
Гэты бізнес зараджаўся ў Дзяржынскім раёне ў 90-х: былы інжынер-электроншчык Дзмітрый Крылоў здолеў за 20 гадоў стварыць унікальны для краіны прадукт. Ферма «ДАК» стала першай племянной гаспадаркай па развядзенні коз у Беларусі і пачала выпускаць крафтавыя сыры і ёгурты.
Бізнес рос, але занадта вялікія амбіцыі па пашырэнні прывялі да катастрофы гаспадаркі. Сёння ферма не працуе і знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, а ўся маёмасць апісана, піша Onliner.

У 2018 годзе фермер Дзмітрый Крылоў вырашыў маштабавацца: павялічыць статак з 390 да 1600 коз і пабудаваць сучасны комплекс з высокатэхналагічнай даільнай устаноўкай.
Праект фінансаваўся з трох крыніц: інавацыйны фонд Мінскай вобласці (3,5 млн руб.), Банк развіцця (абяцаў 7 млн руб.) і ўласныя сродкі. Але ў працэсе фінансаванне было скарочана, ад часткі аб’ектаў давялося адмовіцца, бізнес-план — перарабляць. Пры гэтым бюджэтнае фінансаванне пацягнула за сабой бюракратыю: спатрэбіліся рэзервовыя свідравіны, пажарныя вадаёмы і новыя экспертызы. Будоўля зацягнулася на паўтара года.
Пакуль ішла будоўля, статак рос — у будынку на 400 галоў жыла амаль тысяча коз. З-за такога размяшчэння пачалася інфекцыя, але жывёл удалося выратаваць.

У 2023 годзе па бізнесе ўдарыла дзяржава: казінае малако трапіла пад рэгуляванне цэн. Пры гэтым кармы, лагістыка і ўпакоўка рэзка падаражэлі. Каб выжыць і дабудаваць ферму, прадпрымальніку давялося браць новыя крэдыты.
У выніку бізнес на козах генераваў грошы, але іх не хапала на абслугоўванне велізарнага доўгу. Прадпрыемства зарабляла 30 тыс. рублёў аперацыйнага прыбытку за месяц, а аддаваць банкам і лізінгавым кампаніям трэба было каля 60 тыс.
Увесну 2025 года адбыўся першы касавы разрыў, з-за чаго на ферме пачалася цякучасць кадраў (часам коз банальна не было каму даіць), за даўгі адключылі адзін з трансфарматараў, а лізінгавая кампанія забрала тэхніку.
Гаспадарку можна было выратаваць праз працэдуру фінансавага аздараўлення (санацыю) і замарозку даўгоў. Бо актывы фермы ацэньваліся ў 11 млн рублёў, абсталяванне было новым, а попыт на прадукцыю перавышаў прапанову. Але інавацыйны фонд запатрабаваў вярнуць свае 3,5 млн прама цяпер, і шанец на выратаванне знік.
У лютым 2026 года кампанія падала на добраахвотную ліквідацыю. Цяпер персанал звольнены, абсталяванне спынена, а дом самога фермера апісаны судовымі выканаўцамі. Казіную ферму чакае продаж маёмасці з аўкцыёну — магчыма, знойдзецца інвестар, які дасць бізнесу другі шанец.
«І калі гэта ўжо здарылася, тут ніхто асабліва не вінаваты. Недзе ты недазразумеў, нешта ўпусціў, няправільна падаў, не знайшоў правільных слоў. Але ўсё, што ў мяне было, я ўклаў у гэты праект», — у чаканні аўкцыёну Дзмітрый Крылоў застаецца на ферме, каб карміць апошніх коз.
