У беларускай кавярні Kakao у Варшаве зноў няма электрычнасці

Беларуская кавярня Kakao, якая адкрывае другую пляцоўку ў Варшаве на вуліцы Кобельскай, 75, зноў сутыкнулася з праблемамі падключэння да электрычнасці. Паводле паста ў сацсетках, прыватны пастаўшчык электраэнергіі адключыў падачу святла ў памяшканне, хаця рахункі былі аплочаныя своечасова.
Раней заснавальнік кавярні Яўген Скрабутан у інтэрв’ю spravy.io расказваў, што пры адкрыцці новай пляцоўкі «ружовыя акуляры давялося зняць»: пасля атрымання ключоў да муніцыпальнага памяшкання там некалькі месяцаў не было электрычнасці з-за бюракратычных непаразуменняў паміж пастаўшчыком і горадам. Увесь гэты час прадпрымальнік мусіў плаціць арэнду (каля 8500 злотых у месяц), нават не маючы магчымасці пачаць рамонт.

Пасля таго, як святло з’явілася, кавярня нават правяла «прыадкрыццё» і пачала працаваць па выходных. Але 24 чэрвеня памяшканне зноў засталося без электрычнасці:
— У нашым будучым рэстаране сёння адключылі святло. Фармальна — за неаплату фактуры, да якой мы чакалі карэкцыю, — паведаміў Яўген Скрабутан.
Па яго словах, першапачаткова кампанія абяцала танныя тарыфы на электрычнасць, якаснае абслугоўванне і хуткае падключэнне, а таксама адзіную зразумелую фактуру, якая аб’ядноўвала б спажыванне энергіі і яе дыстрыбуцыю.
Аднак у рэальнасці кавярня, якая пакуль не працуе ў поўную сілу і спажывае ўсяго некалькі кВт·г у месяц, штомесяц атрымлівае арыенціровачныя рахункі на вялікую суму:
— Невядома навошта, але прадавец энергіі кожны месяц выстаўляе «фактуру прагназаваную» на 1300 злотых, потым атрымлівае інфармацыю ад дыстрыбутара з паказчыкамі лічыльніка, выпраўляе рахунак, і я плачу ў 10 разоў менш. Хоць паводле падпісанай дамовы ўсё павінна быць нашмат прасцей.
А сёння ў кавярні наогул было адключанае святло. У выніку размарозіўся халадзільнік з ежай, што стварыла страты для бізнесу.
Уладальнік кавярні не чакаў падобных праблем у самым цэнтры польскай сталіцы:
— Вядзенне малога бізнесу само па сабе дастаткова складанае. Не чакалі, што найбольшыя праблемы будзем мець з пастаўшчыком электраэнергіі ў цэнтры сталічнага горада.
Кліенты могуць падтрымаць Kakao фінансава на платформе Zrzutka — сабраныя грошы дапамогуць цалкам запусціць новую прастору.
