«Прэзідэнт Караль Наўроцкі здзівіўся, што нейкія беларускія хлопцы вядуць па-беларуску падкаст пра польскую палітыку»

Беларусы Максім і Кірыл ужо больш за два гады запісваюць відэападкаст пра польскую палітыку «Зроблена ў Польшчы». У выпусках яны расказваюць пра механізмы і цікавосткі палітычнай сістэмы Польшчы, каб беларусы-эмігранты маглі лепш зразумець краіну, у якую пераехалі.
«Справы» пагутарылі з Максімам Паршутам пра тое, як з падкаста зрабіць хобі, якое само сябе акупае і дапамагае інтэгравацца ў польскае грамадства.

«За тры гады ў Варшаве заўважыў, што польская палітыка вельмі цікавая і яркая»
— Як узнікла ідэя стварыць відэападкаст пра Польшчу?
— Гэта быў пачатак 2023 года. У Польшчы праходзілі гучныя парламенцкія выбары, пра якія гаварылі паўсюль у TikTok. Потым высветлілася, што гэта не навіна: выбары ў Польшчы часта праходзяць менавіта так. Тады я ўжо тры гады жыў у Варшаве і заўважыў, што польская палітыка вельмі цікавая і яркая. У яе ўцягнута шмат людзей, у тым ліку моладзі. Мне падабалася, як праходзілі перадвыбарчыя кампаніі. Шмат людзей выходзілі на вуліцы. Усё гэта здавалася прыгожым. Палітычная барацьба, шмат спрэчак і гэтак далей.
Я сачыў за гэтымі выбарамі, і мне падабалася, што ўлада можа змяняцца. Праз год зразумеў, што сам шукаю польскія крыніцы інфармацыі. А калі іншы мігрант захоча даведацца, што адбываецца ў краіне, яму будзе не так проста знайсці, дзе пра гэта пачытаць. Тады і ўзнікла думка — зрабіць інфармацыю пра польскую палітыку больш даступнай.

Знайшоў у X акаўнт Кірыла (блогера, эксперта па польскай палітыцы і сузаснавальніка падкаста — заўв. рэд.). Ён ужо шмат гадоў жыў у Польшчы і пісаў вельмі падрабязныя і зразумелыя твіты пра польскую палітыку. Рызыкнуў і напісаў яму. Прапанаваў здымаць падкасты: мне здавалася, што яны могуць стаць значна папулярнейшымі за тэкставыя допісы. Ён адразу адказаў прыкладна так: «Слухай, якраз шмат падпісчыкаў казалі, што, можа, варта зрабіць падкаст. Давай сустрэнемся».
Сустрэліся ў кавярні, пагутарылі, знайшлі мэтч і паступова пачалі рыхтаваць падкаст. Гэта было напрыканцы вясны, а канал на YouTube запусцілі бліжэй да канца лета.
— Ці патрэбныя былі грошы на запуск?
— Безумоўна, патрэбныя. Але мы адразу дамовіліся, што гэта будзе хобі, у якое гатовыя ўкладваць свой час, экспертызу, веды і пэўныя грошы.

У кожнага з нас было шмат знаёмых, з якімі на першым этапе дамовіліся пра дапамогу на валанцёрскіх умовах. Напрыклад, нам дапамагала цудоўная рэжысёрка Аліна Мазавец. Былі і хлопцы са сваёй студыяй ды тэхнікай, якія таксама падтрымалі нас. Таму першыя выпускі амаль не патрабавалі грошай: знаёмыя пагадзіліся дапамагчы з мантажом. У мяне была мантажорка, з якой я працаваў яшчэ ў Мінску. Карацей, сабралася супольнасць людзей, гатовых паспрабаваць і дапамагчы на старце бясплатна.
«Нашае хобі можа само сябе фінансаваць»
— Колькі ўжо існуе падкаст?
— Напрыканцы жніўня адсвяткавалі два гады — зрабілі жывы запіс у Варшаве з гледачамі і глядачкамі.

