
Павел Анушка з Пінску бізнесам пачаў займацца ў Беларусі яшчэ ў 2010 годзе. Некалькі разоў змяняў сферу дзейнасці, запускаючы новыя праекты ў залежнасці ад попыту на рынку. Але ў роднай краіне Паўлу не далі магчымасці спакойна працаваць, і ўжо больш за дзесяць гадоў мужчына жыве і зарабляе ў Польшчы.
Для spravy.io Павел расказаў гісторыю свайго прадпрымальніцкага досведу.
«Супрацоўнікі ДФР прыйшлі на маю пілараму»
Усё пачыналася ў Беларусі яшчэ да 2010 года, калі Павел Анушка прыйшоў у сферу дрэваапрацоўкі. Ён узгадвае, што на той момант у гэтай галіне была свабодная ніша, у якую яму ўдалося вельмі ўдала трапіць. Аднак працаваць не дазволіла сама дзяржава.
— У Беларусі ў мяне было пяць піларам па Берасцейскай вобласці. На момант закрыцця фірмы ў мяне працавала каля трыццаці чалавек, і яны атрымлівалі больш за 500 долараў. За год я плаціў прыкладна $100 тыс. ПДВ і іншых падаткаў — заробкі, выплаты ФСАН і іншае, — успамінае наш герой.

Але развіваць бізнес у Беларусі яму не далі.
— Рашэнне пераязджаць у Польшчу я прыняў пасля таго, як супрацоўнікі ДФР прыйшлі на маю пілараму: усё апячаталі, закрылі склады, забралі дакументы і камп’ютары, а пасля пачалі абзвоньваць усіх маіх кліентаў у Берасці, якія куплялі ў мяне піламатэрыялы. Яны апыталі каля васьмі соцень чалавек, нібыта шукалі пацверджанне таго, што я прадаваў тавар за наяўныя грошы, але нічога так і не знайшлі.Пасля гэтага я вырашыў пераехаць у Польшчу. Сказаў сабе, што больш ні капейкі не заплачу падаткаў краіне, якая адабрала ў мяне бізнес і стварыла такія праблемы, — кажа Анушка.
У Польшчы беларус пачаў шукаць новыя магчымасці і вырашыў паспрабаваць сябе ў сферы перавозак.
— Пачаў займацца транспартнымі паслугамі для турыстычных груп. Спачатку ездзіў на невялікім аўтобусе, потым вырас да рэгулярнага маршруту Берасце — Варшава. У мяне быў парк з пяці аўтобусаў. Але пасля таго, як у 2020 годзе я падтрымаў беларусаў, у мяне канфіскавалі адзін з аўтобусаў на тэрыторыі Беларусі, паставіўшы яго на штрафстаянку і адкрыўшы крымінальную справу за дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Фактычна мне забаранілі займацца рэгулярнымі пасажырскімі перавозкамі. Вось такі чарговы «падарунак» ад беларускай дзяржавы.
«Biały Ryś — гэта адсылка да беларускіх каранёў»
Пасля гэтага Паўлу зноў давялося мяняць сферу дзейнасці — гэтым разам ён пайшоў у будаўніцтва.
— Мы пачалі актыўна набіраць будаўнікоў і браць аб’екты ў Польшчы. Займаліся ўцяпленнем фасадаў, узвядзеннем “каробак” будынкаў. Потым выйшлі на еўрапейскі рынак — працавалі для бельгійскіх кампаній, выконвалі мантажныя работы. У найлепшыя часы ў нас працавала каля 35 будаўнікоў з Беларусі. Але пасля пачатку вайны і спаду тэмпаў будаўніцтва ў Польшчы і Еўропе нам давялося скараціць людзей і шукаць іншыя магчымасці для заробку, — распавядае Павел.
Так пінчук зноў вярнуўся ў сферу паслуг і адкрыў барбершоп.
— Мы заўважылі, што ў Бялай-Падлясцы ёсць вялікі попыт на такія паслугі і даволі слабая канкурэнцыя. Таму вырашылі адкрыць салон і стварыць свой брэнд з беларускім характарам — Biały Ryś.

Сёння пад гэтым брэндам працуюць барбершоп, масажны кабінет, тату-студыя, а таксама паслугі перманентнага макіяжу броваў і губ.
— Працуюць пераважна беларусы — майстры, адміністратары, ёсць дзяўчаты з Украіны. Хацелі пашырацца ў Люблін і Варшаву, але пакуль вырашылі дасягнуць максімуму ў адным месцы, бо ў вялікіх гарадах вельмі высокая канкурэнцыя. Цяпер удасканальваем базу кліентаў, аптымізуем сэрвіс і працу салона, — кажа Павел.
«Вакол футбола аб’ядналіся бізнесмены, аматары спорту і проста звычайныя людзі»
Анушка адзначае, што ніколі не забывае, адкуль ён родам, і заўсёды імкнецца дапамагаць сваім.
— Мігранты звяртаюцца і па бізнесе, і па асабістых пытаннях. Мы стараемся ўсім дапамагчы і не забываць свае карані. Для нас важныя не толькі грошы, але і атмасфера, камунікацыя, супольнасць.
Пасля 2020 года Павел таксама сабраў у Бялай-Падлясцы футбольную каманду з беларусаў.
— Спачатку гэта былі ўцекачы, потым далучыліся будаўнікі, мігранты з Беларусі і Украіны. Так вакол футбола аб’ядналіся бізнесмены, аматары спорту і проста звычайныя людзі. Мы нават былі лідарамі чэмпіянату. Напэўна, праз спорт мяне тут ведаюць больш за ўсё, — адзначае ён.

Пазней бізнесмен стаў адным з кіраўнікоў і галоўных спонсараў футбольнага клуба «Пагоня», які атрымаў права выступаць у польскім чэмпіянаце.
— Пару гадоў таму да мяне звярнуліся хлопцы з Варшавы, якія развіваюць клуб «Пагоня», і прапанавалі дапамагчы з фінансаваннем. Я пагадзіўся і стаў адным з прэзідэнтаў клуба. Цяпер я адзін з дырэктараў спартыўнага клуба, галоўны спонсар і заўзятар «Пагоні». Для мяне гэта важна, бо там гуляюць нашы беларусы і за іх заўзеюць беларусы.
Дапамогай людзям дабрачынная дзейнасць Паўла не абмяжоўваецца — ён таксама падтрымлівае жывёл.
— У кампаніі ёсць негалоснае правіла: калі супрацоўнік падбірае бяздомнага ката ці сабаку, фірма аплачвае стэрылізацыю і ўсе прышчэпкі, калі чалавек забірае жывёлу дадому. Таксама мы стараемся знаходзіць гаспадароў у Еўропе для бяздомных сабак з Беларусі.
«У сферы паслуг вялікая канкурэнцыя і высокая цякучка кадраў»
Пытаемся ў Паўла, на чым сёння можна зарабіць у Польшчы?
— Думаю, гэта інтэрнэт-гандаль, праекты на Allegro, продажы анлайн. Там можна хутка зарабіць добрыя грошы. Будаўніцтва цяпер вельмі рызыкоўнае: шмат не аплат, тэмпы будаўніцтва падаюць, крэдыты дарагія. Транспарт таксама знаходзіцца на мяжы банкруцтва праз рост коштаў на паліва. У сферы паслуг вялікая канкурэнцыя і высокая цякучка кадраў. Напрыклад, у барбершопе заўсёды ёсць рызыка, што майстар праз некалькі месяцаў працы сыдзе ў самастойны бізнес.

Прадпрымальнік расказвае, што ў барбершоп у Бялай-Падлясцы на тры працоўныя месцы ў арандаваным памяшканні было ўкладзена каля 200 тысяч злотых.
— Калі за год выйдзем на поўную загрузку двух барбераў — гэта ўжо будзе добра. Акупнасць такога праекту — прыкладна два гады, а можа і больш. У будаўніцтва можна ўвайсці з 5-10 тысячамі долараў: купіць машыну, інструмент, наняць брыгаду. За месяц можна зарабіць 2-3 тысячы еўра чыстымі, але і страціць можна лёгка.
Бізнесмен таксама распавядае пра рызыкі:
— У 2024 годзе мяне кінулі на €80 тыс. нашы ж землякі-беларусы. Таму казаць толькі пра поспех у бізнесе не выпадае. Трэба разумець: любы бізнес — гэта рызыка.
Прадпрымальнік адзначае, што футбольны клуб — гэта хутчэй гуманітарны праект:
— «Пагоня» не акупіцца ў бліжэйшыя 5-10 гадоў, пакуль каманда не дойдзе да экстралігі. Усё гэта — хутчэй укладанне ў людзей і супольнасць.
Напрыканцы Павел Анушка кажа, што цяпер шукае новых супрацоўнікаў і гатовы браць людзей на працу ўжо сёння.
— Мы ўжо маем кантакты з падрадчыкамі ў Германіі і Бельгіі. Нам патрэбныя добрыя спецыялісты: людзі, якія ўмеюць рабіць рамонты, фасады, аздабленне. Прапануем афіцыйнае працаўладкаванне, жыллё, службовыя аўтамабілі, інструмент, поўны сацпакет. Таксама пастаянна шукаем барбераў, масажыстаў і іншых спецыялістаў для развіцця новых напрамкаў.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Нам также Павел помог: стал нашим первым заказчиком только для того, чтоб поддержать и вдохновить нас в нашем маленьком проекте)