«Заплацілі €4,5 тысячы за перавозку коней праз мяжу». Як сям’я беларусаў запусціла ферму ў Польшчы

Уладальнікі фермы Krapacheese
Фота тут і далей з архіву герояў

Думаеце, што складана пераехаць з адной краіны ў другую, калі ў цябе шмат рэчаў, дзеці і котка? А ўявіце сабе рэлакацыю з двума канямі і шасцю сабакамі. Напрыканцы 2021 года беларускія фермеры з Браслаўшчыны рашыліся рэлацыраваць сваю гаспадарку на хутар пад Кракавам.

Пра польскую бюракратыю, фермера-паляка, казу Хілары, сырныя абанементы і жыццё па графіку жывёлаў уласніца фермы Krapacheese Юлія распавядае спецыяльна для spravy.io.

«Нам вельмі хацелася працягнуць сваю справу»

Працягваць фермерства ў эміграцыі пара вырашыла свядома: з 2015 года яны мелі паспяховую гаспадарку на Браслаўшчыне — гадавалі жывёлу і варылі сыры. Праца была пастаўлена выдатна: прадукцыю рэгулярна дастаўлялі ў Менск, а ў цёплы сезон на хутары заўсёды было шмат турыстаў.

— У 2020 годзе настрой быў такі: калі ўсё будзе файна — застаемся, калі не — вымушаны будзем выехаць, — узгадвае Юлія. — Жыццё пайшло па другім шляху. Нам вельмі хацелася працягнуць сваю справу. Першапачаткова стаяла задача даведацца, ці рэальна гэта для замежнікаў у Польшчы, бо юрыдычна тут усё вельмі складана. Але калі даведаліся, што магчыма, зноў узяліся за працу.

Уладальнікі фермы Krapacheese

З перавозкай сабак праз мяжу ў машыне ўсё прайшло проста — спатрэбіўся стандартны спіс дакументаў і прышчэпкі. А вось з канямі сітуацыя аказалася больш складанай: купіць новых коней у Польшчы было б значна прасцей, але для сям’і гэта была «адказнасць за тых, каго прыручылі». 

— Чакалі прышчэпак, тэстаў на антыцелы, аналізаў крыві. На той момант у Беларусі яшчэ быў перавозчык з ліцэнзіяй на Еўропу. Перавозка каштавала прыкладна 4,5 тысячы еўра за дваіх коней.

На жаль, іншую сельскагаспадарчую жывёлу — авечак, коз ці кароў — перавезці праз мяжу немагчыма. Іх прыйлося распрадаць ці аддаць у добрыя рукі.

Уладальнікі фермы Krapacheese

— Сабакі ў нас былі вельмі спецыфічныя, — тлумачыць Юлія. — На Браслаўшчыне мы жылі на хутары, вакол якога лясы і ваўкі. Нашы сабакі — сур’ёзныя ахоўнікі, якія баранілі авечак ад драпежнікаў. Аддаць іх у іншыя рукі было складана, ды і мы вельмі прывязаліся. Што тычыцца коней… Вялікага попыту на іх у Беларусі няма. Нават задарма аддаць іх было рызыкоўна, бо яны маглі патрапіць на мясакамбінат. Таму, як толькі даведаліся, што перавозка тэарэтычна магчымая, адразу заняліся гэтым. Трэба было зарабіць дадатковыя грошы — мы іх зарабілі. 

«Фермерства пачынае адбівацца гадоў праз дзесяць»

Фермерства ў цэлым складана назваць бізнесам у звыклым разуменні. 

— Гэта вельмі доўгатэрміновая гісторыя, якая першыя дзесяць год можа наогул не адбівацца, — распавядае фермерка. — У першую пяцігодку ты дакладна толькі ўкладваеш — сродкі, сілы і час. 

Параўноўваць былую гаспадарку на Браслаўшчыне і цяперашнюю ў Польшчы пакуль складана. Гераіня кажа, што ўсё магло быць лепш, калі б было ўласнае жыллё. Сям’я зараз у працэсе пакупкі дома. Але паколькі яны іншаземцы, а нерухомасць ідзе разам з сельскагаспадарчай зямлёй, узнікла складаная юрыдычная сітуацыя. Пакуль месца афіцыйна не выкуплена, планаваць нешта наперад скаладана.

Уладальнікі фермы Krapacheese

Сёння арэнда разам з камуналкай абыходзіцца беларускім фермерам прыкладна 4-4,5 тысяч злотых штомесяц. У арэндзе знаходзіцца 2,5 гектары зямлі, дадаткова прыходзіцца звяртацца да суседзяў: нехта дазваляе карыстацца зямлёй бясплатна, камусьці плацяць за выпас.

Самай вялікай часткай расходаў Юлія называе корм для статка, паколькі на ферме каля 70 жывёл:

— На год нам трэба каля 40 тон сена. Сёлета толькі на яго пайшло 18 тысяч злотых, а на збожжа і іншы корм — каля 8 тысяч. Многія думаюць, што летам жывёлы ядуць толькі траву. Але гэта так не працуе — кармушка на ноч мусіць быць поўная сена. Зараз мы яго купляем, бо сваёй тэхнікі няма. Калі набудзем дом, наступным крокам будзе купля трактара з усім прыладамі для нарыхтоўкі.

Другі сур’ёзны пункт выдаткаў — ветэрынарыя і здароўе жывёл. Нават утрыманне аднаго сабакі ці ката каштуе нямала. А калі іх шмат, то выдаткі адчувальныя: на прышчэпкі, прафілактыку паразітаў, вітаміны і неабходныя прэпараты штогод сыходзіць 5-6 тысяч.

Уладальнікі фермы Krapacheese

Да таго ж рэгулярна прыходзіцца выдаткоўваць каля 1 тысячы злотых на лабараторныя аналізы малака.

Далей ідуць выдаткі на саму вытворчасць сыру: закваскі, ферменты, упакоўку і лагістыку (бензін, кур’ерскія кампаніі).

А яшчэ ежа для сабак абыходзіцца прыкладна ў 6-7 тысяч злотых у год. 

Нягледзячы на такі спіс выдаткаў, гаспадарка паступова выходзіць на самаакупнасць:

— На дадзены момант мы працуем без зарплат для сябе, але ўжо выйшлі на ўзровень, калі патрэбы гаспадаркі і неабходныя расходы мы закрываем, — распавядае Юлія. — Заробкі ж у цэлым залежаць ад сезона. За лета і ў зімовыя святы трэба зарабіць на менш прадажныя перыяды — вясну і восень. Што тычыцца прайса, то наведванне з дэгустацыяй каштуе 75 злотых з чалавека — гэта праграма на прыкладна 3 гадзіны. Цэны на каровіны сыры — ад 55 да 100 злотых за кг, авечыя — ад 200 злотых за кілаграм. Зразумела, што пакуем сыр не кілаграмамі, а па 200-300-400 г.

З усімі каласальнымі аб’ёмамі працы гаспадары спраўляюцца самі. На пытанне пра каманду Юлія адказвае коратка:

— Мы ўдваіх з мужам. Выключна ўдваіх. Усё, кропка.

Уладальнікі фермы Krapacheese

Банкаўскі бан праз беларускі пашпарт і абанементы на сыр

Бюракратычныя перашкоды і адсутнасць уласнага кутка вымусілі фермераў шукаць альтэрнатыўныя фінансавыя магчымасці. Сям’я ўжо атрымала амаль усе дазволы на куплю зямлі і нерухомасці. Але польскія банкі адмовілі ім і ў іпатэцы, і ў звычайных крэдытах — адначасова праз спецыфіку фермерства і беларускае грамадзянства гаспадароў.

Каб сабраць суму, якой не хапае для выкупу нерухомасці — а гэта 250 тысяч злотых — фермеры запусцілі збор на платформе zrzutka. Але на сам краўдфандынг, по шчырасці, асабліва не спадзяюцца. Стаўку робяць на іншае.

— Я б хутчэй сказала, што зараз наша становішча значна лепш могуць паправіць сертыфікаты на сыр, — тлумачыць Юлія. — Мы, безумоўна, вельмі рады і звычайным пакупнікам, але ёсць людзі, якія замаўляюць у нас сертыфікаты на 500, 1000 і нават на 4000 злотых. Для чалавека гэта працуе як сырны абанемент: мы потым у зручным для кліента графіку аддаем свежыя сыры на гэтую суму. Калі ў людзей ёсць свабодныя грошы і яны гатовыя так нас падтрымаць — гэта найлепшы варыянт.

Ферма Krapacheese

Сістэма з сертыфікатамі ўжо сябе апраўдала:

— Калі мы толькі запускалі гэтую ідэю, я думала, што нам спатрэбіцца гады два, каб неяк сабраць патрэбную суму. Здавалася, працэс зацягнецца. Бо грошы для аднаразовага ўнёску ўсё ж немаленькія. Але водгук ад супольнасці аказаўся значна большым! Гэта падтрымка вельмі натхняе і дае сілы рухацца далей.

Для Krapacheese, дзе цяпер жывуць 7 сабак, котка, 2 кані, 32 авечкі і 28 коз, уласнае месца — гэта пытанне бяспекі. Набыццё зямлі абароніць жывёл ад новых стрэсавых пераездаў, якія адбіраюць здароўе і ў гаспадароў, і ў іх падапечных. Свая зямля дазволіць ферме нарэшце цвёрда стаць на ногі: зрабіць стацыянарную сыраварню і пашырыць вытворчасць. А калі атрымаецца сабраць больш за неабходны мінімум, гаспадары плануюць ажыццявіць яшчэ адну даўнюю мару — падключыць дом да цэнтральнага вадаправода.

Новая бізнес-мадэль і польскі фермер выцягнулі з крызісу

Паколькі сельскагаспадарчую жывёлу з Беларусі прывезці было фізічна немагчыма, на новае месца пара прыехала фактычна на пустыя палі. Грошы на старт былі — ад продажу беларускай гаспадаркі, таму фермеры вырашылі адразу купіць вялікі статак: каля 20 авечак і каля 20 коз. Аднак тое, што павінна было стаць магутным штуршком для бізнесу, ператварылася ў масакру, як кажуць палякі:

— На жаль, і ў адным, і ў другім статку, які мы набылі тут, у Польшчы, выявілася захворванне. Жывёлы пачалі цяжка хварэць. Мы з ветэрынарамі іх выцягвалі, але ў выніку палова гэтага статка проста пала. Для нас гэта была сапраўдная трагедыя. Хацелася пачаць адразу са свайго казінага і авечага малака. А ў выніку прапусцілі паўтара сезона дойных коз і авечак. Гэта былі чыстыя выдаткі — мы іх толькі кармілі і лячылі, кармілі і лячылі. Стрэс ад пераезду, трагедыя з жывёламі — сітуацыя была вельмі цяжкая.

Уладальнікі фермы Krapacheese

Выбрацца з гэтага крызісу дапамаглі два рашэнні — змена бізнес-мадэлі і жорсткі ветэрынарны кантроль. Гаспадары зразумелі, што выйсці ў нуль на адным толькі сваім малацэ бліжэйшым часам не атрымаецца, таму пазнаёміліся з мясцовым польскім фермерам, які трымае кароў.

У яго сталі закупляць сыравіну для перапрацоўкі — зараз на каровіна малако сыходзіць прыкладна 2 500 злотых у месяц. Уласных кароў сям’я заводзіць не плануе, таму закупкі пад асобную лінейку сыроў застануцца пастаяннымі. Гэта дало магчымасць не спыняць вытворчасць і зарабляць грошы.

Уладальнікі фермы Krapacheese

Паралельна ўдалося выратаваць і частку ўласных жывёл:

— Мы ўсё ж такі цалкам палячылі свой статак. Высветлілі, што існуюць адмысловыя прышчэпкі — вельмі дарагія, але яны ёсць. Гэтае захворванне чалавеку не перадавалася, яно было толькі ўнутры статка. Усё новае патомства абавязкова прышчаплялі ад нараджэння, і жывёлы выздаравелі, — узгадвае Юлія. — На гэта спатрэбілася тры гады: у 2022 годзе мы завялі статак, прайшлі праз хваробы, аднавілі яго, у мінулым годзе з’явілася першае нармальнае сваё малако, а вось зараз ужо поўным ходам ідзе малочны сезон і статак нарэшце пачаў прыносіць прыбытак.

Жыццё па графіку жывёл, сонечныя панэлі і роды на Каляды

Графік на ферме цалкам дыктуе надвор’е і патрэбы жывёл. Калі пачынаецца моцная летняя спякота, прачынацца даводзіцца значна раней, каб паспець падаіць і вывесці статак на пашу да таго, як сонца стане пякучым. Бо спёка для жывёл — вялікі стрэс, таму ўдзень яны хаваюцца ў цені, а фермеры вылучаюць гадзінку на ўласны адпачынак.

— Калі працуеш з жывёлай, цалкам адаптуеш свой графік пад яе патрэбы, — тлумачыць Юлія. — Летам сонца ўстае рана і заходзіць позна, і ў цябе фактычна такі ж доўгі працоўны дзень, як і ў твайго статка. Зімой жывёлы прачынаюцца пазней і кладуцца спаць раней, таму і час працы з імі ў хляве карацейшы. 

Спраўляцца ўдваіх з вялікай гаспадаркай дапамагаюць сучасныя тэхналогіі. Замест таго каб цэлы дзень хадзіць за статкам, выкарыстоўваюць электрапастухоў. Жывёл проста прыводзяць на месца, зачыняюць і падключаюць сонечную панэль з электрызатарам, якія забяспечваюць аўтаномную працу агароджы.

Ферма Krapacheese

Працэс даення таксама аўтаматызаваны дзякуючы адмысловаму апарату, які падыходзіць і козам, і авечкам. Праўда, з маладымі жывёламі ў іх першы дойны сезон даводзіцца працаваць індывідуальна:

— Першыя тыдзень-два прывучаем жывёл уручную — стаяць і звыкацца з працэсам. Галоўнае тут — сумленны абмен: за малако мы заўсёды даем смаколікі, адмысловую мяшанку са збожжа і вітамінаў. Калі козы і авечкі разумеюць правілы, мы пераводзім іх на апарат, і далей увесь сезон яны дояцца аўтаматычна.

Акот (роды ў авечак і коз) пачынаецца зімой — на Каляды і пасля Новага года. У гэты перыяд у хляве даводзіцца літаральна жыць. У большасці выпадкаў жывёлы спраўляюцца самі, але пры кожным пятым акоце патрабуецца дапамога з-за паталогій ці буйных пладоў. Здараюцца і псіхалагічныя збоі, калі маці вылізвае малых, але адганяе ад вымяці. Тады лік ідзе на хвіліны:

Ферма Krapacheese

— Малых трэба забіраць і выкормліваць самому, — тлумачыць Юлія. — У халодную зіму малому абавязкова трэба даць малодзіва ў першыя 15–30 хвілін жыцця. Інакш яно проста не выжыве. Калі авечка нарадзіла ноччу і адмовілася карміць, раніцай знойдзеш малых ужо нежывымі, нават калі маці іх вылізала.

Такая зімовая нагрузка абумоўлена прыроднай біялогіяй. Цяжарнасць у коз і авечак трывае 5 месяцаў. Шлюбны сезон пачынаецца прыродна, калі светлавы дзень карацее — у жніўні, верасні і кастрычніку. Калі адлічыць ад гэтага часу пяць месяцаў, акурат атрымліваецца зіма або ранняя вясна.

Козы з імёнамі першых лэдзі і беларускія запражныя коні

Нягледзячы на вялікі статак, кожная жывёла на ферме мае імя, і гаспадары ведаюць усіх «у твар». Усе козы і авечкі маюць свае мянушкі: напрыклад, Смарода, Ягода, Булка. Найстарэйшых коз назвалі ў гонар першых лэдзі — Мэланія, Хілары і Мішэль. Мянушкі авечак часта адлюстроўваюць іх характар: ёсць Баржа, Дырыжабль, а тую, што заўсёды лезе наперад, завуць Пуша (ад англійскага push — штурхаць). Барана назвалі Партосам, бо авечкі на ферме французскай пароды (яго папярэдніка звалі Ракфор). Ёсць нават план на будучыню: цяперашні маленькі казёл завецца Казік, але калі вырасце, будзе ўжо Казімеж.

Уладальнікі фермы Krapacheese

— Калі нам трэба абмеркаваць канкрэтную жывёлу, мы так і кажам: «Трэба паглядзець Пушу», — усміхаецца Юлія. — Праўда, для ветэрынараў і афіцыйных дакументаў усе яны маюць парадкавыя нумары на жоўтых бірках у вушах. Гэта занесена ў агульнаеўрапейскую сістэму — у кожнай жывёлы, як і ў чалавека, свая афіцыйная гісторыя хвароб.

Асобная любоў гаспадароў — два кані, якіх з цяжкасцямі везлі праз мяжу. Яны прадстаўляюць рэдкую беларускую гадаваную пароду — беларускі запражны конь. Іх завуць Тактыка і Дукат, гэтымі імёнамі іх назвалі яшчэ на ферме на Глыбоччыне, дзе яны нарадзіліся. Юлія тлумачыць, што ў коней ёсць свая традыцыя наймення: у імені абавязкова павінна быць хаця б адна літара або частка імя маці і частка імя бацькі. Цяпер гэтыя магутныя волаты, якім здзіўляюцца турысты, «працуюць» на ферме хатнімі гадаванцамі.

Сабак зараз сем: шэсць прыехалі з беларускага хутара, аднаго завялі на месцы. Адзін з сабак пастаянна кантралюе перыметр:

— Пільнуе ліс, якія прыходзяць паляваць на маленькіх ягнят, — тлумачыць Юлія. — Сабака сур’ёзна сочыць, каб ніхто чужы не зайшоў на ферму.

Ферма Krapacheese

«Гэта як з добрым віном» — кліенты Krapacheese больш не купляюць сыр у супермаркетах

Вытворчасць на ферме застаецца цалкам рамеснай і ручной, хоць маштабы даўно выйшлі за межы хатніх: на сыраварні працуе 100-літровы чан з падагрэвам.

Каля 50–60% пакупнікоў — беларусы, якія ведалі якасць прадукту яшчэ па Браслаўшчыне. Сярод кліентаў шмат украінцаў і палякаў: ферма актыўна супрацоўнічае з мясцовымі агратурыстыкамі і вінарнямі, якія накіроўваюць турыстаў у Krapacheese. Юлія параўноўвае спажывецкую культуру з культурай віна:

— Наш смак кардынальна адрозніваецца ад мас-маркета з умоўнай «Бядронкі». Мы самі калісьці паспрабавалі натуральнае польскае віно з мясцовай лакальнай фермы — і ўсё, цяпер не можам купляць фабрычнае. Так і з нашым сырам: людзі аднойчы каштуюць натуральны прадукт і больш не хочуць вяртацца да крамных.

Уладальнікі фермы Krapacheese

Юлія тлумачыць, што за гэтым «смакам» стаіць вялікая праца і веды аб прадукце. У сярэднім, каб зрабіць кілаграм сыру, патрабуецца каля 10 літраў малака. Пры гэтым важна адрозніваць сыравіну: з авечага малака выйдзе больш сыру, чым з таго ж аб’ёму каровінага, бо яно больш шчыльнае — у ім вышэйшая канцэнтрацыя бялку і тлушчу.

Фермерка адзначае і карысныя ўласцівасці: казінае малако гіпаалергеннае — яго і прадукты з яго можна ўжываць усім без выключэння. Авечае ж малако яна называе «суперсродкам» для аднаўлення арганізма пасля цяжкіх хвароб ці стрэсаў, якое да таго ж лічыцца натуральнай прафілактыкай анкалагічных захворванняў. А вось да каровінага малака, па словах Юліі, у навуковым свеце сёння шмат пытанняў з-за складу бялку і цукру, таму яго рэкамендуецца ўжываць пераважна ў ферментаваным выглядзе — як кефір, тварог ці сыр. 

Хіты сезона — халумі і сулугуні, па якім вельмі сумуюць беларусы, бо ў польскіх супермаркетах гэтага практычна няма. Улетку такі сыр ідэальна ідзе на грыль. Стабільна шмат замаўляюць далікатную рыкоту, сыры з белай і блакітнай цвіллю, а таксама больш дарагія авечыя гатункі — пекарына і брынзу.