— Як цяпер развіваецца гэтае хобі?
— Хобі патрабуе рэгулярнай уключанасці: мы адразу пачалі выпускаць матэрыялы сістэматычна, раз на тыдзень. У нас ёсць штотыднёвыя выпускі і адмысловыя рубрыкі, напрыклад, падкасцерка і тэрапеўтка Таня Дзямчук праводзіць размовы з беларускамі і беларусамі пра іх жыццёвы досвед у Польшчы.
У нас з’явіўся ўкраінскі эксперт у польскай палітыцы Яўген Прыходзька. Магчыма, пакуль рана называць яго пастаянным: запісалі з ім толькі два выпускі. Але мне здаецца, што мы супалі паводле настрою і падыходу.
А яшчэ ў нас ёсць таленавіты Дзяніс, які праводзіць вулічныя апытанні. Гэта таксама асобнае ўменне.
У стваральнікаў і вядоўцаў падкаста няма штомесячных заробкаў. Але нашае хобі можа само сябе фінансаваць: за кошт данатаў, рэкламы і ахвяраванняў з падаткаў PIT. Гэта нельга назваць прафесійнай дзейнасцю, якая забяспечвае хоць нейкі заробак. У мяне ёсць асноўная праца, а ў Кірыла — свой бізнес.
Займаемся падкастам у вольны час. Нашае супольнае хобі не выцягвае з нас грошы — атрымліваецца прыцягваць сродкі звонку. Людзям падабаецца тое, што мы робім. Бізнесы, якія размяшчаюць у нас рэкламу, таксама задаволеныя: яна дапамагае ім знаходзіць кліентаў.
— А як наконт манетызацыі на YouTube?
— YouTube дазваляе манетызаваць канал пасля таго, як ён набярэ тысячу падпісчыкаў і неабходную колькасць гадзін прагляду. У нас манетызацыя ўключылася даволі хутка — тысячу падпісчыкаў сабралі за першыя пару месяцаў. Гледачы добра глядзяць выпускі, сфармавалася лаяльная аўдыторыя.

Манетызацыя канала не прыносіць вялікіх грошай. Гэта ўбудаваная рэклама, якая можа даваць, напрыклад, 300–400 злотых. У нас нішавы праект, таму разлічваць на мільённыя прагляды не выпадае. Больш-менш адчувальныя грошы пачынаюцца, калі выпуск набірае хаця б 100 тысяч праглядаў.
Наш падкаст перадусім разлічаны на людзей, якія эмігравалі ў Польшчу і цікавяцца польскай палітыкай. Палітыка застаецца галоўнай тэмай, але мы імкнёмся пашыраць тэматыку. Гаворым пра жыццё ў Польшчы, робім дадатковыя выпускі пра розныя мясцовыя з’явы або агульную беларуска-польскую гісторыю.
Заўсёды вывучаем інтарэсы гледачоў. Спадабалася, што запрасілі мясцовых экспертаў? Добра, будзем улічваць гэта надалей.
— Атрымліваецца, цяпер дадатковыя ўкладанні не патрэбныя, бо канал сам сябе акупляе? Усё, што вы збіраеце праз краўдфандынг, ідзе на яго развіццё?
— Так, у нас ёсць і краўдфандынг, і рэклама. Мы вельмі ўдзячныя гледачам за данаты.

Адна з асноўных крыніц фінансавання — рэгулярныя данаты-падпіскі. Людзі падпісваюцца і штомесяц пералічваюць нам пэўную суму. Гэта стварае стабільную аснову бюджэту, на якую мы можам разлічваць. Ёсць некалькі дзясяткаў чалавек, якія падтрымліваюць нас доўгі час: хтосьці ўжо два гады, хтосьці год або некалькі месяцаў. Рэгулярныя данаты складаюць 35,9% ад грашовых паступленняў праекта, а аднаразовыя данаты — 9,8%.
Другая важная крыніца — рэклама, якая прыносіць нам 41,6% ад грашовых прыходаў праекта. Мы размяшчаем яе ў выпусках і ў сацыяльных сетках. Пры гэтым не бярэмся за абы-якую рэкламу.
На другім ці трэцім месяцы існавання праекта сярод нашых рэкламадаўцаў з’явілася школа польскай мовы. У выніку я сам пайшоў у яе вучыцца, каб спраўдзіць якасць і дакладна ведаць, што рэкламуем якасную паслугу. Ёсць і іншыя рэкламадаўцы: кагосьці мы знаходзілі самі, а хтосьці прыходзіў да нас.

За гэтыя два гады ў нас было, здаецца, больш за дзесяць розных рэкламадаўцаў. Гэта можна ацэньваць па-рознаму, але для нас важна будаваць з імі працяглыя адносіны. Ганарымся тым, што маем трох-чатырох сталых партнёраў, з якімі працуем больш за год. Нам важна, каб гэта былі надзейныя бізнесы, якім давяраюць нашы гледачы: не хочам страціць іх давер і да сябе.
Трэцюю крыніцу фінансавання пачалі выкарыстоўваць зусім нядаўна. Гэта так званы падатковы механізм. Падаткаплацельшчык у Польшчы можа пералічыць частку свайго падатку медыярэсурсу падчас падачы падатковай дэкларацыі. Усё больш праектаў і арганізацый карыстаюцца гэтай магчымасцю.
Мы ўжо двойчы ўдзельнічалі ў такой праграме. Першы раз атрымалі 26 тысяч злотых ад 39 чалавек. Хутка будуць вынікі другой кампаніі за 2025 год.
— Колькі трэба ўкласці грошай, каб запусціць відэападкаст?
— Скажу банальную рэч, але ўсё залежыць ад амбіцый, магчымасцяў і фармату. З Кірылам перыядычна абмяркоўваем, ці задавальняюць нас частата выпускаў, іх аб’ём і тое, як мы працуем, ці хапае ў нас сіл і магчымасцяў працягваць.
У медыяпраектаў і падкастаў амаль бязмежныя магчымасці для творчага росту. Пры разліку бюджэту трэба ўлічваць шмат фактараў: ці цікавая гэтая тэма аўдыторыі, якія рэсурсы патрэбныя для запуску праекта.
Калі ёсць добрая ідэя для медыяпраекта, найлепш пачынаць з таго, што маеш. Падкаст можна пачаць рабіць амаль з нуля, калі ў цябе ёсць мікрафон. Але ўсё роўна спатрэбіцца час.
Калі працуеш адзін, будзе, вядома, цяжка. Важна не разлічваць адразу на мільённыя прагляды, бо можна хутка расчаравацца.
Але важна заўсёды памятаць, навошта гэта робіш. Напэўна, любая матывацыя добрая, акрамя жадання зарабіць грошы. Калі ствараеш медыяпраект толькі дзеля заробку, гэта, мякка кажучы, не самая добрая матывацыя.
«Больш за 100 чалавек захацелі паразмаўляць пра сэкс і адносіны па-беларуску»
— Якая ў вас цяпер каманда? Колькі чалавек?
— Пастаяннае ядро каманды — мы з Кірылам і Таняй. Прычым мы самі не атрымліваем за гэта грошай. А вось за працу аператараў, рэжысёра і мантажораў трэба плаціць. Таксама аплочваем арэнду студыі. Часам выязджаем на жывыя сустрэчы ў іншыя гарады Польшчы. Тады выдаткі можа ўзяць на сябе арганізацыя, якая нас запрашае.

Пачалі ладзіць афлайн-сустрэчы ў Варшаве. Нам гэта вельмі падабаецца, бо з’яўляецца магчымасць кантактаваць з жывой аўдыторыяй. І вельмі прыемна, што людзі прыходзяць.
— Як узнікла ідэя «Паўгадзіны кардыё»?
— Насамрэч усё пачалося менавіта з «Паўгадзіны кардыё». Напэўна, гэта быў мой першы асабісты праект, калі не лічыць асобных спробаў ва ўніверсітэце. Гэта быў мой першы аўдыявізуальны праект, які мы стварылі разам з журналісткай Аняй Пяровай яшчэ ў Мінску.

Першы выпуск мы запісвалі на два iPhone SE ў мяне на кухні ў Вяснянцы. Здаецца, ён нават дагэтуль недзе ёсць на SoundCloud — з жахлівым гукам. На шчасце, нас хутка падтрымала наша легендарная мантажорка Наста. Яна падказала, што і як рабіць, а потым мантавала ўсе нашы аўдыё і відэа.
Падкасту «Паўгадзіны кардыё» ўжо амаль сем гадоў: першыя спробы пачаліся яшчэ ў 2019-м. За гэты час кухонны падкаст перарос у жывыя канцэрты ў Варшаве. Аня па-ранейшаму застаецца адной з заснавальніц, хоць цяпер ужо не вядзе выпускі.
Цяпер мы робім гэты праект разам з фатографкай Лінай Цапавай і блогеркай Лізай Ветравай. На наш апошні канцэрт у Варшаве прыйшло больш за 100 чалавек — столькі людзей захацелі паразмаўляць пра сэкс і адносіны па-беларуску.

Гэта доўгі праект, які трансфармаваўся з аўдыяпадкаста ў афлайн-канцэрты. На YouTube у нас было амаль дзесяць тысяч падпісчыкаў. Канал застаўся архівам — своеасаблівай вітрынай, якая паказвае, чым мы займаліся. Цяпер асноўны фармат — афлайн-сустрэчы. Тут у нас таксама ёсць рэкламадаўцы.
Мы супрацоўнічалі з польскай фундацыяй Sexed.pl, заснаванай польскай топ-мадэллю Аняй Рубік. Напісалі прадстаўнікам арганізацыі і прапанавалі супрацу. Яны даслалі нам выдатны набор матэрыялаў — не проста нудныя інфармацыйныя ўлёткі, а сапраўды карысныя рэчы. Напрыклад, карткавыя гульні, з дапамогай якіх бацькі могуць далікатна і экалагічна размаўляць з дзецьмі пра сэкс. Там былі кнігі пра сэксуальную адукацыю, кантрацэпцыю і іншыя тэмы. У арганізацыі таксама ёсць лінія дапамогі людзям, якія пацярпелі ад гвалту.
Гэта вялікая і важная арганізацыя, і мы радыя супрацоўнічаць з ёй. Да таго ж матэрыялы па-польску, што таксама важна для нашай аўдыторыі: гэта яшчэ і магчымасць інтэгравацца.
«Падкаст для мяне — гэта як калекцыянаваць маркі ці падарожнічаць»
— Кім ты працуеш на асноўнай працы? Як удаецца сумяшчаць з падкастамі?
— Працую кантэнт-прадзюсарам у IT. Сумяшчаю так, як людзі звычайна сумяшчаюць працу і хобі: займаюся ім у вольны час. Гэта як калекцыянаваць маркі ці падарожнічаць. Адно аднаму не перашкаджае. Хтосьці ў вольны час едзе паглядзець іншую краіну, а я запісваю падкасты.
— Калі параўнаць з тым, што было два гады таму, наколькі вы сталі лепшымі?
— Цікавае пытанне. Сталі больш упэўненымі і вопытнымі. Так, два гады таму ў нас ужо быў пэўны досвед, але на старце магло здарыцца што заўгодна: гледачам маглі не спадабацца мы як вядоўцы, магла не знайсціся мэтавая аўдыторыя — ды што заўгодна.
Але ў нас атрымалася. За гэты час набылі пэўную вагу і ўжо можам сказаць: робім падкаст два гады, у нас ёсць каментары польскіх палітыкаў. Напрыклад, мы бралі каментар у дэпутаткі польскага Сейма Ганны-Марыі Жукоўскай. У нас таксама быў каментар былога маршалка Сейма і кандыдата ў прэзідэнты Польшчы Шымона Галоўні.
Нас запрасілі на святочны прыём у прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага. За дзесяць секунд мы паспелі расказаць яму пра наш падкаст, у якім тлумачым беларусам усё пра польскую палітыку. Ён здзівіўся — і я яго разумею: уявіце, даведацца, што нейкія беларускія хлопцы вядуць па-беларуску падкаст пра польскую палітыку!
Таму лічу, што ў нас ужо ёсць пэўная рэпутацыя і нашы веды маюць вагу. За два гады сфармаваўся пул пастаянных рэкламадаўцаў. Часам нас нават пазнаюць на вуліцы, і гэта таксама прыемна. Асабліва радуе адчуванне, што па той бок экрана нас глядзяць жывыя людзі.

За два гады мы набраліся досведу, пераспрабавалі шмат розных фарматаў і шмат чаго даведаліся пра сябе. Напрыклад, для Кірыла гэта быў першы досвед працы ў медыя ў відэафармаце. У нас з’явіліся першыя спробы здымаць кароткія відэа, першы досвед арганізацыі канцэрта. І для мяне асабліва важна, што дзякуючы нашым падкастам мы самі лепш інтэгруемся ў польскае грамадства і дапамагаем інтэгравацца нашым гледачам.
— Якія планы на будучыню?
— Вядома, напалеонаўскія. Даўно хочам запусціць рубрыку пра польскія палітычныя справы ў фармаце true crime. Нам самім гэта цікава, і бачым, што матэрыялу для такіх выпускаў заўсёды будзе дастаткова.
Хочам запрашаць больш людзей, якія могуць дадаць падкасту новай экспертызы. Цяпер якраз абмяркоўваем супрацоўніцтва з некалькімі людзьмі, якія маглі б даваць гледачу якасную і цікавую інфармацыю.

Таксама хочам больш здымаць вертыкальнага кантэнту: гэта папулярны фармат, у якім мы можам працаваць якасна.
Вядома, будзем працягваць сваю місію: расказваць пра польскую палітыку і жыццё беларусаў і беларусак у Польшчы. Будзем па магчымасці прыцягваць больш рэсурсаў, грошай і людзей, каб пашыраць нашу прапанову для гледачоў.
Пачалі супрацоўнічаць з медыяпраектам — падкастам «Злоты Дзік». Цяпер нашы гледачы могуць даведацца больш пра фінансавае жыццё ў Польшчы: куды інвеставаць, як эканоміць, як збіраць на пенсію і гэтак далей. Мы хочам развіваць гэты кірунак.
Да нас з Кірылам ужо на першым годзе падкаста далучылася Таня Дзямчук — і вялікі дзякуй ёй за гэта. Мы ўбачылі, што яна робіць класны падкаст «Праца-ваца», і падумалі, што было б выдатна, калі б яна расказвала ў нас пра працу і жыццё ў Польшчы больш прадметна. Таня пагадзілася і стала важнай часткай праекта.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.