Яшчэ адзін беларускі след у ШІ: ChatOn увайшоў у ТОП-10 генератыўных ШІ-аплікацый

Калаж створаны з дапамогай ChatGPT Image

У шэраг найбольш вядомых у свеце ШІ-сэрвісаў, заснаваных беларусамі, цяпер уваходзіць не толькі Perplexity, дзе сузаснавальнікам і CTO з’яўляецца ўраджэнец Гомеля Дзяніс Ярац, але і чат-бот ChatOn AI, запушчаны ў пачатку 2023 года беларускім бізнесоўцам Сяргеем Алісеенкам.

Паводле даных аналітычнай платформы Sensor Tower, аплікацыя ChatOn AI увайшла ў дзесятку найбольш камерцыйна паспяховых ШІ-асістэнтаў у свеце: па аб’ёме пакупак унутры аплікацый (IAP Revenue) у глабальным рэйтынгу чат-бот замацаваўся на 8-м месцы пасля гігантаў індустрыі — ChatGPT, Grok, Claude, Suno, Google Gemini, Perplexity і Plaud, здолеўшы абысці такія вядомыя сэрвісы, як Kling AI і Manus.

Крыніца: sensortower.com

Аплікацыя ChatOn AI стала чацвёртай па выручцы ў Вялікабрытаніі і Аўстраліі, пятай — у Італіі і Аргенціне, шостай — у Канадзе і Саудаўскай Аравіі, сёмай — у Бразіліі і ААЭ. На рынках ШІ-паслуг у ЗША і Мексіцы ChatOn быў восьмым, у Іспаніі ўвайшоў у дзевятку, а ў Францыі замкнуў топ-10 найбольш паспяховых ШІ-чат-ботаў.

ChatOn AI — флагманскі прадукт амерыканскага холдынгу AIBY (аб’ядноўвае брэнды Aiby, BPMobile, FreePlay, EpicScale), заснаванага Сяргеем Алісеенкам — ураджэнцам Мінска і аднакурснікам вядомага ІТ-прадпрымальніка Віктара Пракапені, піша эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч у сваім Telegram-канале. Свой капітал і статус у ІТ-індустрыі Сяргей Алісеенка сфарміраваў у значнай ступені дзякуючы поспеху ўтыліты для сканавання дакументаў iScanner (125 млн спамповак).

У 2026 годзе сумарны аб’ём спамповак партфеля холдынгу Aiby Group, які налічвае каля 70 аплікацый, пераадолеў адзнаку ў 3 мільярды. І сярод прадуктаў групы ChatOn AI паказвае адзін з найбольш хуткіх тэмпаў росту — каля 100 млн усталёвак па ўсім свеце.

Выява: chaton.ai

ChatOn AI інтэгруе мадэлі ад вядомых ШІ-кампаній, падтрымлівае генерацыю тэксту, апрацоўку дакументаў, аналіз выяў і стварэнне медыякантэнту.

Выява: chaton.ai

Вясной 2026 года кампанія AIBY атрымала ад OpenAI прэстыжную адзнаку Token of Appreciation вышэйшага сіняга ўзроўню (Blue Tier), апрацаваўшы звыш 1 трыльёна токенаў праз API OpenAI — толькі невялікая колькасць кампаній у свеце дасягнула такога маштабу. Цэнтральную ролю ў гэтым адыграла аплікацыя ChatOn — дзякуючы штодзённаму выкарыстанню мільёнамі карыстальнікаў.

Выява: chaton.ai

Галаўны офіс холдынгу AIBY знаходзіцца ў Маямі (ЗША), у Еўропе ёсць юрыдычныя асобы ў Польшчы (Infotech і Epicscale), а таксама працягваюць існаваць кампаніі ў Беларусі — «АльпарыГруп», «Фрыплэй» і «Хайкор Геймз».

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *