У Беларусі запускаюць сэрвіс імгненных QR-плацяжоў «КРОК»

Нацыянальны банк Беларусі прэзентаваў «КРОК» — нацыянальны плацёжны сэрвіс, праз які можна імгненна плаціць за тавары і паслугі наўпрост з банкаўскага рахунку, без выкарыстання плацёжных картак. Такім чынам Нацбанк разлічвае зменшыць залежнасць ад замежных плацёжных сістэм.
Аплаціць праз QR-код або падзяліцца спасылкай
Як кажа першы намеснік старшыні Нацбанка Аляксандр Ягораў, галоўная асаблівасць «КРОКу» — гэта плацяжы без удзелу банкаўскай карткі:
— Плацяжы будуць праходзіць наўпрост з рахунку. Шмат хто можа сказаць, што ёсць Samsung Pay, Apple Pay і іншыя мабільныя дадаткі. Але там плацяжы ўсё роўна праходзяць праз картку, якая прывязана да тэлефона. У нашым выпадку картка не ўдзельнічае.

З 1 ліпеня магчымасць аплаты праз «КРОК» з’явіцца ў мабільных дадатках пяці банкаў, а да 1 снежня сэрвіс павінен быць інтэграваны ва ўсе банкаўскія дадаткі краіны. Сістэма працуе паводле двух сцэнарыяў:
- Кліент скануе QR-код, згенераваны на касе, на сайце або ў кур’ера.
- Крама скануе QR-код, згенераваны пакупніком у тэлефоне.

Таксама можна будзе падзяліцца спасылкай на аплату з іншымі людзьмі:
— Калі на картцы не хапае грошай, то проста дасылаеш плацёжную спасылку мужу, брату ці сястры, і гэты чалавек выконвае плацёж за цябе, тым самым палягчаючы доступ да тавараў і паслуг, — прыводзіць прыклад Аляксандр Ягораў.

Дзеля бяспекі ўсе прадаўцы будуць зарэгістраваныя ў сістэме, а дадзеныя зашыфраваныя без утрымання персанальных звестак.
На інжынерным узроўні плацёж мусіць праходзіць не больш за секунду.
Эканомія на эквайрынгу да 2%
Для камерцыйнага сектара «КРОК» павінен паскорыць абаротнасць сродкаў і аптымізаваць выдаткі, лічыць выканаўчы дырэктар ААТ «НКФА «АРІП» Наталля Васілеўская:
— Грошы праз сэрвіс «КРОК» паступаюць імгненна, што выгадна для прадстаўнікоў буйнога бізнесу з іх велізарнымі абаротамі. Мінус адзін дзень, а ў выходныя і святочныя дні мінус тры банкаўскія дні — гэта таксама эканомія.

Таксама Нацбанк плануе стымуляваць рознічны гандаль праз ніжэйшыя камісіі:
— Сярэдняя стаўка эквайрынгу — каля 3%. Калі атрымаць эквайрынг за 0,8%, гэта эканомія для бізнесу больш за 2 п.п. Для маркетплэйсаў, дзе эквайрынг каля 1,5%, пераход на выкарыстанне «КРОКу» дае ім эканомію да 1 п.п., — тлумачыць Аляксандр Ягораў.
Праз «КРОК» можна будзе плаціць за мяжой?
Плацёжны сэрвіс пачне працу ў тэставым рэжыме з 1 ліпеня ў асобных гандлёвых аб’ектах Мінска, Віцебска, Гомеля і Салігорска.

Распрацоўшчыкі падкрэсліваюць нацыянальны характар рашэння:
— Сэрвіс распрацаваны ў Беларусі з улікам спецыфікі нацыянальнага рэгулявання, патрэб беларускіх банкаў і чаканняў канчатковага карыстальніка, — адзначыў на прэзентацыі старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка.

У будучыні Нацбанк плануе рабіць інтэграцыю з QR-сістэмамі іншых краін, каб беларусы маглі расплачвацца праз «КРОК» за мяжой.
— Грамадзянін, прыязджаючы ў іншую краіну, дзе, дапусцім, не працуюць карткі, зможа аплачваць праз QR-сістэму. Так, гэта будзе складаная праца з боку Нацыянальнага банка — дамовіцца з гэтымі краінамі. Тым не менш, гэта найбольш перспектыўны кірунак, альтэрнатыўны звычайным карткам, — падзяліўся планамі Аляксандр Ягораў, першы намеснік старшыні Нацбанка.

Плацёжныя сістэмы на аснове QR-кадоў даўно папулярныя ў іншых краінах. Напрыклад, Alipay і WeChat Pay разам кантралююць каля 90% рынку мабільных плацяжоў у Кітаі.