Дранікі з варэннем і слёзы над баршчом: як працуе беларускае кафэ ва Уроцлаве

Чатыры гады таму ва Уроцлаве з’явілася кафэ «Шэры Заяц», якое стала прытулкам для беларусаў з усяго свету: сюды завітваюць і тыя, хто жыве ў Польшчы, і тыя, хто прыляцеў з іншых кантынентаў проста таму, што гэта найбліжэйшая да Беларусі кропка на мапе, дзе можна паесці дранікаў. Тут ёсць свая «сцяна гонару», кніжны куток і дзясяткі зайцаў рознага паходжання.

Пра слёзы над баршчом, сацыяфобаў, салодкія дранікі і скаргі канкурэнтаў уладальнікі кафэ Таццяна і Алег распавядаюць спецыяльна для spravy.io.

«Або пан, або прапаў»

Гісторыя кафэ пачалася летам 2022 года без бізнес-планаў — проста з прынцыпу «пан або прапаў». Яго адкрылі дзве беларускі — Таццяна і Наталля, якія пераехалі ва Уроцлаў з Салігорска. Наталля мела вопыт працы ў сферы грамадскага харчавання, а Таццяна ў Беларусі працавала ў салоне прыгажосці.

Спачатку ва Уроцлаве Таццяна ўладкавалася працаваць у мясцовую гандлёвую сетку Biedronka, а яе муж Алег таксаваў. Такая праца не давала адчування стабільнасці, і Таццяна з Наталляй вырашылі паспрабаваць штосьці сваё. Грамадскае харчаванне абралі, бо тут у Наталлі ўжо быў досвед. Памяшканне знайшлі выпадкова, а назва «Шэры Заяц» прыйшла ў галаву Алегу са спалучэння прозвішчаў стваральніц кафэ.

На запуск бізнесу пайшло каля 20 тысяч долараў. Гэтай сумы хапіла на касметычны рамонт, мэблю, абсталяванне, халадзільнікі, касавы апарат. Самым дарагім набыццём і сапраўдным сэрцам кухні стала новая пліта за 12 тысяч злотых. Лядоўні абыйшліся па 5-6 тысяч злотых кожная.

— Хайпа мы не злавілі. Але з першага дня ў нас былі госці, а пасля чатырох месяцаў працы змаглі плаціць сабе заробкі, — кажа Таццяна. 

З часам, праз стан здароўя, Наталля адышла ад спраў, і цяпер «Шэры Заяц» працуе як сямейны бізнес. Калі стала зразумела, што працы шмат, Алег перастаў таксаваць і таксама далучыўся да «Зайца». Самі ўладальнікі кажуць, што ляжаць на канапе няма часу:

— Я і цяпер на кухні разам з мужам. Таксама тут працуе сын, нявестка-полька і адна памочніца з Украіны, — распавядае Таццяна.

Самая блізкая краіна, дзе можна паесці беларускага

За чатыры гады партрэт госця «Шэрага Зайца» змяніўся. Напачатку былі пераважна беларусы, якія толькі пераехалі ў Польшчу — прыходзілі вялікімі кампаніямі. Сёння часцей завітваюць сем’і ці невялікія кампаніі сяброў, і гэта беларусы, украінцы і палякі. Пры гэтым беларусы прыязджаюць сюды са ўсяго свету:

— З Аўстраліі, Канады, Новай Зеландыі, Штатаў сюды завітвалі беларусы, — распавядае Алег. Адзін госць неяк сказаў: «Да Беларусі паехаць не магу, прыехаў у Польшчу, бо гэта самая блізкая краіна да радзімы».

Асобны вайб у кафэ ствараюць яго сцены, якія захоўваюць гісторыю эміграцыі — тут госці, у тым ліку выбітныя беларусы, пакідаюць свае ўражанні і зычэнні.

— Раней уся гэтая сцяна была цалкам размаляваная, госці пакідалі там свае подпісы і малюнкі. Але з часам яна проста стала бруднай, таму мы яе зафарбавалі, а самыя каштоўныя фрагменты выразалі, аформілі ў рамкі і павесілі як памяць, — дадае ён.

— Маляваныч тут першы раз агучыў сваю казку. Някляеў некалькі разоў быў, чым таксама вельмі ганарымся. Вельмі бадзёры і аптымістычны чалавек. Ён жыве ва Уроцлаве, — распавядае Таццяна.

Сярод гасцей былі чэмпіён свету па самба Сцяпан Папоў і музыкант Лявон Вольскі. «Зорныя госці» звычайна прыходзяць знянацку:

— Аднойчы пад самы канец працоўнага дня да нас прыйшлі Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук, — узгадвае Таццяна. — Я Маргарыту нават не пазнала спачатку — яна ў жыцці такая невысокая. Накармілі іх дранікамі і калдунамі, пасмяяліся разам.

«Давайце вам зайца намалюю»

На сценах кафэ — карціны і малюнкі, якія маюць розныя гісторыі стварэння. Нешта малявалі самі ўладальнікі кафэ, некаторыя карціны дарылі. Самы буйны заяц на сцяне ўзнік нечакана:

— Адна мастачка прыехала ў госці да сяброўкі, а тая прывяла яе да нас. Яны пачалі есці, а мастачка кажа: «Давайце вам зайца намалюю, выберыце якога і дайце ў чым фарбы размяшаць». Мы выбралі зайца, далі ёй талерку, яна намяшала патрэбныя колеры і літаральна за тры гадзіны стварыла шыкоўную працу. Гэта быў вельмі прыемны сюрпрыз.

Наогул, у кафэ шмат розных зайцаў, якіх дарылі госці. Некаторыя з іх «прыехалі» сюды з Беларусі. Яшчэ адна атмасферная з’ява — кніжны куток:

— Кнігі тут з’яўляюцца і знікаюць самі па сабе — на розных мовах: польскай, беларускай, рускай. Неяк прынеслі кнігу Сашы Філіпенкі «Слон», цяпер сама чытаю, — распавядае Таццяна.

Самае складанае — знайсці добрую бульбу

Штодзённыя выдаткі ідуць у асноўным на прадукты. Больш за ўсё трэба бульбы — мінімум 20 кілаграмаў штодня. І смятаны — каля 40 кілаграмаў на тыдзень. На трэцім месцы па прадуктах — курыца, бо яе часта замаўляюць з дастаўкай.

Знайсці правільную бульбу ў Польшчы — няпростая задача:

— Польская бульба добрая, але яна можа зусім не падыходзіць для дранікаў. Ёсць для смажання, для салатаў, для гатавання, для запякання. Здаецца, і пастаўшчык адзін, але ж гатункі бульбы могуць быць розныя. Напісана «для смажання», але пачынаем цёрці — і яна адразу чарнее. Дранікі з такой бульбы будуць непрэзентабельнага выгляду, што нам не падыходзіць, — распавядае Алег.

Увогуле, выгляд стравы — вельмі важная рэч. Тут усім кліентам дагадзіць складана:

— Часам гавораць: «Дранікі тлустыя». Ну, я кажу, што я ж не напісала, што гэта дыетычная страва. На пару іх не прыгатуеш. На сухой патэльні — не прыгожа, іх у такім выглядзе не падасі гасцям.

Цікава, што палякі могуць замаўляць дранікі не як асноўную страву, а як дэсерт, і тады просяць да стравы цукар або варэнне.

— Яшчэ заўважылі, што ёсць госці, пераважна палякі, якія, не пакаштаваўшы стравы, адразу пасыпаюць соллю і перцам — ім беларуская ежа падаецца занадта лагоднай.

Вайна за столік і адна зорачка ў Google

На жаль, у працы з людзьмі сюрпрызы могуць быць не толькі прыемныя.

— Аднойчы раніца пачалася з таго, што нам паставілі адну зорку ў Google, — кажа Таццяна. — Напісалі там кароткае «фу» — маўляў, і абслугоўванне дрэннае, і ежа не такая, як трэба.

Цікава, што адмоўны водгук з’явіўся раней за тое, як у кафэ прыйшоў першы госць. Таму незразумела, ці гэта прывітанне ад канкурэнтаў, ці нехта з гасцей раптам раніцай узгадаў, што некалі яго нясмачна накармілі.

Часам канфлікты ўвогуле ўзнікаюць на роўным месцы.

— Аднойчы гасцям вельмі хацелася сесці за столік, які быў загадзя забраніраваны іншымі, хаця побач быў вольны такі самы столік. І адным, і другім было проста прынцыпова сядзець менавіта за гэтым столікам і яны не хацелі саступаць. Ледзь не вайна была на роўным месцы, — распавядае Алег. — Паспрабавалі згладзіць, але напружана было.

Яшчэ адна непрыемная з’ява — спажывецкі экстрэмізм, калі людзі адмыслова прыдзіраюцца, каб ім зрабілі зніжку ці нават накармілі бясплатна. Таццяна рэкамендуе ставіцца ветліва да ўсіх, але не паддавацца такім маніпуляцыям:

— Могуць сказаць: «На мой погляд, у сырніках вельмі шмат мукі, прашу вярнуць грошы». Ну, рэдка, але здараецца. Тады гаворым: «Шкада, што вам не спадабалася наша страва, паспрабуйце іншыя нашы стравы, спадзяюся, яны вам спадабаюцца».

Сэрвіс дастаўкі забірае 40% ад прыбытку на замовах

Дастаўка ежы займае каля 40% ад усяго абароту, але Таццяна і Алег прызнаюцца, што ім выгадней было б, калі б госці елі на месцы. Бо сэрвісы па дастаўцы забіраюць прыкладна 40% прыбытку ад кожнай замовы.

— Калі б тыя людзі, што замаўляюць на вынас праз сэрвісы, проста прыйшлі да нас самі, то мы б зараблялі болей, — гаворыць Таццяна.

Распавядаюць гаспадары кафэ і пра звычкі кліентаў, якія, хутчэй за ўсё, звязаныя з наступствамі кавіднай ізаляцыі:

— Бывае, чалавек жыве літаральна ў 100 ці 150 метрах ад нас, але ўсё роўна замаўляе кур’ера. Здаецца, многія пасля кавіду сталі сацыяфобамі: нават кур’еру пішуць, каб пакінуў ежу пад дзвярыма і сышоў, бо проста не любяць размаўляць, — гаворыць Алег. — Таксама здзіўляе, калі людзі карыстаюцца праграмамі накшталт Pyszne для самавывазу. Робяць заказ праз аплікацыю, а потым самі прыходзяць забіраць. Мы кажам, каб патэлефанавалі нам наўпрост, збяром тое самае, і не трэба будзе плаціць працэнт сэрвісу. Але не, людзям прасцей замовіць праз кнопачкі, а не размаўляць па тэлефоне.

Праверкі не выдумляюць праблемы з галавы

У цэлым весці бізнес у Польшчы, на думку гаспадароў кафэ, псіхалагічна прасцей, чым у Беларусі.

— Калі да цябе прыехала нейкая праверка ў Беларусі, то абавязкова нешта ды знойдуць — пытанне толькі ў памеры штрафу. А ў Польшчы, калі ты выконваеш базавыя патрабаванні, то ніхто цябе не чапае. Быў выпадак, калі нехта напісаў фальшывую скаргу. Маўляў, у нас тараканы. У Беларусі за такое б «адкусілі галаву» адразу. А тут прыйшлі, усё сумленна праверылі, убачылі, што нічога такога няма, і проста напісалі ў акце: «не выяўлена». Ніхто не спрабаваў прыдзірацца да дробязяў, каб толькі пакараць.

— Калі ў цябе чыста, прадукты свежыя і ты па-чалавечы ставішся да справы, то дзяржава табе не вораг. Гэта дазваляе больш думаць пра кухню і гасцей, а не пра тое, як адбівацца ад чарговага штрафу, — кажа Алег.

Дзяўчына плакала над баршчом

Беларусы цяпер вельмі раскіданы па свеце, і «Шэры Заяц» становіцца месцам, куды людзі прыходзяць за атмасферай дому.

— Ведаеце, часам становіцца крыху сумна ад таго, наколькі мала ў свеце — ды і нават нашыя блізкія суседзі — ведаюць пра нас, беларусаў. Мы тут, ва Уроцлаве, стараемся трымаць такую маленькую выспу беларускасці сярод велізарнага мора ўкраінскіх, грузінскіх ці польскіх устаноў. Нам важна, каб гэтае месца было на мапе, каб людзі бачылі: вось яно, беларускае.

Гаспадары кафэ і ўзгадваюць, што аднойчы госця з Украіны пачула, як яны паміж сабой размаўляюць па-беларуску, і здзівілася, што ў беларусаў ёсць свая мова.

— Гэта і ёсць наша мэта — паказваць, што мы існуем. Што мы не проста «нехта там з усходу», а нацыя са сваімі традыцыямі, сваёй смачнай кухняй і сваёй мовай, — дзеліцца Таццяна.

І дадае сентыментальную гісторыю: аднойчы дзяўчына сядзела і адкрыта плакала над баршчом. Сказала, што ён як у мамы, і яна як дома пабывала.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *