
Былы супрацоўнік TUT.BY Віталь Лапцёнак, які пабудаваў буйны венчурны бізнес ва Украіне, асвойвае атрыманыя летась рэсурсы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Міжнароднай фінансавай карпарацыі.
Інвестыцыйная кампанія Flyer One Ventures, якой Віталь Лапцёнак валодае са сваімі ўкраінскімі партнёрамі Аляксеем Ярмоленкам і Аленай Мажугай, у сакавіку папоўніла свой партфель берлінскім стартапам Tower.
Flyer One Ventures стала адным з удзельнікаў пула інвестараў, якія выдзелілі Tower 5,5 млн еўра. Гэтыя грошы заснавальнікі Tower, былыя супрацоўнікі амерыканскай IT-кампаніі Snowflake Сяргей Сакаленка і Брэд Хелер, плануюць, як абвешчана, выкарыстаць для пашырэння каманды і далейшага развіцця магчымасцей свайго прадукту — інфраструктуры для кіравання захоўваннем і апрацоўкай аналітычных даных.
