стадыі чарнавога рамонту і выконвае комплексную мебліроўку пад ключ.

«Нашы кліенты — гэта ў асноўным кліенты нашых партнёраў, дызайнераў і архітэктурных студый. Яны прыдумляюць праект, а наша задача — зрабіць так, каб у жыцці гэта выглядала максімальна блізка да таго, што было на рэндарах».

Фота: instagram.com/shagal_by

Вадзім Хайко адзначае, што індывідуальная вытворчасць кардынальна адрозніваецца ад масавага рынку. Тут практычна кожны праект даводзіцца распрацоўваць з нуля, а ручная праца пераважае над аўтаматызацыяй.

«У індывідуальнай мэблі вельмі шмат момантаў, якія немагчыма загадзя пралічыць на 100%. Практычна кожны праект — гэта нешта новае: іншыя матэрыялы, іншыя памеры, іншыя тэхналогіі і рашэнні».

Акрамя таго, у такой нішы крытычна важная кваліфікацыя каманды, а добрых майстроў заўсёды не хапае.

Беларуская культурная традыцыя і крокі наперад

За 15 гадоў кампанія перажыла мноства крызісаў: напрыклад, падчас пандэміі кавіду закрыліся межы з Расіяй, куды Shagal толькі пачаў пастаўляць прадукцыю. Давялося тэрмінова перабудоўвацца на беларускі рынак і ўразаць унутраныя выдаткі, аднак каманду ўдалося захаваць цалкам.

Фота: shagal.by

Сёння бізнес сутыкаецца з ускладненнем лагістыкі. Кампанія выкарыстоўвае рэдкія пароды шпону, еўрапейскую фурнітуру і клеі з усяго свету. Праз затрымку аднаго канкрэтнага фарбавальніка для шпону праект можа прастаяць два месяцы, бо замяніць яго аналагам нельга — пад яго ўжо падабраны астатнія элементы інтэр’еру замоўцы.

Вадзім падкрэслівае, што гэты бізнес прыносіць прыбытак, але гэта «доўгія грошы»: праект можа доўжыцца год ці паўтара, патрабуючы пастаяннага фінансавання. Гэта не гісторыя пра лёгкі заробак: за апошнія сем гадоў Вадзім толькі аднойчы паўнавартасна з’ездзіў у адпачынак, а цягам года ў яго бывае ўсяго 5–6 выхадных.

Фота: instagram.com/shagal_by

Назва брэнда Shagal спалучае ў сабе некалькі сэнсаў: гэта і адсылка да ідэі кроку наперад, да развіцця, а таксама даніна павагі беларускай культурнай традыцыі.

«Калі кажуць „італьянскі дызайн“, у людзей адразу ўзнікае асацыяцыя з якасцю, стылем, мэбляй, архітэктурай. Хочацца, каб калі-небудзь такія ж асацыяцыі з’яўляліся і з Беларуссю. Мне здаецца, у нас усё для гэтага ёсць».

У будучыні Вадзім хацеў бы больш развіваць кірунак прадметнага дызайну, каб не толькі ствараць мэблю пад канкрэтны аб’ект, але і выпускаць асобныя аўтарскія прадметы і калекцыі сумесна з дызайнерамі. Заснавальнік Shagal.by бачыць у гэтым вялікі патэнцыял як на рынку Беларусі, так і ў іншых краінах.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *