«У беларучак мы не гуляем»: беларусы запусцілі клінінгавы бізнес у Варшаве

Фота: «Наша Ніва»

Дзмітрый Канапелька валодаў IT-кампаніяй, а Павел Лукаянаў — сэрвісным цэнтрам у Беларусі. Яны пазнаёміліся ў бабруйскай калоніі, а пасля вызвалення пераехалі ў Польшчу. У канцы 2025 года партнёры запусцілі ў Варшаве ўласны клінінг BoberDober — праект стаў адказам на немагчымасць хутка знайсці працу ў эміграцыі без ведання мовы. Пра тое, ці атрымліваецца будаваць бізнес, расказвае «Наша Ніва».

Старт з некалькімі тысячамі даляраў

Для пачатку дзейнасці заснавальнікам хапіла некалькіх тысяч даляраў з асабістых ашчаджэнняў — грошы пайшлі на рэкламу і закупку прафесійнай хіміі. Назву BoberDober абралі як адсылку да папулярных польскіх мемаў і працавітасці баброў, а таксама каб адбудавацца ад канкурэнтаў з банальнымі назвамі.

Фота: «Наша Ніва»

Абавязкі размеркавалі так: Павел займаецца сацсеткамі і наладжваннем рэкламы, Дзмітрый — сайтам і дакументацыяй. Пры гэтым заказы яны прымаюць разам і самі выязджаюць на аб’екты. Усяго ў камандзе цяпер сем чалавек: чатыры клінеры, бухгалтар і непасрэдна заснавальнікі.

«Хацелася б толькі камандаваць! Але ёсць рэчы, якія нашым дзяўчатам складана рабіць — мыццё вокнаў, напрыклад, ці хімчыстка. Ну, ці бывае заказ, дзе трэба памыць дзесяць вокнаў, і ты проста далучаешся і дапамагаеш. У беларучак мы не гуляем. Ды і не такі гэта бізнес, дзе можна стартаваць з пазіцыі «дырэктара ў пінжаку». Трэба самому зразумець увесь працэс: колькі часу займае прыбіранне, якія сродкі лепш працуюць, праверыць якасць прыборкі».

Паводле слоў прадпрымальнікаў, асабісты ўдзел на пачатковым этапе непазбежны:

«Колькі б грошай у цябе ні было на старце, усё роўна прыйдзецца ва ўсім разбірацца — ад рэкламы да самага клінінгу. Бо дзе ты знойдзеш дасведчаных клінераў сабе адразу, калі ты на рынку яшчэ ніхто?»

Прафесійны клінінг заснавальнікам давялося асвойваць з нуля — яны глядзелі навучальныя відэа на YouTube і тэсціравалі тэхналогіі на хатняй мэблі.

Фота: «Наша Ніва»

Знайсці добрых супрацоўнікаў — таксама няпроста. Усе чатыры пастаянныя клінеры, якія працуюць у кампаніі, — з Беларусі. Заснавальнікі адзначаюць, што ў беларусаў самы зразумелы і высокі стандарт чысціні.

Ад грузінскага рэстарана да кватэр пасля рамонту

У добры месяц BoberDober закрывае каля 50–70 заказаў. Самым складаным аб’ектам пакуль застаецца штомесячная генеральная прыборка ў грузінскім рэстаране, дзе праз пастаянную працу грылю і духовак звычайныя сродкі бяссільныя.

За час працы клінеры сутыкаліся і з моцна забруджанымі кватэрамі, і з паслярамонтнай прыборкай, дзе акрамя мыцця паверхняў даводзілася дапамагаць кліентам пераносіць цяжкую бытавую тэхніку на другі паверх.

Фота: «Наша Ніва»

Кліенцкая база сэрвісу дзеліцца на некалькі сегментаў: каля 30% — беларусы, украінцы і палякі; яшчэ 30% — «мультымоўныя» экспаты, супрацоўнікі міжнародных карпарацый, якім трэба дапамагчы прыбраць кватэру перад высяленнем, каб вярнуць заклад; і каля 10–15% — высокакласныя спецыялісты з Індыі (айцішнікі і супрацоўнікі банкаў), якія жывуць у прыватных дамах пад Варшавай.

Прыбытак ад клінінгу забяспечвае звычайнае жыццё ў Варшаве

Кампанія робіць стаўку на якасць, таму цэны тут крыху вышэйшыя за сярэднія па рынку. Здача кожнага аб’екта праходзіць у прысутнасці кліента.

Фота: «Наша Ніва»

Тым не менш памылак пазбегнуць не атрымліваецца. Нядаўна на Google Maps клінінгу паставілі адну зорку за адмену заказу ў апошні момант. Кліент жыў за 50 кіламетраў ад горада, а сэрвіс працуе ў межах да 30 кіламетраў.

Прадпрымальнікі прызнаюць:

«Нам не сорамна прызнаць памылку — з нашага боку сапраўды быў касяк ва ўзаемадзеянні».

Цяперашніх абаротаў бізнесоўцам хапае на арэнду жылля і бытавыя выдаткі: прыбытак забяспечвае звычайнае жыццё.

Пры гэтым частку грошай партнёры штомесяц накіроўваюць на развіццё кампаніі і набыццё новага прафесійнага абсталявання.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *