Двое сутак у сядзібе ў Белавежскай пушчы за рылс? Уладальнікі гатэляў абмяркоўваюць прапановы ад блогераў

Гаспадыня міні-гасцініцы ў Белавежскай пушчы падзялілася ў Threads скрынам запыту ад UGC-крэатара са 177 падпісчыкамі ў профілі.
Гэтая галінка набрала больш за 23 тысячы праглядаў і ператварылася ў абмеркаванне супрацоўніцтва бізнесу з блогерамі і інфлюэнсерамі.

У апублікаваным паведамленні ёсць прапанова папрацаваць па бартэры: уладальнікам сядзібы «Домік у пушчы» прапаноўвалі зняць рылс за 2 сутак пражывання ў доме з джакузі.
— Гаспадары сядзіб такія недалёкія людзі! Яны павінны ад слова «рылс» страціць прытомнасць, здаць сядзібу за бартэр. Таму што далей за сваю вёску яны ніколі не выязджалі, нармальнага тэлефона з камерай у іх няма, рукі не з таго месца растуць, а ў CupCat іх забанілі. Калегі, я ўсё правільна напісала? — іранічна спытала ў Threads гаспадыня міні-гасцініцы.
Іншыя карыстальнікі пачалі дзяліцца сваімі гісторыямі супрацоўніцтва па бартэры.
@33.3.house (гасцявы дом на суткі ў Менску):
«Пасля адной такой прапановы (вееельмі вядомы блогер), калі забраніраваў два выхадныя па бартэры і за дзень да засялення нават на паведамленні не адказваў і ў блок закінуў, перастала прымаць падобныя прапановы. Сэляві».
@serdche_bresta (кватэры на суткі «Сэрца Брэста»):
«Я адзін раз так таксама павялася, абяцалі фота і рылс. Фота так і не ўбачыла, рылс у выніку на сваёй старонцы яна схавала. Срач быў неймаверны, і бінга — праз 2 месяцы яна зноў пісала мне пра бартэр».
@glamp_les (дамы ля лесу ў Падмаскоўі):
«Штодня, пачкамі такія прапановы. І самае цікавае, вішанька, так бы мовіць: чым менш падпісчыкаў, тым больш блогер просіць. З апошняга — 1100 падпісчыкаў, хацела 2 сутак, лазню, купель і — увага — каб мы арганізавалі трохразовае харчаванне з рэстарана».
@misterpet_belarus (афіцыйны дыстрыб’ютар корму для жывёл Mister Pet):
«Так-так, мы таксама адзін раз так «папрацавалі», у выніку ні фота, ні корму. Ды і ў прынцыпе, ашуквалі нас не раз, на жаль. Шкада, што дабрыня караецца».
@marale_digital (Аляксандра, SMM-менеджар у турызме):
«Я SMM дзвюх баз адпачынку і штодня бачу ў дырэкце такія прапановы. Пры гэтым у многіх накручаны прагляды, падпісчыкі і г.д. Абы толькі акаўнт выглядаў раскручаным. А калі пішуць людзі з 500 падпісчыкамі, я наогул смяюся. Мне б столькі ўпэўненасці ў сабе. Часцей за ўсё нармальныя блогеры не пішуць самі. Яны працуюць над сваім асабістым брэндам так, каб кампаніі самі хацелі з імі супрацоўнічаць. Але наогул я заўсёды кажу, што базам прасцей прасоўвацца праз свае ж рылс. Гэта значна прасцей, танней і бяспечней».
@hata_na_balocie (сядзіба ў Белавежскай пушчы «Хата на балоце»):
«Калі газон пакосяць на ўсёй тэрыторыі, то можна пагадзіцца».
Пры гэтым гаспадыня міні-гасцініцы «Домік у пушчы» ў каментарах адзначыла, што калі б UGC-крэатар даслаў сваё партфоліа і нармальна растлумачыў каштоўнасць прапановы, то паста ў Threads не было б. І дадала, што ў сядзібе для блогераў ёсць партнёрская праграма: 10% за кожнае здзейсненае браніраванне па асабістым кодзе блогера:
— Мы працуем з CRM, адсочваць коды лёгка. Вы не ведаеце, чаму ніводзін блогер яшчэ на гэта не пагадзіўся?