Беларусы надрукавалі турыстычны гайд па Кракаве і ўжо прадалі больш за 100 асобнікаў

Кракаўскі блогер і гід Глеб Ляпейка і дызайнерка Саша Мулінская распрацавалі і выдалі «Вайбовы гайд па Кракаве» на беларускай мове. За першы месяц пасля запуску ўжо прададзена больш за 110 друкаваных асобнікаў.

Беларусы планавалі гэты турыстычны гайд два гады, з якіх непасрэдна працавалі над выданнем 6 месяцаў.
Асноўная ідэя — стварыць зручнае выданне для хуткага азнаямлення з горадам. У друкаваным гайдзе сабраныя 44 лакацыі, кожная з якіх апісана максімум у 20 словах без «вады».

Каб зрабіць прадукт больш каштоўным, аўтары дадалі інтэрактыўныя элементы:
- кракаўскае бінга;
- красворд;
- месца для збору пячатак і каментароў пра наведаныя месцы.

Друкаваны гайд каштуе 55 злотых. Бонусам ідзе PDF-версія і Google-мапа з усімі кропкамі з гайда, а таксама 15 бонуснымі кропкамі, якія не ўвайшлі ў асноўную кнігу.
— Мы прэзентавалі гайд па Кракаве 9 ліпеня і ўжо прадалі 110 асобнікаў. Гэта вельмі крута, дзякуй усім за давер і падтрымку, — распавядае Саша Мулінская.

Прынцыповым стала выкарыстанне беларускай мовы:
— Многія дзякавалі менавіта за тое, што гайд зроблены па-беларуску. Нам гэта вельмі прыемна, бо мы верым, што беларуская мова — гэта не толькі пра гісторыю і літаратуру, але таксама і пра лайфстайл, — кажа Глеб Ляпейка.

Для стымулявання попыту правялі акцыю: першыя 50 чалавек, якія замовілі гайд, атрымалі ў падарунак дадатковыя паштоўкі, сярод якіх эксклюзіўны хэндмейд у тэхніцы лінагравюры ад дызайнеркі Сашы.
Цяпер у стандартным камплекце з гайдам ідзе адна паштоўка, але можна набыць дадатковыя дызайнерскія паштоўкі па 3 злотыя.

Друкаваўся гайд у мясцовай друкарні OkejDRUK, якую таксама заснавалі беларусы. Выданне 200 асобнікаў гайда і набору паштовак каштавала каля 3000 злотых.
— З кожнай анлайн-пакупкі сэрвіс Stripe забірае каля 2 злотых камісіі, але друк накладу мы ўжо акупілі, бо паводле нашых разлікаў для гэтага трэба было прадаць 50-60 асобнікаў, — кажа Глеб Ляпейка.

Найбліжэйшая камерцыйная мэта праекта — падвоіць аб’ём продажаў і пашырыць геаграфію:
— Нашая мэта — прадаць не менш за 200 асобнікаў. Пакуль што абсалютная большасць заказаў была з Кракава. А хочацца паказаць гэты горад беларусам і з іншых мясцін, — распавядае Саша Мулінская.

Абнаўленне гайда ёсць у планах, але не раней, як праз год. Цяпер аўтары гайду працуюць над адаптаванай для замежнікаў англамоўнай анлайн-версіяй. А вось перакладу на польскую мову не будзе — як кажа Глеб, канкурэнцыя тут вельмі высокая, а ён не так глыбока ведае культурны кантэкст і не развівае старонак у сацыяльнах сетках па-польску. Таму, як мяркуе беларус, «прабіцца будзе занадта складана».

Паралельна Глеб і Саша шукаюць тэму для запуску гайдаў па іншых тэмах і просяць беларусаў дзяліцца ідэямі. Напрыклад, яны ўжо атрымалі просьбу зрабіць гайд па барах.