Цяпер не Innowise, а Team.Inno: беларускі ІТ-холдынг памяняў брэнд кампаніі на радзіме

Фота: designrush.com

Заснавальнікі міжнароднага ІТ-холдынгу Innowise Group браты Павел і Сяргей Арловы, як і многія іх калегі па галіне, вылучылі з бізнесу ўсходні контур, піша эканамічны журналіст Вадзім Сеховіч у сваім Telegram-канале.

Офісы ў Беларусі, якімі з 2007 года кіруе кампанія-родапачынальніца «Фабрыка інавацый і рашэнняў», нядаўна пазбавіліся шыльды Innowise і цяпер прасоўваюць свае паслугі пад брэндам Team.Inno.

Паводле афіцыйнага сайта, кампанія мае 9 офісаў у Мінску, Віцебску, Гомелі, Брэсце, Магілёве і Полацку — дзе і зараджаўся гэты аўтсорсінгавы бізнес.

Кампанія Team.Inno па-ранейшаму актыўная і шукае супрацоўнікаў у Беларусі, а «Фабрыка інавацый і рашэнняў» застаецца рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій.

Скрыншот: rabota.by

У міжнароднай частцы бізнесу, якім кіруе асноўны ўладальніка Innowise Group Павел Арлоў (ён нядаўна змяніў асабістае рэзідэнцтва з Польшчы на Люксембург), цэнтры распрацоўкі знаходзяцца ў Польшчы (Варшаве і Гданьску), Германіі, Літве, Украіне і Грузіі, а таксама ёсць прадстаўнічыя офісы яшчэ ў 13 краінах свету.

Павел Арлоў. Фота: councils.forbes.com

Найбуйнейшая паводле выручкі частка бізнесу Innowise Group засяроджана ў Польшчы. У 2024 годзе мясцовая Innowise, заснаваная ў 2021 годзе, зарабіла €42,3 млн, заняўшы другі радок у ТОП-25 IT-кампаній з беларускамі каранямі ў Польшчы пасля EPAM Systems.

Innowise (Innowise Group) распрацоўвае праграмнае забеспячэнне на замову, а таксама займаецца ІТ-кансалтынгам і аўтстафінгам. Холдынг спецыялізуецца на стварэнні лічбавых рашэнняў для фінансавага сектара, MedTech, рознічнага гандлю і лагістыкі. Сярод найбольш вядомых кліентаў — фармацэўтычны гігант Novartis, амерыканская сетка аховы здароўя CVS Health, фінансавае падраздзяленне аўтаканцэрна BMW Financial Services, а таксама вядучыя кампаніі Accenture, Deloitte і Siemens.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *