«Я закахалася ў вобраз забытай каралевы і княжны Сафіі». Беларуска арганізавала пірацкі флот, каб здабыць крыж у Даніі

Фота: facebook.com/marigrits

Беларуска Марыя Грыц здолела ператварыць асабістую цікавасць да гістарычнага артэфакту ў грамадскую ініцыятыву: сабрала грошы на ювелірную рэпліку ўнікальнага старадаўняга крыжа і арганізавала «пірацкі дэсант» беларусаў у цэнтры Капенгагена.

«Справы» расказваюць, як за 1,5 года Марыя стала прадзюсарам уласнай мары, а яе ідэю падтрымалі каля 250 чалавек.

«Гэта было як падлеткавае каханне»

Усё пачалося выпадкова: у 2024 годзе Марыя ў Нацыянальным гістарычным музеі Даніі ўпершыню ўбачыла знакаміты «Крыж Дагмар» — візантыйскі залаты ювелірны выраб XI–XII стагоддзяў, выкананы ў складанай тэхніцы перагародкавай эмалі.

Фота: Таццяна Капітонава, MALDZIS

Тады сваім знешнім выглядам артэфакт яе не ўразіў, аднак пасля знаёмства з даследаваннямі доктаркі гістарычных навук Лізаветы Дубінка-Гушчы стаўленне кардынальна змянілася. Бо як выявілася, за дацкай рэліквіяй можа хавацца беларускі след: крыж знаходзіўся ў пахаванні касцёла ў Рынгстэдзе, дзе спачывае Сафія Менская — княжна полацкага роду, якая ў XII стагоддзі стала каралевай Даніі, а таксама яе дачка Рыхеза, каралева Швецыі.

Фота: facebook.com/marigrits

Даследчыца Дубінка-Гушча правяла паралелі паміж гэтым вырабам і знакамітым Крыжам Еўфрасінні Полацкай, выказаўшы гіпотэзу, што рэліквія магла быць часткай пасагу Сафіі і паходзіць з полацкіх майстэрняў.

Для Марыі гэтая тэорыя стала ідэяй-фікс:

— Гэта было як падлеткавае каханне, калі ты ані спаць, ані нешта ўцямна рабіць не можаш, бо думкамі далёка! Я закахалася ў гэты вобраз, у забытую каралеву і княжну Сафію, — успамінае Марыя.

І яна вырашыла дзейнічаць: стварыць дакладную рэпліку крыжа і запусціць вакол яго маштабную інфармацыйную кампанію.

Неўзабаве ў бары яна ўжо расказвала сябрам пра «цалкам шалёную ідэю» — арганізаваць пірацкую вылазку ў Капенгаген па крыж Сафіі. Здавалася б, на гэтым усё магло і скончыцца, але размовы з аднадумцамі ператварыліся ў план: знаёмы музыка паабяцаў зладзіць канцэрт, калі ідэя зрушыць з месца, а калега-журналіст прапанаваў напісаць праектную заяўку на грант.

Праз некалькі тыдняў заяўка была сапраўды напісаная, а зімой Марыя атрымала паведамленне, што праект падтрымалі.

Сафія Менская (каля 1141–1198) — княжна з полацкага роду (дачка менскага князя Валадара Глебавіча) і каралева Даніі, якая кіравала ў шлюбе з каралём Вальдэмарам I з 1157 па 1182 год. Правёўшы дзяцінства пры дварах у Менску, Польшчы і Швецыі, Сафія стала выключнай фігурай свайго часу: яе подпіс нароўні з манархам стаяў пад дзяржаўнымі актамі, яна дала адукацыю ўсім сваім дзецям, а яе нашчадкі занялі каралеўскія троны Даніі (Кнуд VI і Вальдэмар II), Францыі (Інгеборга) і Швецыі (Рыхеза). Рэшту жыцця яна правяла ў Даніі і была пахаваная ў каралеўскай пахавальні касцёла Святога Бендта ў Рынгстэдзе.

Крыж Сафіі (Дагмар) — залаты візантыйскі крыж-рэлікварый XI–XII стагоддзяў з перагародкавай эмаллю, знойдзены ў 1683 годзе падчас раскопак у тым жа храме ў Рынгстэдзе. Хоць у дацкай традыцыі за ім замацавалася імя каралевы Дагмар і статус нацыянальнай святыні, даследчыкі Нацыянальнага музея Даніі мяркуюць, што артэфакт належаў дачцэ Сафіі — шведскай каралеве Рыхезе, пахаванай у той жа магіле. Паводле гістарычнай гіпотэзы, крыж трапіў у Данію разам з самой Сафіяй Менскай як частка яе пасагу.
Параўнанне крыжоў Дагмар (Сафіі) і Еўфрасінні Полацкай. Выява: brill.com

«На сэрцы выбітыя ўсе імёны і нікі фундатарак і фундатараў»

Галоўнай справай на пачатку рэалізацыі ідэі было стварэнне рэплікі Крыжа Сафіі (Дагмар). Беларускі ювелір ацаніў сваю працу па аднаўленні аўтэнтычнай перагародкавай эмалі ў 12 тысяч еўра — такая сума здавалася непад’ёмнай.

Рашэнне знайшлося выпадкова: сяброўка Марыі, якая пераехала ў Грузію і цікавілася ювелірным майстэрствам, параіла свайго настаўніка — Ілію Чакветадзэ. У Грузіі традыцыя гарачай перагародкавай эмалі не перарывалася стагоддзямі, таму, убачыўшы фота, майстар пагадзіўся ўзяцца за працу. І назваў суму, утрая меншую за агучаную раней. Больш за тое, майстар пачаў працаваць без перадаплаты.

Фота: facebook.com/marigrits

Паралельна з тым, як у Грузіі ішла ювелірная праца, Марыя запусціла збор сродкаў на выраб крыжа. Усяго на ідэю адгукнуліся 66 фундатараў, а першы данат прыйшоў ужо праз паўгадзіны пасля публікацыі збору.

Марыя ўспамінае гэты этап як адзін з найбольш эмацыйных: яна пастаянна абнаўляла старонку збору і радавалася кожнаму новаму ўзносу.

— У мяне на сэрцы выбітыя ўсе імёны і нікі фундатарак і фундатараў. На жаль, 26 чалавек з 66 засталіся ананімнымі па зразумелых прычынах і беларускай традыцыі.

Канчаткова завершыць збор Марыі дапамагла ініцыятыва MALDZIS: заснавальнік IT-кампаніі і мецэнат Раман Андрыянаў пагадзіўся дафінансаваць рэшту сродкаў. Вось як патлумачыў сваё рашэнне прадпрымальнік:

— Для мяне гэта не вяртанне ў свядомасць, а менавіта пашырэнне свядомасці, падняцце беларускай самаацэнкі. Бо я не думаю, што крыж Сафіі Менскай калісьці быў у свядомасці беларусаў наогул. Мне падабаецца ідэя, што ёсць нешта пра вечнасць — і можна сваё імя трошкі дзесьці ўпісаць.

Фота: facebook.com/marigrits

Калі рэпліка крыжа была зроблена, то з Грузіі ў Данію яе дапамаглі даставіць знаёмыя сяброў Марыі — так новы крыж трапіў да Лізаветы Дубінка-Гушчы.

«Самае важнае — працягваць задаваць пытанні»

Фінальнай часткай праекту стала высадка «першага беларускага пірацкага флоту» ў Капенгагене 21-22 жніўня. Спачатку ўдзельнікі экспедыцыі наведалі музей, дзе захоўваецца арыгінал крыжа, а потым паплылі па каналах Капенгагена на чоўнах са сцягам пірацкай каманды каралевы Сафіі.

Фота: facebook.com/marigrits
Фота: facebook.com/marigrits

Далей «піраты» прайшлі па цэнтры дацкай сталіцы да Каралеўскай плошчы — там Лізавета Дубінка-Гушча афіцыйна перадала рэпліку супольнасці:

— Гэта яшчэ не дае нам права сцвярджаць, што Дагмарын крыж быў зроблены ў Полацку. Але гэта вельмі цікавы гістарычны след. І, магчыма, самае важнае тут не тое, што мы ўжо ведаем усе адказы. Самае важнае — працягваць задаваць пытанні.

Фота: facebook.com/marigrits

Таксама на плошчы ў цэнтры дацкай сталіцы выступілі беларускія музыкі — Kurwadziki і Homan.

— Канцэрт зацікавіў мінакоў: людзі падыходзілі, пыталі, што за гурты, як на іх падпісацца, што за беларусы, чаму тут і яшчэ сто пытанняў, — узгадвае падзеі Марыя.

Аўтарка праекту прыгадвае, што ў нейкі момант на плошчу выбег мужчына — пачаў абдымацца і дзякаваць. Аказалася, што гэта беларус, які цяпер жыве ў Літве і працуе кіроўцам. Ён кінуў аўтобус з пасажырамі і пабег на плошчу, бо не мог стрымаць эмоцый.

Фота: facebook.com/marigrits

Пасля канцэрта ўдзельнікі паехалі ў Рынгстэд — у касцёл Святога Бендта, да месца пахавання Сафіі.

«Крыж — гэта нагода пагаварыць»

«Пірацкую» ініцыятыву частка гістарычнай акадэмічнай супольнасці сустрэла ў штыкі: Марыя атрымала хвалю публічнай крытыкі ў сацсетках. Аўтарку ідэі вінавацілі ў гістарычным дылетантызме і спробах «прыўласніць» дацкую нацыянальную святыню.

Фота: facebook.com/marigrits

Марыя ў адказ тлумачыць, што сваёй ініцыятывай хацела прыцягнуць увагу беларусаў да ўласнай гісторыі:

— У мяне няма аніякай фантазіі забіраць чужое! І тым больш пераімяноўваць Крыж Дагмар на што заўгодна. Уся мая задума — папулярызатарская. І мэта — каб пра Сафію ведалі больш, а крыж — нагода пра яе пагаварыць. Я называю яго Крыж Сафіі (Дагмар), а вы можаце як заўгодна.

Усяго ў рэалізацыі праекта, паводле Марыі, паўдзельнічалі больш за 250 чалавек: фундатары, музыкі, ювеліры, журналісты, акторы і акторкі ды людзі, якія проста дапамагалі.

Лізавета Дубінка-Гушча, Марыя Грыц, Біргітэ Хамэр, Пол Грындэр-Хансэн. Фота: Таццяна Капітонава, MALDZIS

Але на гэтым ініцыятыва з крыжом не завершаная: рэпліка крыжа цяпер знаходзіцца ў Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі. Там жа 24 кастрычніка адбудзецца справаздачная імпрэза праекта.

Марыя плануе працягваць праект: ладзіць сустрэчы і вазіць крыж па розных гарадах:

— Пірацкая экспедыцыя пачынаецца ў Капенгагене, але яна дакладна тут не скончыцца. Мы будзем кругасветна падарожнічаць. Бо мы хочам, каб Беларусь была паўсюль. Гэты крыжык — нагода гаварыць пра вельмі розныя рэчы: пра Сярэднявечча, пра княжацкія сем’і, пра майстроў, пра ролю жанчын. Таму калі хто хоча запрасіць мяне ў госці, то пішыце!

Фота: facebook.com/marigrits

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу або ініцыятывы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *