Аркадзь Добкін не верыць, што штучны інтэлект пазбавіць праграмістаў працы і знішчыць ІТ-індустрыю

Фота: epam.com

Заснавальнік і старшыня савета дырэктароў EPAM Systems перакананы, што сучасная боязь ШІ-аўтаматызацыі паўтарае сцэнарыі мінулых дзесяцігоддзяў, а сапраўдная каштоўнасць тэхналогій — у стварэнні новых катэгорый задач, а не ў больш танным выкананні старых. Пра гэта беларускі ІТ-прадпрымальнік Аркадзь Добкін напісаў у сваім LinkedIn.

Прагноз пра масавае беспрацоўе праграмістаў з 1992 года

Добкін цытуе кнігу Эдварда Ёрдана «Заняпад і падзенне амерыканскага праграміста»:

«Да канца гэтага дзесяцігоддзя я прадбачу масавае беспрацоўе сярод амерыканскіх праграмістаў, сістэмных аналітыкаў і інжынераў па праграмным забеспячэнні».

Гучыць як пра сёння, але кніга была апублікавана яшчэ ў 1992 годзе. Яе аўтар — адзін з найбольш уплывовых ІТ-мысляроў свайго часу, піянер структурнага аналізу і аб’ектна-арыентаванага праектавання — будаваў свае высновы на цалкам лагічных для таго часу перадумовах. Рост пулу талентаў у Індыі і іншых краінах, глабалізацыя, а таксама эфектыўныя CASE-інструменты для генерацыі кода павінны былі дазволіць ствараць больш танныя «фабрыкі праграмнага забеспячэнні», здольныя закрыць большасць патрэб рынку.

Як прызнаецца Аркадзь Добкін, для яго гэтая кніга ў 1993 годзе паслужыла адным з трыгераў для запуску EPAM.

«Кніга стала для мяне сігналам пра тое, што глабальны ландшафт распрацоўкі змяняецца і адкрывае новыя магчымасці».

Чаму катастрофа ў ІТ не адбылася

Праз некалькі гадоў Эдвард Ёрдан выпусціў іншую кнігу — «Пад’ём і ўваскрашэнне амерыканскага праграміста», дзе прызнаў, што яго ранейшы прагноз апынуўся памылковым. Глабалізацыя і аўтаматызацыя сапраўды аказалі велізарны ўплыў на рынак, але катастрофы не адбылося.

Вось як тлумачыць гэта Добкін:

«Прагноз апынуўся памылковым, бо ён зыходзіў з таго, што катэгорыі працы застануцца ранейшымі: кампаніі будуць працягваць рабіць тую ж працу, толькі танней, хутчэй і з меншай колькасцю людзей».

Фота: adsider.com

У рэальнасці ж змяніліся самі катэгорыі задач. З’явіліся новыя кірункі працы, якія ніхто не мог прадказаць, і гэты працэс ішоў хутчэй, у параўнанні з тым, як аўтаматызаваліся старыя працэсы.

Канцэпцыя «фабрыкі праграмнага забеспячэння» не знішчыла прафесію, а змяніла каштоўнасць — ад напісання кода да пабудовы платформаў, інтэграцыі сістэм, разумення бізнес-кантэксту, разблытвання складаных унаследаваных сістэм і дасягнення канкрэтных вынікаў.

Колькі новых ідэй будзе створана дзякуючы ШІ

Сёння індустрыя зноў сутыкаецца з падобнымі чаканнямі. Абмяркоўваюцца канцэпцыі так званых «цёмных фабрык», дзе ШІ-агенты будуць ствараць праграмнае забеспячэнне з мінімальным удзелам чалавека.

Аркадзь Добкін згаджаецца, што з часам і пры пэўных намаганнях значная частка гэтых прагнозаў сапраўды спраўдзіцца. Аднак заснавальнік EPAM падкрэслівае, што сучасныя ШІ-рашэнні пакуль абмежаваныя аптымізацыяй ужо існуючых працэсаў:

«Большая частка таго, што мы сёння называем AI-first, усё яшчэ засяроджана на паляпшэнні існуючай працы: больш хуткім напісанні кода, мадэрнізацыі састарэлых праграм, міграцыі платформаў, аўтаматызацыі падтрымкі… Але гэта пакуль не новая катэгорыя працы».

На думку Добкіна, гэта каштоўныя інструменты, але яны пакуль што абслугоўваюць старыя катэгорыі працы, проста даючы абяцанне рабіць яе значна танней і хутчэй.

«Галоўнае пытанне сёння палягае не ў тым, колькі старых задач аўтаматызуе ШІ або колькі працоўных месцаў ён скароціць. Нашмат важней тое, колькі новых ідэй, рашэнняў, платформаў і ІТ-бізнесаў будзе створана ў тых катэгорыях працы, якія мы пакуль нават не можам назваць».

Аркадзь Добкін мяркуе, што ключавая каштоўнасць зноў зрушыцца ў бок так званай «апошняй мілі»: магчымасці ШІ будуць ператвораныя ў канкрэтныя карпаратыўныя рашэнні — больш надзейныя, бяспечныя і інтэграваныя. І якія будуць рэальна выкарыстоўвацца.

Гэтая «апошняя міля» стане больш шырокай, больш складанай і акажа большы ўплыў на бізнес. Такім чынам, перад ІТ-індустрыяй зноў адкрываюцца маштабныя магчымасці, упэўнены беларускі ІТ-прадпрымальнік.

Таксама Аркадзь Добкін падзяліўся гісторыяй, што ў 2008 годзе ён вячэраў з Эдвардам Ёрданам і распавёў яму пра тое, як яго кніга дапамагла зараджэнню EPAM, паказаўшы новыя перспектывы замест прагназуемага фіналу. І Ёрдан падпісаў кнігу для Добкіна — гэты асобнік прадпрымальнік захоўвае да сёння.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *