«Чобаты» замест «кроксаў»: у Віцебску пачалі выпускаць аналаг вядомага брэнда абутку

Фота: facebook.com/chobotsocks.official/

Віцебская фабрыка «Чобат» у пачатку 2026 года запусціла вытворчасць лёгкага літога абутку сабо з разлікам пацясніць на рынку арыгінальныя Crocs і іх танныя аналагі, а таксама сфарміраваць у беларусаў новую культуру нашэння абутку, піша Office Life.

Назва са старабеларускай мовы

Гісторыя кампаніі «Чобат» пачалася 13 гадоў таму з невялікага цэха па вытворчасці шкарпэтак. У 2018 годзе пачалі рабіць хатнія тапачкі, а крыху пазней — бялізнавы трыкатаж. Сёння фабрыка выпускае больш за 450 тыс. пар шкарпэтак, 15–16 тыс. пар хатніх тапачак за месяц і займае трэцяе месца на беларускім рынку ў гэтых катэгорыях пасля Conte і Mark Formelle.

А нядаўна была запушчана вытворчасць сабо, прычым кампанія стварыла для такога абутку нацыянальную гандлёвую марку. Як кажа камерцыйны дырэктар завода Юрый Кручэк, у перакладзе са старабеларускай мовы слова «чобат» азначае бот ці абутак.

Фота: facebook.com/chobotsocks.official/

— Глядзім на сусветныя гандлёвыя маркі і тэндэнцыі. Вырашылі, што можам развівацца ў гэтай нішы, і хочам прышчапіць сваю культуру ў Беларусі: каб людзі называлі гэты абутак «чобатамі», — тлумачыць Юрый.

Формы і сыравіна з Кітая

Лінію па выпуску абутку адкрылі ў студзені гэтага года на рэканструяваных плошчах былой віцебскай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі». На падрыхтоўку кітайскага абсталявання спатрэбілася тры месяцы. Прэс-формы і сыравіну — рознакаляровыя гранулы палімера EVA (этылвінілацэтату) — таксама замаўляюць у Кітаі, бо ў Беларусі іх не вырабляюць.

Падчас вытворчасці два кампаненты сыравіны змешваюцца, маса палімера плавіцца і адліваецца ў формах пад ціскам пры высокіх тэмпературах.

Фота: facebook.com/chobotsocks.official/

Як кажа дырэктар вытворчасці Андрэй Шамшура, матэрыял лёгкі, эластычны, не баіцца вады, грыбкоў і цвілі. Аднак тэхналогія вытворчасці патрабуе стараннай ачысткі прэс-формаў з дапамогай вакууму:

— Самае галоўнае — праца з прэс-формамі. Яны даволі масіўныя і цяжкія, на замену патрабуецца паўгадзіны. Пры гэтым рэшткі колеру з папярэдняй адліўкі могуць заставацца на шлёпанцах наступнай. Таму частка прадукцыі ідзе ў брак.

Уцепленыя мадэлі, якіх няма нават у Crocs

Попыт на «Чобаты» перавышае магчымасці вытворчасці ў пікавы сезон. Праз гэта фірма працуе «з колаў», без вялікага склада гатовай прадукцыі. Дыстрыбуцыя ідзе праз буйныя беларускія гандлёвыя сеткі — «Карона», «ГРЫН», «Санта», FixPrice, «Міла», «Еўраопт», «Гіпа», «Алмі», «Суседзі», а нядаўна фабрыка падключылася да маркетплэйса Wildberries. Таксама абутак з Віцебска пастаўляецца ў Расію і Казахстан.

Фота: facebook.com/chobotsocks.official/

— Мы ўкладваемся ў якасць, дызайн. У нас трэндавыя колеры і мадэлі, так што гуляем удоўгую, паказваем сваё цэнаўтварэнне і тлумачым, за кошт чаго мы моцныя, — падкрэслівае камерцыйны дырэктар прадпрыемства.

Зараз прадукцыя фабрыкі прадстаўлена ў сегментах «сярэдні» і «сярэдні плюс». Паколькі галоўным выклікам для беларускага брэнда застаецца канкурэнцыя з таннай кітайскай і расійскай прадукцыяй, то ў наступным годзе фабрыка плануе запусціць эканом-лінейку.

Фота: facebook.com/chobotsocks.official/

Каб знізіць залежнасць ад сезоннасці, «Чобат» распрацаваў дэмісезонную калекцыю «кроксаў» з футравай падкладкай. Як кажа Юрый Кручок, аналагаў на рынку няма нават у вядомага брэнда Crocs.

Беларускія «Чобаты» сертыфікаваныя і адпавядаюць санітарным нормам — такі абутак можна выкарыстоўваць нават у медыцынскіх клініках.

Фота: facebook.com/chobotsocks.official/

Але асноўным пакупніком застаецца масавы спажывец. На фабрыцы кажуць, што брэнд папулярны і ў моладзі: «Зумеры надзяваюць такі абутак на белыя шкарпэткі і лічаць гэта трэндам».

— Мы ідзем маленькімі крокамі да поспеху. Для нас гэта — каб беларусы выбіралі якасны абутак нацыянальнага брэнда, — рэзюмуе камерцыйны дырэктар.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *