
Аб запуску «Адукацыйнага магістрата» на сваёй старонцы ў Facebook аб’явіў Цімафей Акудовіч, беларускі гісторык і краязнаўца. Магістрат будзе падтрымліваць праекты, якія фармуюць беларускую ідэнтычнасць у беларускіх дзецях і адначасова развіваюць карысныя навыкі, якія дапамогуць ім быць паспяховымі ў сучасным свеце.
Мэта праекта — спрыяць развіццю рынка беларускіх дзіцячых адукацыйна-развіваючых праектаў у замежжы і онлайн.
Як будзе працаваць адукацыйны магістрат
Каб стаць удзельнікам магістрата, трэба падпісацца на штомесячны данат памерам ад 10 да 100 еўра, а сабраныя грошы праз унутраны конкурс будуць перадавацца праекту-пераможцу.
«Мы ня будзем паўнаватаснай нацыяй пакуль не пачнем на свае грошы стымуляваць найважнейшыя сферы нацыянальнага развіцця. І адукацыя — адна з іх. Сучаснае развіццё тэхналогій, раскіданасць беларусаў па свеце ствараюць вельмі шмат пагроз і рызык для наступнага пакалення. Але гэтыя рызыкі таксама адкрываюць і магчымасці, якімі мы мусім скарыстацца. Магістраты — гэта праект, які прапаноўвае вырошчаваць свае цэнтры сілы ад зямлі, ад самага нуля, ад маленькага тэлеграм чата і мінігрантаў на 300-500 еўра», — упэўнены Цімафей Акудовіч.
Вось прынцыпы працы адукацыйнага магістрату:
- Магістрат ствараецца надоўга. Удзельнікі разам шукаюць цікавыя праекты, эксперыментуюць, паступова выпрацоўваюць стратэгію, наладжваюць унутраныя працэсы.
- Магістрат дзейнічае па правілах прамой дэмактратыі. Удзельнікі выбіраюць кіраўніцтва, прымаюць статут, абмяркоўваюць усе важныя пытанні.
- Магістрат не проста падтрымлівае існуючы стан рэчаў, а накіраваны на пашырэнне адукацыйнага рынка.
«Вы рызыкуеце 2 кубачкамі кавы на месяц, а можаце паўдзельнічаць у стварэнні чагосьці важнага», — піша гісторык.
Калі вы хочаце далучыцца да магістрату, то звяртайцеся да Цімафея Акудовіча асабіста.
