«Ручная вытворчасць шакаладу — гэта дорага». Беларуска робіць цукеркі пад брэндам MoNa

Фота: instagram.com/mona.bonbons

Настасся Марочкава паводле адукацыі інжынер-тэхнолаг вытворчасці прадукцыі і арганізацыі грамадскага харчавання, у Беларусі працавала кухарам і адміністратарам, а апошнія пяць гадоў развівае ўласную кандытарскую справу.

Паўтара года таму яна пераехала ва Уроцлаў, дзе цяпер сумяшчае працу кандытаркі ў рэстаране Oliwa i Ogień з развіццём уласнага брэнда шакаладных цукерак MoNa. Яе гісторыю распавядае MOST.

Фота: instagram.com/mona.bonbons

Цікавасць да стварэння корпусных цукерак у Настассі з’явілася пасля паездкі ў Парыж:

— Мяне ўразіла ўсё: смак, тэкстуры, звонкі хруст шакаладу і тое, колькі ручной працы хаваецца ўнутры адной маленькай цукеркі. Менавіта тады ў мяне з’явілася пытанне: а як гэта ствараецца?

Асвоіць базавыя тэхнікі, абсталяванне і паслядоўнасць працы Настассі дапамог яе малады чалавек, які да гэтага займаўся шакаладам у Мінску. Свой праект кандытарка пачала развіваць у Латвіі, дзе з’явіліся першыя калекцыі і пастаянныя пакупнікі. Назва брэнда MoNa была ўтворана з двух слоў — прозвішча Morochkova і імя Nastassia.

Фота: instagram.com/mona.bonbons

Пасля пераезду ва Уроцлаў праект MoNa працягнуў працу на новым рынку — першымі кліентамі брэнда ў Польшчы сталі калегі Настассі па рэстаране, у якім яна працуе.

Настасся Марочкава адзначае, што ручная вытворчасць шакаладу — гэта дарагое рамяство: трэба закупляць прафесійныя формы, якасную сыравіну (шакалад, какава-масла) і ўпакоўку. Цяпер каробка з дзевяці цукерак MoNa каштуе 89 злотых, а шакаладнае сэрца ручной працы — 79 злотых.

Фота: instagram.com/mona.bonbons

Вытворчасць адной партыі займае да трох дзён, бо начынкам патрабуецца час на стабілізацыю, а шакаладу — на крышталізацыю.

— Для мяне цукерка — гэта маленькі дэсерт з вялікім характарам. У адной цукерцы можна перадаць столькі ж эмоцый і смакаў, колькі ў паўнавартасным дэсерце.

Галоўнай складанасцю на цяперашнім этапе заснавальніца кандытарскага брэнда называе неабходнасць сумяшчаць уласны праект з асноўнай працай у рэстаране.

Таму ў перспектыве Настасся Марочкава хацела б адкрыць невялікую майстэрню, у якой можна было б не толькі ствараць шакалад, але і праводзіць майстар-класы.

Фота: instagram.com/mona.bonbons

— Мне б вельмі хацелася, каб больш людзей пазнаёмілася са светам рамеснага шакаладу і адкрыла для сябе, наколькі шматгранным можа быць гэты прадукт.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *