Беларуска робіць традыцыйныя лялькі: адна ёсць нават у прэзідэнта Польшчы

Вольга Пашковіч займаецца вырабам лялек-мотанак — іх замаўляюць кліенты з ЗША і Еўропы, а ў студзені 2026 года яе калядны анёл быў падараваны прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму на сустрэчы з беларускай дыяспарай. Гісторыю беларускі распавядае MOST.

Цікавасць да лялек-мотанак у Вольгі першапачаткова мела даследчы характар: яна вывучала гэтую тэму ў Беларусі падчас напісання магістарскай дысертацыі пра турыстычны імідж краіны. Пераехаўшы ў Польшчу, яна вырашыла візуалізаваць сабраны матэрыял. А потым яе пачалі запрашаць на майстар-класы.

У Польшчы Вольга Пашковіч занялася арганізацыяй кірмашоў для рамеснікаў, у якіх удзельнічала і сама. Паступова хобі перарасло ў асноўную занятасць.
Для вырабу мотанак майстрыха выкарыстоўвае толькі натуральныя тканіны — лён, бавоўну і воўну. Звычайна праблем з іх купляй не ўзнікае, аднак, напрыклад, тасьму з традыцыйным беларускім арнаментам нават у Беларусі цяпер знайсці практычна немагчыма — таму майстрысе даводзіцца ашчадна выкарыстоўваць запасы.

У залежнасці ад складанасці працы на адзін выраб сыходзіць ад некалькіх хвілін (для маленькіх «спавівачак») да васьмі гадзін (для буйных кампазіцый). Працэс ускладняецца традыцыйнымі абмежаваннямі — пры зборцы нельга выкарыстоўваць нажніцы і іголкі, таму тканіна рыхтуецца загадзя. А нітку, якая змацоўвае часткі лялькі, трэба намотваць у пэўным кірунку.

Лялек-мотанак робяць не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Украіне. Аднак яны адрозніваюцца:
— У беларускіх лялек няма твару, ва ўкраінскіх — крыж на твары. У нас лялькі прывязаныя да язычніцкіх святаў ці абярэгаў. Ва Украіне ж лялькі дзеляцца па рэгіёнах. А ў палякаў лялькі-мотанкі сустракаюцца ў асноўным ва ўсходняй частцы Польшчы і, як і ў нас, прывязаныя да свята.
Асноўнымі пакупнікамі лялек з’яўляюцца прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША і Вялікабрытаніі, якія эмігравалі некалькі дзесяцігоддзяў таму. Таксама прадукцыяй цікавяцца палякі, якія набываюць вырабы ў якасці святочнага дэкору да Вялікдня ці Каляд, і ўкраінцы.
Цяпер калекцыя Вольгі налічвае 125 вырабаў і лічыцца адной з найбуйнейшых у Еўропе. Яе працы рэгулярна займаюць прызавыя месцы на профільных конкурсах у Польшчы і Украіне.

Тым не менш, цяпер Вольга практычна не вырабляе лялек для прамога продажу, зрушыўшы фокус на правядзенне майстар-класаў і ўдзел у выставачнай дзейнасці. У найбліжэйшых планах — выданне тэматычнай кнігі і стварэнне аўтарскіх калекцый з сэнсавым напаўненнем.
— Хачу рухацца ў кірунку лялек, якія будуць адлюстроўваць падзеі, што адбываюцца ў Беларусі.