Ферма Krapacheese

Лагістыка далікатнага тавару залежыць ад сезону. Пры правільнай тэхналогіі вытрыманыя сыры спакойна ляжаць у лядоўні паўгады, а вось кароткі тэрмін (да тыдня) маюць толькі тварог і рыкота. У халодную пару пошта і пачкаматы працуюць ідэальна: пасылка едзе менш за суткі.

— Мы стараемся збіраць наборы так, каб працэнтаў 80 можна было доўга трымаць у лядоўні альбо замарозіць, — дзеліцца Юлія. — Той жа халумі замарожваецца на шэсць месяцаў. Праўда, паверце майму досведу: людзі з’ядаюць яго вельмі хутка. Думаюць, замарожу на паўгады наперад, але рэдка ён там ляжыць так доўга, бо вельмі смачны!

У спёку правілы жорсткія: поштай далікатныя сыры улетку наогул не адпраўляюць. Для Кракава і ваколіц фермеры робяць дастаўку на сваёй машыне. У іншыя рэгіёны адпраўляюць толькі цвёрдыя гатункі ў тэрмабоксах з хладаэлементамі. Да таго ж у цёплы сезон выдатна ратуюць турысты, якія набываюць сыр прама на дэгустацыях.

Тусоўкі з авечкамі і астравок беларускасці

Важным крокам для развіцця гаспадаркі стала рашэнне запрашаць людзей у госці на экскурсіі і дэгустацыі. Галоўная фішка фермы — поўны кантакт з жывёламі. Паколькі ўвесь маладняк, і асабліва авечак, на ферме з першых дзён спецыяльна прывучаюць да рук, яны вырастаюць абсалютна ручнымі і бяспечнымі.

— Перш за ўсё людзей уражвае тое, што мы ходзім менавіта на выпас да жывёл, і турысты могуць пабыць пасярод статка. Нашы жывёлы не проста не баяцца людзей — яны самі цягнуцца да іх. Калі да вас ідзе статак авечак, яны зусім не агрэсіўныя, проста тусуюцца побач з вамі, то гэта вельмі ўражвае, — расказвае Юлія.

Ферма Krapacheese

Візіты сталі яшчэ адным выдатным варыянтам продажу прадукцыі, хоць фінансавы прыход моцна залежыць ад сезона:

— Напрыклад, паўгады узімку мы наогул не прымалі гасцей. Па-першае, да нас больш складана даехаць. Па-другое, пачаліся роды ў авечак і коз — гэта вельмі адказны час, і мы не хацелі іх трывожыць. Таму паўгады асноўны прыход грошай быў выключна ад продажу сыроў. А вось летам гэтыя візіты і наведванні вельмі моцна дапамагаюць фінансава.

Ферма пад Кракавам стала не проста месцам працы з зямлёй, а сапраўдным культурным асяроддзем. Юлія перакананая, што іх дзейнасць актыўна прасоўвае беларускія традыцыі. Калі прыязджаюць суайчыннікі (а яны складаюць большасць турыстаў), усе экскурсіі праводзяцца на беларускай мове. Гаспадары заўсёды размаўляюць па-беларуску.

Ферма Krapacheese

Калі прыязджаюць палякі ці змешаныя групы, праграма можа гучаць на польскай альбо англійскай, аднак і родная мова гаспадароў для палякаў не становіцца бар’ерам: Юлія проста падбірае беларускія словы, якія маюць супольныя славянскія карані і бліжэйшыя да польскай мовы, таму госці ўсё выдатна разумеюць.

— Да нас прыязджае вельмі шмат беларусаў. Усе кажуць, што ў нас вельмі добра, бо яны акунаюцца ў роднае асяроддзе і часта самі пачынаюць размаўляць па-беларуску — прынамсі тут, на ферме, — адзначае гераіня. — Украінцы таксама вельмі любяць да нас прыязджаць і цешацца, што мы размаўляем на нашай мове. У Кракаве нас ужо добра ведаюць, бо там увогуле вялікая дыяспара. Таму ў нас атрымаўся такі сапраўдны, утульны астравок беларускасці пад Кракавам.

Уладальнікі фермы Krapacheese

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *