«Мы з мамай — маньячкі пражы». Беларуска з’ехала з Мінска ў Краснасельскі і запусціла брэнд вязанага адзення і аксесуараў

Таццяна Рышкель з дыпломам таваразнаўцы два гады працавала ў мінскім ЦУМе ў аддзеле жаночага адзення, потым 10 гадоў прадавала парфумерыю. Вывучылася на франтэнд-распрацоўшчыка, але ІТ-спецыялістам не стала — вырашыла з’ехаць з Мінска ў Краснасельскі і заняцца вязаннем.
Разам з мамай яна запусціла сямейную лабараторыю прыгажосці і стылю Nechayka Fashion — бізнес па вырабе вязанага адзення і аксесуараў. Гісторыю Таццяны расказвае MYFIN.
Беларуска — рукадзельніца ў трэцім пакаленні. І спачатку вязаннем займалася як хобі, а свае работы прыгожа здымала для Інстаграма — так атрымалася сабраць тры тысячы падпісчыкаў:
— Цяга да вязання перадалася ў спадчыну ад бабулі па мамінай лініі. Бабуля Маруся вязала кручком і спіцамі, таксама гэта прафесійна робіць і мая мама. Мяне многія ведаюць як стваральніцу такса-шарфаў і барашка-шарфаў — дзякуючы такім рэчам брэнд паступова набывае папулярнасць.

Вязанне дапамагло Таццяне выйсці з дэпрэсіі, а пасля пераезду ў Краснасельскі яна разам з мамай вырашыла ствараць рэчы на продаж пад брэндам Nechayka Fashion. Назва пайшла ад дзявочага прозвішча маці, а таксама такое прозвішча насіў родны дзядзька Таццяны, які памёр ад раку.
Асноўныя выдаткі — на сыравіну і фурнітуру. Палічыць стартавыя ўкладанні складана: пражу майстрыхi заўсёды закупляюць імпульсіўна. Маток добрай пражы абыходзіцца да 20 рублёў: турэцкая бавоўна — 6–7 рублёў, скандынаўская — 15–18 рублёў. А вось натуральная рафія Ispie для пляжных сумак каштуе 60 рублёў за маток.

Трохі зэканоміць дапамагае лайфхак: закупка зімовай пражы летам зніжае цану на 3 рублі за маток, што дае эканомію каля 15 рублёў на гатовым вырабе.
— Мы з мамай — маньячкі пражы. Купляем усё, нават калі не ведаем, што будзем вязаць. Можа спадабацца склад пражы: ваўняная, баваўняная ці льняная. Кручкі для вязання ў мяне нямецкай маркі Knit Pro. Яны купляліся паступова, адзін такі каштуе да 30 рублёў. Набыла кручкі ўсіх магчымых памераў. Разавых закупак на вялікую суму мы не робім.

Таксама Таццяна імкнецца добра ўпакоўваць гатовыя вырабы: закупляе каробкі рознага памеру (3–7 рублёў), а таксама паветрана-пузыркавую плёнку для транспартыроўкі.
Вытворчасць вязаных рэчаў працаёмкая: напрыклад, на стварэнне аднаго жакета, калі ёсць правераныя схемы і набітая рука, сыходзіць да 4 дзён працы па 10 гадзін у суткі. Доўгі час рэчы прадаваліся фактычна па сабекошце — кліенты аплачвалі толькі матэрыялы і падатак на прафесійную дзейнасць. На паўнавартасны даход брэнд выходзіць толькі цяпер:
— У першы месяц лета ў спакойным тэмпе атрымалася зарабіць 2000 рублёў. А калі я буду вязаць і ўдзень, і ўначы, то можна выйсці на даход у 3000 рублёў. Вядома, хацелася б больш. У наш час рэчы ручной працы не бываюць таннымі. І пражу прадаюць не за капейкі. Шмат хто лічыць, што сабекошт вырабу — 50 рублёў, але гэта далёка не так.

Цяпер на Інстаграм Nechayka Fashion падпісана больш за 10 тысяч чалавек. Таццяна расказвае, што спрабавала таргетаваную рэкламу з бюджэтам $100 у месяц, але вынікаў не было. Таму цяпер яна адмовілася ад платнага прасоўвання і робіць стаўку на якасны візуальны кантэнт:
— Проста стала шмат вязаць для сябе і ў падарунак, намагаючыся здымаць прыгожы кантэнт. Падпісчыкі прыйшлі не дзякуючы рэкламе, а праз зацікаўленасць вырабамі.

На вязаныя рэчы заказы ў асноўным прыходзяць з Беларусі і Расіі, але ёсць кліенты і ў іншых краінах:
— Нашы вырабы носяць па ўсім свеце. Напрыклад, шарф паляцеў у Канаду, частку рэчаў адпраўляем у Еўропу. Каб пасылка не згубілася, заўсёды прашу заказчыка ўдакладніць, ці прымае краіна пасылкі з Беларусі.
Nechayka Fashion робіць акцэнт на вырабы з яскравымі колерамі і незвычайнымі рашэннямі, якія дазваляюць вылучыцца з натоўпу — менавіта такія рэчы любіць сама Таццяна. Майстрыхі намагаюцца не вырабляць больш за 10 аднолькавых асобнікаў, бо, напрыклад, вязаць адзін і той жа шарф шмат разоў нецікава.

Да восені ў Nechayka Fashion з’явіцца новая калекцыя шапак, а да наступнага лета — калекцыя баваўняных сукенак і блузак.
Таксама Таццяна плануе манетызаваць свае методыкі: запусціць майстар-класы па вязанні і прадаваць аўтарскія схемы:
— Мару, каб кліентаў станавілася больш. А яшчэ — каб іх не палохала цана вырабаў.
