10 беларусак выступяць на TEDxUlicaMińskaWomen 7 лістапада ў Варшаве

Скрыншот: tedxulicaminska.com

Другая канферэнцыя праекта TEDxUlicaMińska адбудзецца 7 лістапада ў Варшаве на пляцоўцы Teatr WAM. Мерапрыемства пройдзе ў фармаце TEDxWomen, а заяўленую тэму «Anything You Can Do» («Усё, што ты можаш зрабіць») раскрыюць 10 спікерак-беларусак.

Вось як тлумачаць арганізатары выбраны фармат:

«Women — гэта фармат TEDx, які ставіць у цэнтр чырвонага кола ідэі жанчын і тэмы, звязаныя з жаночым досведам. Гэта не азначае, што падзея „толькі для жанчын”. TED наўпрост вызначае TEDxWomen як адкрыты фармат: прыйсці могуць людзі любога гендэра. Women падкрэслівае толькі фокус размовы, а не тое, хто запрошаны ў залу».

Канферэнцыя разлічана на прадпрымальнікаў, кіраўнікоў, спецыялістаў тэхналагічных кампаній, выкладчыкаў, дзеячаў мастацтва і ўсіх, каму цікавы інтэлектуальны дыялог.

7 лістапада на сцэну TEDxUlicaMińskaWomen выйдуць 10 прадстаўніц бізнесу, тэхналогій, навукі і культуры.

Аляксандра Сцельмашонак

Мастачка, дызайнерка, выкладчыца і чалавек, які ўжо больш за 15 гадоў прымушае рукапісныя сімвалы гаварыць.

Яна выстаўляе свае працы ад Варшавы да Уругвая, напісала тры падручнікі па каліграфіі, стварыла чатыры паўгадовыя ментарскія праграмы і ўжо выходзіла на сцэну TEDx у 2019 годзе.

«Для Аляксандры каліграфія — гэта спосаб знайсці ўласны голас. Літары ў яе руках становяцца не атрамантам на паперы, а жывой мовай любові. А яе творчы шлях выглядае як сапраўдная мультыдысцыплінарная прыгода: ад графічнага і кніжнага дызайну да летэрынгу, каліграфіі і кніг мастака. І яшчэ адзін факт, які шмат што тлумачыць: Аляксандра называе сваёй галоўнай суперсілай не прафесійныя навыкі, а любоў, якую ўкладвае ў свае працы і вучняў».

Тры словы пра Аляксандру: Sweet. Loving. Rebel.

Тры тэмы, на якія з ёй можна пагаварыць: графічны дызайн і ілюстрацыя, дзе вы слухаеце цішыню, каліграфія як здабыццё голасу.

Марыя Лойка

Чалавек, для якога «занадта шмат» — гэта не праблема, а стыль жыцця.

Магістр хіміі, былая кіраўніца R&D-лабараторыі лакафарбавых матэрыялаў, а цяпер даследчыца Польскай акадэміі навук. Працавала і ў беларускай навуцы, і ў хімічнай прамысловасці, займалася ўсім — ад сінтэзу вадкіх крышталяў і фармацэўтычных субстанцый да ферментных прэпаратаў і будаўнічых матэрыялаў. Цяпер даследуе цэменты, бетон і тое, як яны паводзяць сябе пад уздзеяннем напружання і разбурэння.

Марыя яшчэ і папулярызатарка навукі, стварае праект «Біямалекула», піша артыкулы і рэцэнзіі на кнігі і адкрыта змагаецца з думкай, што навука — гэта сумна.

Тры словы пра Марыю: бывае занадта шмат.

Тры тэмы для размовы: прыродазнаўчыя навукі, інжынерыя, гісторыя.

Вераніка Здановіч

C-level менеджарка ў health-tech, працуе на стыку тэхналогій, здароўя і эмпатыі.

«Развівае прадукт, які дапамагае зніжаць стрэс, прадухіляць выгаранне і мець больш добрых дзён. А дома ў яе — яшчэ адзін праект са штодзённымі дзедлайнамі: дзве дачкі. Таму баланс для Веранікі — не прыгожае слова з прэзентацыі, а нешта, што даводзіцца правяраць на практыцы кожны дзень.

Яна працуе там, дзе тэхналогіі сустракаюцца з чалавечнасцю. І гэтае спалучэнне ўжо само па сабе цікавае».

Тры словы пра Вераніку: Энергія. Візіянерства. Эмпатыя.

Тры тэмы, на якія з ёй можна пагаварыць: рост бізнесу, Health Tech, эмпатычнае лідарства

Марыя Лемяза

Дапамагае бізнесам расці, выходзіць на міжнародныя рынкі і прымаць стратэгічныя рашэнні.

Прадпрымальніца, міжнародная фінансавая кансультантка, CEO і заснавальніца міжнароднай групы кампаній SMAR GLOBAL, сяброўка ACCA (Association of Chartered Certified Accountants), спікерка міжнародных канферэнцый і аўтарка адукацыйнага праекта MayTry, які атрымаў узнагароду Forbes.

«А цяпер дадайце сюды яшчэ адну пасаду, якую немагчыма вынесці ў подпіс пад email: мама дзвюх дачок. Для Марыі лідарства — гэта не толькі пра амбіцыі і вынікі. Яна разважае пра тое, як адначасова захоўваць баланс паміж адказнасцю, мэтамі і самім жыццём».

Тры словы пра Марыю: Сістэмнасць. Смеласць. Упартасць.

Тры тэмы, на якія з ёй можна пагаварыць: бізнес, мацярынства, інвестыцыі

Мая Церакулава

Лекарка, магістр грамадскага здароўя і медыцынская блогерка з 12-гадовым клінічным досведам.

«Працавала ў педыятрыі і добра ведае, як выглядае сустрэча чалавека з медыцынай па-за падручнікам: трывога, пытанні, міфы і вялікае жаданне нарэшце зразумець, што з табой адбываецца. Менавіта таму Мая зрабіла веды сваім інструментам барацьбы з медыцынскай дэзінфармацыяй. Яна тлумачыць, як працуе цела і што стаіць за ЗОЖ — без магіі, без страшылак і без «мне бабуля казала». А яшчэ ў яе ёсць хобі, якое гучыць як назва выдатнага серыяла: «даведнік лекара ў постапакаліпсісе». Запісы пра тое, што рабіць з сучаснымі медыцынскімі ведамі ў свеце без сучаснай тэхнікі і фармакалогіі».

Тры словы пра Маю: Энергічная. Свабодная. Скептычная.

Тры тэмы для размовы: музыка — пра тое, як адхіленне ад нормы становіцца часткай твора; літаратура — пра кагнітыўную эмпатыю і іншыя спосабы думаць і жыць; медыцына — пра клінічныя выпадкі, парадоксы і нечаканыя эфекты.

Алёна Смаляк

Заснавальніца і CEO моўнай школы Polish for Belarus, якую стварыла з нуля, без інвестыцый і партнёраў.

«За дзесяць гадоў школа вырасла ў адзін з найбуйнейшых адукацыйных праектаў для рускамоўных імігрантаў у Польшчы і дапамагла тысячам людзей вывучыць польскую і пачаць новае жыццё. Але цікавы не толькі вынік. Алёна адначасова прадпрымальніца, кіраўніца і выкладчыца — чалавек, які сам будаваў каманды, прадукты і сістэму, а цяпер праз гэты досвед разважае пра развіццё, лідарства і чалавечыя змены. А яшчэ яна піша музыку, дыджэіць, займаецца спортам і любіць сучаснае мастацтва».

Тры словы пра Алёну: Дысцыпліна. Адказнасць. Рэфлексія.

Тры тэмы, на якія з ёй можна паразмаўляць: бізнес і кіраванне, падарожжы, электронная музыка.

Святлана Талатай

Піяністка, музычная асветніца і даследчыца гуку, развівае сваю фартэпіянную студыю

Стварыла праект «Нясумныя лекцыі» і аўтарскі падкаст Parasons, мае акадэмічную музычную адукацыю, вучылася культурнаму менеджменту, а яшчэ атрымала адукацыю ў кіна- і тэлевытворчасці ў Варшаве.

«Святлана даследуе гук, ідэнтычнасць і эміграцыю, выступала на міжнароднай канферэнцыі па гукавым мастацтве ў Партугаліі і супрацоўнічала з фондам Элтана Джона. Вельмі цікавы набор жыццёвых сюжэтаў».

Тры словы пра Святлану: Музыка. Эміграцыя. Голас.

Тры тэмы, на якія з ёй можна пагаварыць: эміграцыя і інтэграцыя без страты сябе, замежныя мовы і іх уплыў на наша мысленне, культурныя і даследчыя праекты.

Наталля Зубрыцкая

Жыве ў Іспаніі і працуе з партнёрамі з больш чым 30 краін свету.

«Наталля сябруе і працуе з людзьмі розных культур, а дзякуючы жыццю за мяжой і працоўным паездкам з гонарам нясе сцяг неафіцыйнай амбасадаркі Беларусі і Гішпаніі. Асабліва яе цікавіць, як эміграцыя змяняе жанчын і іх жыццё. Наталля пастаянна сустракае жанчын, чые гісторыі натхняюць развівацца, адкрываць новае і быць карыснай для іншых».

Тры словы пра Наталлю: Актыўная. Смелая. Міралюбівая.

Тры тэмы, на якія з ёй можна пагаварыць: дызайн працоўных прастор, усё пра Гішпанію, лінгвістыка.

Анна Ляўковіч

Доктарка па адукацыі. Прадпрымальніца па жыцці. Экспертка па віне — з дыпломам WSET і тытулом Champagne Master.

Больш за дзесяць гадоў займаецца прадпрымальніцтвам, стратэгіяй брэндаў і адукацыяй. Яна заснавальніца і CEO Oecumene Champagne & Wine Bar у Вільні, а яшчэ чалавек, які ўмее злучаць навуковае мысленне, бізнес і культуру ў адзін захапляльны погляд на свет.

«Анну цікавіць, як наш досвед, культура і ўласныя ўяўленні ўплываюць на тое, як мы ўспрымаем звыклыя рэчы. Часам дастаткова паглядзець на нешта пад іншым вуглом — і звыклае раптам адкрываецца зусім па-новаму. Яна натхняецца падарожжамі, кнігамі, мастацтвам, гастраноміяй, гісторыяй і людзьмі, якія не баяцца задаваць пытанні і пераасэнсоўваць звыклыя ўяўленні».

Тры словы пра Анну: Цікаўная. Сістэмная. Смелая.

Тры тэмы, на якія з ёй можна пагаварыць: культура віна, прадпрымальніцтва, як выжываць сярод ідыётаў.

Дар’я Данілава

Серыйная стартаперка і заснавальніца некалькіх кампаній.

Ведае, што такое будаваць B2B SaaS-бізнес, прыцягваць інвестыцыі, праходзіць праз крызісы і прымаць складаныя стратэгічныя рашэнні.

«Але за задачамі бізнесу ў яе гісторыі ёсць яшчэ адна важная тэма — каштоўнасці. Дар’я гаворыць пра тое, як выбудоўваць жыццё і бізнес вакол таго, што для цябе сапраўды важна, як захоўваць чалавечнасць у вялікіх амбіцыях і як спалучаць прадпрымальніцтва з усвядомленым мацярынствам.
Яе асабістая тройка — свабода выбару, адказнасць і чалавечнасць. І, здаецца, гэта добра тлумачыць, чаму ў яе гісторыі бізнес ніколі не існуе сам па сабе».

Тры словы пра Дар’ю: Смеласць. Сумленнасць. Любоў.

Тры тэмы для размовы: стартапы, рост у крызісных сітуацыях і M&A; жыццё і бізнес, арыентаваныя на каштоўнасці; усвядомленае мацярынства.

Арганізатары раяць не ісці на падзею «дзеля адной спікеркі»: на TEDx побач аказваюцца розныя сферы, і галоўны інсайт вечара часта прыходзіць з самай нечаканай тэмы.

«На добрай прафесійнай канферэнцыі вы прыкладна ведаеце, па што ідзяце ці дзеля каго. На TEDx усё наадварот: побач апынаюцца медыцына, бізнес, мастацтва, навука, гісторыя, асабісты досвед — рэчы, якія вы самі ніколі не сталі б шукаць у адным месцы.

І практыка паказвае, што галоўны інсайт вечара вельмі часта прыходзіць не з таго выступлення, дзеля якога вы прыйшлі. У гэтым і ёсць задавальненне ад TEDx: на некалькі гадзін дазволіць сабе быць чалавекам, якому цікава значна больш, чым яго прафесія, звыклае кола і стужка сацсетак».

Таксама каманда TEDxUlicaMińska звяртае ўвагу, што ёсць яшчэ адзін важны пласт — гэта глабальны фармат, які робяць беларусы ў эміграцыі:

«Такая цалкам сапраўдная беларуская soft power — ідэі, важныя нам і зразумелыя свету».

Канферэнцыя адбудзецца ў суботу, 7 лістапада 2026 года, у варшаўскім Teatr WAM. Пляцоўка адчыніць дзверы для гасцей а 12:00, а самі выступы распачнуцца а 13:00.

Праграма складаецца з серыі прамоў працягласцю да 10 хвілін, якія могуць гучаць на беларускай, рускай, польскай або англійскай мовах. Акрамя дакладаў, у раскладзе запланаваны абедзенны перапынак, разлічаны на нетворкінг, дыскусіі і асабістыя знаёмствы са спікеркамі і іншымі гасцямі.

Асобны акцэнт арганізатары робяць на атмасферы і вызначылі дрэс-код мерапрыемства як «Усё найлепшае адразу». Гэта не патрабуе абавязковых строгіх смокінгаў ці класічных вечаровых сукенак: каманда, наадварот, заклікае надзець любімыя, смелыя ці нават эксцэнтрычныя рэчы, для якіх звычайна бракуе нагоды — пінжак з паеткамі, чырвоныя туфлі ці незвычайныя ўпрыгажэнні. Каманда і валанцёры канферэнцыі плануюць падтрымаць гасцей у іх выбары, а галоўнае правіла падзеі гучыць проста: «каб вам было добра».

Квіткі на TEDxUlicaMińskaWomen даступныя на сэрвісе Fienta: стандартны ўваходны квіток каштуе 250 злотых, а падтрымаць далейшае развіццё праекта і падрыхтоўку кантэнту можна праз набыццё квітка TEDx Friend за 500 злотых.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *